Грамадства11

Два гады няма вестак ад палітвязняў Міколы Статкевіча і Максіма Знака

З 9 лютага 2023 году палітзняволеных Мікалая Статкевіча і Максіма Знака ўтрымліваюць без сувязі з роднымі і вонкавым светам — у так званым рэжыме інкамунікада, піша «Свабода». 

Максім Знак (зьлева) і Мікалай Статкевіч

Палітзьняволенага старшыню зьліквідаванай уладамі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» Мікалая Статкевіча затрымалі 31 траўня 2020 году ў Менску па дарозе на Камароўскі рынак, дзе ён зьбіраўся наведаць перадвыбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай. Два разы запар яго арыштоўвалі на 15 дзён, але і пасьля на волю ён ня выйшаў.

У канцы чэрвеня 2020 году Статкевіча перавялі ў СІЗА і выставілі абвінавачаньні паводле крымінальнага артыкулу 342 («Арганізацыя ці ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»), потым дадалі 293-ы артыкул («Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»). 14 сьнежня 2021 году на закрытым працэсе судзьдзя Мікалай Доля вынес Статкевічу прысуд: 14 гадоў зьняволеньня ў калёніі асаблівага рэжыму. Статкевіч у залі суду гучна выкрыкнуў: «Жыве Беларусь!»

20 чэрвеня 2022 году Статкевіча перавялі з Гомельскага СІЗА № 3 у папраўчую калёнію № 13 у Глыбокім, якая лічыцца адной з самых суровых у краіне. Адміністрацыя калёніі паставіла яго на ўлік як «схільнага да экстрэмізму», у жніўні зьмясьціла на паўгода ў адзіночную камэру, у верасьні — у штрафны ізалятар. Агулам з ліпеня 2022 году Статкевіч у калёніі атрымаў дзясяткі спагнаньняў.

З лютага 2023 году Статкевіча ўтрымліваюць бяз сувязі з роднымі і зьнешнім сьветам. Паводле крыніц, яго па чарзе трымаюць то ў адзіночнай камэры ПКТ, то ў камэры штрафнога ізалятару, а таксама пазбавілі права на званкі і адзінай на год перадачы і спатканьня.

30 студзеня стала вядома, што Мікалая Статкевіча вылучылі на Нобэлеўскую прэмію міру.

Палітвязень, кандыдат тэхнічных навук, падпалкоўнік Мікалай Статкевіч яшчэ да 2020 году правёў у турме і на «хіміі» амаль 8 гадоў — гэта своеасаблівы рэкорд у палітычных прысудах.

З канца 1990-х ён як старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) быў арганізатарам шматлікіх акцый пратэсту, за што меў дзясяткі адміністрацыйных арыштаў.

У 2005 годзе яго асудзілі на 3 гады абмежаваньня волі за арганізацыю вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму.

У 2010 годзе стаў кандыдатам у прэзыдэнты на выбарах 2010 году. У дзень выбараў 19 сьнежня яго разам зь іншымі кандыдатамі затрымалі адразу пасьля Плошчы і пазьней асудзілі на 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакараньне ў самых суровых месцах зьняволеньня — у Шклоўскай калёніі і Магілёўскай крытай турме. Вызвалены 22 жніўня 2015 году праз памілаваньне, хаця сам прашэньня не пісаў.

З таго часу Статкевіча шмат разоў «выкрадалі», прэвэнтыўна затрымлівалі перад усімі сьвятамі і масавымі акцыямі і саджалі на «суткі».

Юрыст Максім Знак таксама знаходзіцца ў рэжыме інкамунікада зь 9 лютага 2023 году.

Максім Знак — адвакат, быў прадстаўніком штабу экс-банкіра Віктара Бабарыкі, які прэтэндаваў на пасаду прэзыдэнта, а таксама сябрам першага складу Каардынацыйнай рады па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу ў Беларусі і яе прэзыдыюму. Быў затрыманы 9 верасьня 2020 году.

6 верасьня 2021 году Максіма Знака асудзілі на 10 гадоў пазбаўленьня волі паводле арт. 361 («Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы»), арт. 357 («Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам), арт. 361-1 («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім») Крымінальнага кодэксу. Яго судзілі разам з Марыяй Калесьнікавай у Менскім абласным судзе, прысуд вынес судзьдзя Сяргей Епіхаў.

21 траўня 2022 году працоўная група па адвольных затрыманьнях ААН накіравала беларускім уладам апавяшчэньне аб прызнаньні неправамерным пазбаўленьне волі Знака.

Максім Знак адбывае пакараньне ў віцебскай калёніі № 3 (Віцьба). Вядома, што адміністрацыя віцебскай калёніі некалькі разоў зьмяшчала яго ў штрафны ізалятар і ПКТ. Паводле інфармацыі, атрыманай у красавіку 2023 году, палітвязень зь лютага амаль не выходзіць з ШЫЗА.

24 траўня 2022 году КДБ унёс яго ў сьпіс асобаў, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці».

У зьняволеньні Максім Знак напісаў ужо тры кнігі. Пераклад яго кнігі «Зэкамэрон» на ангельскую трапіў у лік 15 кніг, уганараваных прэміяй Ангельскага ПЭНу PEN Translates за найлепшы пераклад году.

Па стане на 9 лютага, у Беларусі сама меней 1229 палітвязьняў, прызнаных такімі праваабарончай супольнасьцю. Рэальная колькасьць зьняволеных паводле палітычных матываў можа быць большай. Праваабаронцам вядома пра шэраг палітвязьняў, якіх ўтрымліваюць ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў у рэжыме інкамунікада — то-бок безь якой-небудзь сувязі зь сям'ёй і зьнешнім сьветам.

Так, акрамя Максіма Знака і Мікалая Статкевіча, у рэжыме інкамунікада знаходзяцца Ігар Лосік (з 20 лютага 2023 году), Сяргей Ціханоўскі (з 9 сакавіка 2023 году), Уладзімер Кніга (з 5 верасьня 2023 году), Мікалай Банькоў (са сьнежня 2023 году), Андрэй Навіцкі (з красавіка 2024 году), Аляксандар Арановіч (з 6 чэрвеня 2024 году), Аляксандар Францкевіч (з кастрычніка 2024 году). У сям'і Дзяніса Сальмановіча на працягу двух месяцаў няма сувязі з палітвязьнем і інфармацыі пра яго стан і месцазнаходжаньне.

Таксама ў рэжыме інкамунікада доўгі час знаходзіліся Марыя Калесьнікава (15 лютага 2023 году, але ў лістападзе 2024 году ёй далі сустрэцца з бацькам)і Віктар Бабарыка (з 26 красавіка 2023 году, але 8 студзень 2025 году яму далі магчымасьць запісаць відэазварот да родных).

Каментары1

  • Забыты кандыдат
    09.02.2025
    Пра кандыдата ў прэзідэнты юрыста Паўла Спірына не тое што звестак няма, але няма нават згадак яго прозвішча ў незалежных смі.

Шарэнда-Панасюк: Патрэбная жорсткая эканамічная блакада рэжыму Лукашэнкі. Толькі ціск і санкцыі38

Шарэнда-Панасюк: Патрэбная жорсткая эканамічная блакада рэжыму Лукашэнкі. Толькі ціск і санкцыі

Усе навіны →
Усе навіны

10 мастоў плануюць адрамантаваць у Мінску ў гэтым годзе1

Пераможца Фактар.by Віталь Багданаў шчыра расказаў пра сваю гульнявую залежнасць і самы вялікі пройгрыш1

Макрон паабяцаў зрабіць Францыю сталіцай еўрапейскага штучнага інтэлекту. З дапамогай дыпфэйку з сабой у галоўнай ролі ВІДЭА2

Генетыкі перанеслі прарадзіму індаеўрапейцаў ва Украіну19

Ціманоўская пра мужа ў Беларусі: Не, я не буду сябе вінаваціць, калі яго пасадзяць40

Дарадца Трампа: Гарантыі бяспекі для Украіны павінна ўзяць на сябе Еўропа24

Прэм'ер Літвы паказаўся ў адных плаўках і ўразіў сваёй фізічнай формай13

П'яны кіроўца ўцякаў з месца ДТЗ — міліцыя стала страляць па машыне1

«Муж плаціць мне заробак жонкі — цяпер гэта 600 рублёў»19

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Шарэнда-Панасюк: Патрэбная жорсткая эканамічная блакада рэжыму Лукашэнкі. Толькі ціск і санкцыі38

Шарэнда-Панасюк: Патрэбная жорсткая эканамічная блакада рэжыму Лукашэнкі. Толькі ціск і санкцыі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць