Брытанскі блогер, які заплаціў, каб з’ехаць з Беларусі, вярнуўся ў Мінск
Рагачоўская згушчонка ўсё вабіць і вабіць брытанца Уіла Эгертана ў Беларусь.
Блогер з Вялікабрытаніі не пакідае спроб асесці ў Мінску. Раней ён хадзіў да міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова з просьбай дапамагчы з дакументамі, а таксама ладзіў у тыктоку флэшмоб «Дайце хлопцу ДНЖ».
Але ж нягледзячы на тое, што прапагандысты не раз бралі інтэрв’ю ва ўлюбёнага ў Беларусь брытанца, глабальна вырашыць пытанне яму не дапамаглі. У снежні 2024 года Уіл быў вымушаны выехаць з краіны.
Перад ад'ездам у Лондан Уіл жартаваў:
— Прыехалі, каланізавалі тое, што здолелі — і цяпер радзіма кліча. Але душа мая ўжо належыць Беларусі.
Ён зняў кранальнае развітальнае відэа, якое набрала больш за паўмільёна праглядаў. Беларусы тады пісалі Уілу, што ён — «наш хлопец» і прасілі хутчэй вяртацца.
Але ж з’ехаць на радзіму ў брытанца не атрымалася без прыгод. У першы раз беларускія памежнікі не выпусцілі Уіла з краіны і сказалі вяртацца ў Мінск, каб зрабіць выязную візу — ён сапраўды паехаў аўтастопам у сталіцу і аплаціў яе.
З другой спробы Эгертан трапіў у Літву, а адтуль ужо паляцеў у Вялікабрытанію. Святкаваў там Раство з бацькамі ды карміў іх згушчонкай. Але, здаецца, Беларусь усё ж пакінула дзірку ў яго сэрцы.
Некалькі дзён таму Уіл нарэшце апублікаваў відэа з беларускай сталіцы і паведаміў пра сваё вяртанне. Ён запэўнівае, што Мінск дае яму энергію.
— Я так сумаваў па гэтым — проста дастаць камеру і пачаць балбатаць, гаварыць поўнае бязглуздае глупства.
Цяпер «зялёны чалавечак» (як і раней, Уіл апранаецца ва ўсё салатавага колеру — ад шкарпэтак да вятроўкі) атрымлівае асалоду ад шпацыру па вуліцах Мінска. Ладзіць новы чэлендж — 24 гадзіны частуецца вулічнай ежай. Кажа, што сумаваў па мясцовых прысмаках і хутка страціць прытомнасць, калі не паесць іх.
Здаецца, мінчукі таксама сумавалі па ім — раварыст, які выпадкова трапіў у кадр, радасна павітаўся з брытанцам.
Насамрэч, на Уіла складана не звярнуць увагу. Бо нават пры мінусавой тэмпературы ён ходзіць у сваіх знакамітых шортах і сядзіць у іх проста на асфальце. Калі блогер так прымасціўся, каб паесці свае любімыя пончыкі, да яго падбеглі абдымацца школьніцы. Яны шчасліва паведамілі, што бягуць з урокаў на заняткі англійскай мовы. Але паскардзіліся, што Уіл прывёз у Беларусь зіму, бо да яго вяртання была амаль што сапраўдная вясна.
«Мама мія! Гэта не дом, гэта дровы». Італьянец купляе бюджэтныя хаты ў беларускай глушы
«Пакаштаваў беларускі рамэн — макарона ў мачы». Японец у Мінску вядзе дзіўны тыкток
Звычка разувацца, традыцыя хадзіць у госці з ласункамі — што яшчэ здзіўляе дзяўчыну з Венесуэлы, якая жыве ў Беларусі?
Ірландзец тэсціруе беларускія сталоўкі. Вось якой з іх прапаноўвае даць мішленаўскую зорку
Каментары