«У нас фобія жывой камунікацыі. А сэкс менш важны, чым для мінулых пакаленняў». Зумеры адказваюць на прэтэнзіі да свайго ладу жыцця
Зумеры — пакаленне, народжанае з сярэдзіны 1990-х да пачатку 2010-х, яно вырасла ў лічбавым свеце. Хлопцы і дзяўчаты актыўна карыстаюцца сацсеткамі, імкнуцца да самавыяўлення і клапоцяцца пра сваё ментальнае здароўе. Іх лічаць прагрэсіўнымі і свядомымі, але называюць залежнымі ад гаджэтаў, няўстойлівымі да крытыкі, пазбягаючымі «дарослага» жыцця і людзьмі, для якіх сэкс не мае вялікага значэння. «Наша Ніва» запыталася ў пакалення Z, што яны думаюць пра стэрэатыпы наконт сябе.
Стэрэатып №1. Адсутнічае адказнасць, не гатовыя працаваць шмат
Глеб Вашкевіч, 22 гады, студэнт і танцор:
«Пра адказнасць я згодны амаль што на 100%. Наша пакаленне не хоча яе браць. Асабліва гэта назіраю па сваіх аднагодках у ЗША. Людзі не хочуць пачынаць стасункі, называюць гэта friends with benefits, situationship (сяброўства з выгадай, перавагамі, сітуацыйныя адносіны. — НН). Але ніхто не хоча мець партнёра ці партнёрку, пра якіх трэба будзе клапаціцца.
Але зусім не пагаджуся з тым, што наша пакаленне не хоча працаваць. Мы апынуліся ў сітуацыі, калі сталі дарослымі пасля пандэміі. Эканамічная сітуацыя ў свеце цяжкая, таму няпроста знайсці працу, асабліва тым, хто з бакалаўрыятам, магістратурай за плячыма».
Ганна, 23 гады, студэнтка:
«Справа не ў саміх зумерах, а ў тым, што ў нашым свеце вельмі шмат нявызначанасці. Мы напужаныя прыкладам нашых бацькоў. Ніхто не хоча 20 гадоў працаваць на адным заводзе, а пасля ў 50 гадоў думаць, у чым сэнс жыцця і пакутаваць ад крызісу сярэдняга ўзросту. Таму гэта не пра адсутнасць адказнасці, а пра экзістэнцыйны крызіс і дэпрэсію, у нас няма матывацыі працаваць па 13 гадзін і дасягаць кар'ернага поспеху.
Я не люблю працаваць шмат. У мяне ёсць адказнасць, але неяк вельмі хутка трачу сэнс таго, што раблю, хочацца збегчы».
Любоў Ланіна, 24 гады, праваабаронца:
«Мая прафесія абавязвае мяне зрабіць прэв'ю, я абавязана змагацца са стэрэатыпамі ў сваёй свядомасці.
А з гэтым тэзісам я не пагаджуся. Лічу сябе вельмі адказным чалавекам, у маім атачэнні такіх шмат: працавітых і таленавітых людзей. Наша пакаленне стоадсоткава клапоціцца пра свой псіхалагічны стан, гэта любяць называць лянотай. Думаю, што гэты стэрэатып звязаны з навыкам зумераў адпачываць і трымаць work life balance (баланс паміж працай і жыццём. — НН)».
Мікіта Бялевіч, 24 гады, блогер:
«Адказнасць — індывідуальная рэч. Я сустракаў як людзей 30+, у якіх былі праблемы з адказнасцю, так і маладых менеджарак, менеджараў, якія спраўляюцца з задачамі выдатна.
Калі ў мяне не гараць дэдлайны, то мой працоўны дзень — 4-6 гадзін. У параўнанні, мабыць, выглядае, што зумеры менш хочуць працаваць. Але думаю, што гэта банальна звязана з клопатам пра сябе, увагай. Ужо не крута хадзіць і казаць «вось гэта я сёння запахаўся, па 12 сутак без адпачынку». Чалавек проста выгарыць, а пасля яго давядзецца замяняць. Лепш спакойна з кайфам кожны дзень рабіць патрошкі».
Карына, 25 гадоў, менеджарка:
«Зумеры лічаць, што ніводзін заробак не варты таго, каб свой асабісты час, які ты можаш праводзіць з блізкімі, траціць на ўтыканне ў тэлефон і адказы па нейкіх працоўных задачах.
Але гэты тэзіс са мной не супадае, мусіць, маю міленіяльскую рысу. На жаль, перапрацоўваю шмат. І вельмі адказна стаўлюся да працы. Калі з ёй нешта не так, то гэта вельмі моцна ўплывае на настрой. Часам адказваю на выходных на паведамленні па працы, але калі толькі гэта мне зручна. Калі ставяць умовы, што я павінна гэта рабіць, то звальняюся.
Плюс зумераў у тым, што яны могуць рэзка змяніць кірунак у жыцці, пайсці на зусім новую для іх працу, чым раней не займаліся. Для міленіялаў гэта нехарактэрна».
Стэрэатып №2. Баяцца жывой камунікацыі, існуюць дома анлайн
Карына, 25 гадоў, менеджарка:
«З гэтым згодная, больш камфортна працаваць з дому. Але ў той жа час я б хацела, каб быў гібрыдны фармат — прыходзіць у офіс, калі ёсць жаданне.
Таксама не люблю тэлефанаваць, асабліва калі некуды трэба дагрукацца. Імкнуся такога максімальна пазбягаць.
Старанна падыходжу да выбару людзей, з якімі я маю зносіны. Я не хачу іх мець з выпадковымі, якіх не ведаю — таму што яны ўплываюць на мой настрой. Цяпер у мяне праца, звязаная з продажамі, і нам часта трэба нешта навязваць. А я па жыцці ўвогуле не люблю гэта рабіць. Вельмі няпроста даецца».
Глеб Вашкевіч, 22 гады, студэнт і танцор:
«Я экстраверт, жывая камунікацыя для мяне вельмі важная. Таму падчас каранавіруса нават меў дэпрэсію.
Але як тэзіс лічу яго правільным, у нас ёсць фобія жывой камунікацыі. Назіраю за сваімі сябрамі — калі ім тэлефаную, яны трошкі крынжуюць.
Для нас камфортней напісаць паведамленне, чым размаўляць па тэлефоне. За сабой таксама такое заўважаю. У краме, напрыклад, хаджу на касу самаабслугоўвання».
Ганна, 23 гады, студэнтка:
«Гэты стэрэатып адлюстроўвае рэальнасць. Часам адчуваю, што мне камфортней сядзець дома і спажываць нейкі медыйны кантэнт. Пра гэтым у мяне няма праблемы стасавацца з нейкімі рэальнымі людзьмі. Калі ёсць патрэба, то іду ў кавярню з сябрамі, знаёмымі. Не адчуваю, што залежная ад анлайн-прасторы, гэта проста яшчэ адна рэальнасць, у якую можна збегчы».
Любоў Ланіна, 24 гады, праваабаронца:
«Не люблю тэлефонныя размовы, не ведаю чаму. Люблю працэсы, у якіх можна пазбегнуць дадатковага кантакту: схадзіць на касу самаабслугоўвання, напісаць ліст, а не званіць. Зумеры так робяць, бо вельмі шмат пытанняў вырашаюцца праз камунікацыю тэкстам. Плюс у пісьмовым выглядзе ёсць магчымасць сто разоў падумаць, скарэктаваць паведамленне чатам GPT, расставіць акцэнты. А голасам гэта нечакана — што сказаў, тое і сказаў.
Пра існаванне анлайн не пагаджуся, бо гэта моцна залежыць ад чалавека. Гэта вельмі змянілася пасля пандэміі, людзі адкрылі магчымасць працаваць дома».
Мікіта Бялевіч, 24 гады, блогер:
«Калі такое існуе, то мне здаецца, што прыйшло за міленіяламі. Эра сядзець дома анлайн больш была папулярная ў 2010-х. А зараз зумеры і зумеркі вельмі шмат робяць нейкі варушняк: ёсць жаданне некуды выбірацца, ствараць мерапрыемствы, хадзіць на майстар-класы, на пікнік на вуліцы. Таму не пагаджуся з гэтым стэрэатыпам, мне больш падабаецца ўжывую камунікаваць, чым перапісвацца ў сеціве».
Стэрэатып №3. Чуллівыя, не гатовыя да крытыкі. Няма самастойнасці, свае дзеянні ўзгадняюць з псіхолагам
Ганна, 23 гады, студэнтка:
«Гэта класна, што зумеры чуллівыя і размаўляюць з псіхолагам, бо ў іх з'яўляецца шанец сапраўды даведацца, як будаваць стасункі з людзьмі. Праблема старэйшага пакалення, што яны гэтага не разумеюць.
Чуллівыя людзі нашмат складаней паддаюцца прапагандзе індывідуалізму. Хутчэй, мы рухаемся ў кірунку фармавання грамадскай супольнасці, у якой не кожны сам за сябе, а стараюцца жыць разам у гэты складаны час».
Любой Ланіна, 24 гады, праваабаронца:
«Чуллівасць — вельмі класная якасць зумераў. Людзі вучацца слухаць сябе, клапаціцца пра сябе, распазнаваць свой дрэнны стан.
Я некалькі гадоў узгадняла свае дзеянні з псіхолагам. Толькі зараз адчуваю, што магу сама патрошкі штосьці рабіць. Але гэта жыза (жыццёва. — НН). Вельмі хочацца, каб твой тэрапеўт ці тэрапеўтка падзялілі з табой адказнасць за нейкае рашэнне. А яны ўсё роўна не могуць гэтага рабіць, сам прымаеш».
Мікіта Бялевіч, 24 гады, блогер:
«У зумераў няма сораму за свае эмоцыі. Яны не баяцца праяўляць эмоцыі, пачуцці, выстаўляць свае межы. Ёсць зумеры, гатовыя да крытыкі, проста часта людзі крытыкай называюць абразу ў твар. Нармальная крытыка — не таксічная.
Як па мне, то ўзгадняць дзеянні з псіхолагам, — гэта цалкам акей, калі сам ці сама не ведаеш, як паступіць».
Карына, 25 гадоў, менеджарка:
«Мне здаецца, зумераў вельмі цяжка закрануць, міленіялы нашмат больш адчувальныя. Я вельмі шмат бачу тыктокаў, дзе людзі гэтага ўзросту расказваюць «рабіце як мага менш на працы, жывіце сваё жыццё, атрымлівайце грошы, не зважай, калі кажуць, што нешта там не атрымалася, як звольняць, дык знойдзеш іншую працу».
Пра псіхолагаў не згодная. У зумераў, мне здаецца, пакуль што не так шмат грошай, каб глыбока быць у псіхатэрапіі і звязвацца з ім па кожным кроку».
Глеб Вашкевіч, 22 гады, студэнт і танцор:
«Здаецца, кожны другі мой сябар сустракаецца з псіхолагам. Але я б не сказаў, што тут ёсць нейкая праблема. Для нашага пакалення хадзіць да псіхолага не дзіўна. Раней гэта было тыпу сорамна. Мы проста клапоцімся пра сваё ментальнае здароўе, гэта суперклёва, што людзі не баяцца больш сваіх праблем.
Што датычыцца крытыкі, такое ёсць, у тым ліку ў мяне. Я не люблю, калі крытыкуюць. Але я заўсёды падзяляю. Ёсць, напрыклад, крытыка ад майго харэографа, яе ўспрымаю як штосьці добрае, бо ён хоча зрабіць для мяне лепш, клапоціцца. А ёсць крытыка ад грамадства. Напрыклад, калі пра мяне ў інтэрнэце выйшаў артыкул, у каментах пісалі рознае, вось на такое ўсё роўна, не ўспрымаю яе».
Стэрэатып №4. Рэдка займаюцца сэксам, стасункі для іх не прыярытэт
Глеб Вашкевіч, 22 гады, студэнт і танцор:
«Заўважаю, што ў маіх сяброў мала сэксуальнай энергіі. Гэта звязана з наяўнасцю шмат порна ў інтэрнэце, ёсць розныя сэкс-цацкі. Думаю, што гэта галоўныя фактары.
У нашага пакалення ёсць запатрабаванасць на OnlyFans. Зумеры заводзяць там старонкі, бо гэта спосаб зарабіць грошы пры ўсіх эканамічных праблемах.
У мяне няшмат сэксуальнага вопыту, адзін партнёр на месяц прыкладна. Няма такога, што трэба сустракацца нейкі час. Для мяне галоўнае — паразмаўляць з чалавекам. Бо калі я перасплю з чалавекам, а пасля даведаюся, што ён лукашыст, — званітуе потым.
Я адношу сябе да ЛГБТ-кам'юніці, і, канечне, сэксуальная тэма ў нас больш развітая. Заўважаю па знаёмых-геях, што для іх сэкс — гэта ўжо як ежа. Сустрэліся, пераспалі, разышліся. То-бок зумеры займаюцца сэксам, але тое, што гэта ўжо менш важна, чым для мінулых пакаленняў, — факт».
Карына, 25 гадоў, менеджарка:
«Чула пра такі стэрэатып, але са мной гэта ніяк не злучаецца. Мне сэкс важны і патрэбны, але, канечне, не так, каб з-за гэтага будаваць адносіны. У мяне шмат сяброў гэтага ўзросту нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі. Ёсць пара хлопчыкаў, якія жывуць разам, у адносінах, але не займаюцца сэксам. Да іх, мабыць, гэты тэзіс падыходзіць».
Любоў Ланіна, 24 гады, праваабаронца:
«У мяне шмат знаёмых у стасунках, не ўлоўлівала трэнд пра тое, што гэта нецікава. Наадварот, хачу здаровыя стасункі і будаваць іх, ісці ў тэрапію, разыходзіцца спакойна. Будаваць стасункі стала трэндам. Магчыма, праз тое, што зумеры больш чуллівыя, яны адказна ставяцца да выбару партнёра ці партнёркі».
Мікіта Бялевіч, 24 гады, тыктокер:
«Ёсць адчуванне, што рэч не ў колькасці, а ў якасці. Мы сталі больш казаць пра тое, хто як любіць, што адчувае, што важна. І сэкс стаў не чымсьці кшталту абавязку — калі няважна, як вы сябе адчуваеце (асабліва тычыцца стану жанчыны), — а кантактам, які прыносіць максімальнае задавальненнем усім. Можа быць, яго стала менш, але ён больш якасны.
Ад людзей майго ўзросту чую, што яны ў будучыні хочуць завесці сям'ю, дзяцей, сабаку, прыватны дом. Для зумераў сям'я, як мне здаецца, вялікая каштоўнасць. Можа быць, гэта імкненне кампенсаваць недахопы з дзяцінства. Яно прыйшлося на пачатак «нулявых», калі бацькі сыходзілі з сямей, грошай не было, дамы маленькія, кайфу мала. І нам, магчыма, хочацца гэта выправіць».
Ганна, 23 гады, студэнтка:
«Назіраю адваротнае. Можа быць, гэта тычыцца зумераў з Захаду. Мае знаёмыя з Беларусі амаль усе ў стасунках.
Адметнасць зумераў, мне здаецца, у тым, што ім не трэба стасункі, каб вырашыць нейкае эканамічнае пытанне. Стасункі патрэбныя, каб даследаваць сябе, любіць, дзеля ўсіх гэтых высокіх мэтаў».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары