Дарадца Трампа: Гарантыі бяспекі для Украіны павінна ўзяць на сябе Еўропа
Трамп збіраецца пакласці канец вайне, а далей справа за еўрапейцамі, заявіў Майк Уолц.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/stock/latvia_ukraine-t620l.jpg.webp)
Дарадца прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па пытаннях нацбяспекі Майк Уолц заявіў, што гарантыі бяспекі для Украіны пасля вайны павінна ўзяць на сябе Еўропа.
«Ключавы прынцып тут, што еўрапейцы павінны ўзяць на сябе гэты канфлікт. Прэзідэнт Трамп збіраецца пакласці яму канец, а далей з пункту гледжання гарантый бяспекі, ён дакладна будзе за еўрапейцамі», — сказаў Уолц у інтэрв'ю тэлеканалу NBC News.
Уолц сказаў, што на наступным тыдні пытанне вайны будзе абмяркоўваць амерыканскае кіраўніцтва ў Еўропе.
«На наступным тыдні ў Еўропе мы будзем мець нашага дзяржсакратара, кіраўніка Пентагона, віцэ-прэзідэнта, спецпасланніка па Расіі і Украіне, якія будуць падрабязна казаць пра тое, як скончыць гэтую вайну».
Уолц дадаў таксама, што Штатам трэба акупіць выдаткі на ваенную дапамогу Украіне праз партнёрства з украінцамі па іх рэдказямельных металах і іншых прыродных рэсурсах.
Каментары