Танкер са 130 000 тон мазуту тоне ў порце ў Ленінградскай вобласці. Са слоў крыніц «Базы», у машынным аддзяленні танкера адбылося некалькі выбухаў, пасля чаго судна пачало напаўняцца вадой.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2025_02/-2h0bp.jpg.webp)
У ноч на 9 лютага танкер «Koala» (ён ходзіць пад сцягам Антыгуа і Барбуды) знаходзіўся ля трэцяга прычала ў марскім порце Усць-Луг. На борце танкера быў экіпаж з 24 чалавек.
Бліжэй да дзвюх гадзін ночы на борце танкера было пагружана каля 130 000 тон мазуту. Судна ўжо рыхтавалася да адплыцця, калі ў машынным аддзяленні прагрымелі выбухі. Экіпажу ўдалося выбрацца на бераг, аднак машыннае аддзяленне судна пачало тапіць вадой.
Бліжэй да 5 раніцы стала зразумела, што судна кармой села на мель. Паводле папярэдніх звестак, уцечкі нафтапрадуктаў у ваду не адбылося. У выніку здарэння ніхто не пацярпеў.
Паводле губернатара вобласці, раніцай на танкеры адбыўся «тэхнагенны інцыдэнт падчас запуску рухавіка, у выніку якога пашкоджана машыннае аддзяленне». Пагроза разліву нафтапрадуктаў адсутнічае, экіпаж эвакуіраваны, пацярпелых няма, сцвярджае губернатар Аляксандр Драздзенка.
Таксама сёння было паведамленне, што каля берагоў Сахаліна села на мель грузавое судна з мазутам, у рэгіёне ўведзены рэжым павышанай гатоўнасці.
Каментары