У які дзень у 2020-м маглі здарыцца перамены? Польскі дыпламат выдаў кнігу аб працы ў Беларусі і даў адказ на гэта пытанне
Былы польскі дыпламат Марцін Вайцяхоўскі напісаў, у які дзень у 2020-м у беларусаў былі шансы на перамены, расказаў пра драматычную сустрэчу з Пачобутам за кратамі і назваў чыноўніка, які «поўная супрацьлегласць» Лукашэнку.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2025_02/wojciechowski4-sk7nh.jpg.webp)
У мінулым журналіст і прэс-сакратар МЗС Польшчы Марцін Вайцяхоўскі восем гадоў адпрацаваў у польскай амбасадзе ў Мінску. У 2020-м, калі амбасадар Артур Міхальскі мусіў выехаць на патрабаванне беларускага боку, ён стаў часовым павераным, але па сутнасці — кіраўніком пасольства. Нядаўна Вайцяхоўскі выдаў кнігу «Еўрапейскі выбар Беларусі. Страчаны шанец?» пра сваю дыпламатычную працу ў нашай краіне з 2016-га да канца 2023 года — перыяд ад досыць карэктных адносін паміж Беларуссю і Захадам да іх разбурэння.
У кніжцы аўтар згадвае цікавыя выпадкі са сваёй дыпламатычнай працы, спрабуе зразумець беларусаў і адказаць на галоўнае пытанне: ці страчаная для нас еўрапейская будучыня?
Пераказваем самыя цікавыя моманты.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_02/ksiazki_okadki_strona2-9v1ks.jpg.webp)
Першыя ўражанні ад Беларусі
Сваю кнігу Вайцяхоўскі пачынае прызнаннем, што да пачатку працы ў Беларусі наша краіна, у адрозненне ад Расіі і Украіны, дзе ён паспеў папрацаваць у якасці журналіста, для яго была «нібы чужая планета». І калі 20 гадоў таму ўкраінскі журналіст Віталь Портнікаў сцвярджаў у размове з ім, што Беларусь — найбольш еўрапейская краіна былога СССР, бо еўрапейскасць — у ДНК народа, глядзеў на таго з непаразуменнем.
«Для мяне гэта гучала амаль неймаверна, бо было вельмі далёкім ад стэрэатыпа пра Беларусь як апошнюю дыктатуру ў Еўропе, савецкі скансэн, вялікі калгас, расійскую калонію».
Пасля васьмі гадоў працы ў Беларусі Вайцяхоўскі пабачыў, што ўкраінскі журналіст меў рацыю, але сказанае ім аказалася толькі адным бокам медаля, бо насамрэч Беларусь — куды больш складаная.
«Я ехаў па праспекце Дзяржынскага, разважаючы пра тое, як гэта магчыма, што такога тырана, злачынца і дэгенерата [як Дзяржынскі] тут усё яшчэ шануюць, а з другога боку я быў дадаткова здзіўлены, як Мінск сустрэў мяне сучаснасцю. Гэты кантраст уласцівы Беларусі. Старое змешваецца з новым. Савецкасць пераплятаецца з сучаснасцю і наадварот. Маё здзіўленне і падваенне асобы пазней падзяляў шмат хто», — адзначае аўтар.
Найбольшае ўражанне пры знаёмстве з Беларуссю на паляка зрабілі нашы паміраючыя вёскі.
«Некалі тыпова вясковая краіна, што складалася з тысяч гарадоў, вёсак і маляўнічых фермаў, ператварылася ў месца з буйнымі калектыўнымі гаспадаркамі, а людзі перасяліліся ў аграгарадкі. Гэта пачалося яшчэ ў СССР, але цяперашні ўрад працягвае гэты працэс і ганарыцца ім. Яны тлумачаць гэта тым, што людзям так лягчэй жывецца, але кантроль над людзьмі таксама тут важны аргумент».
Самі беларусы падаліся Вайцяхоўскаму досыць недаверлівымі і замкнёнымі, хоць і прыязнымі: «Яны рэдка адкрываюцца з першай, другой ці нават трэцяй спробы. Часам даводзіцца пазнаваць іх гадамі. Але як толькі вам пачнуць давяраць, вы да канца жыцця будзеце для іх як член сям’і».
Як польскія кампаніі хацелі інвеставаць у Беларусь і чаму нічога не выйшла
Вайцяхоўскі пачаў працаваць у Беларусі акурат у перыяд пацяплення адносін з Захадам. Улады выпусцілі палітвязняў, кінутых у турмы пасля выбараў 2010-га, за што былі ўрэшце знятыя санкцыі. На збліжэнне з Захадам паўплывалі і падзеі 2014 года з анексіяй Крыма — Беларусь тады ўключылася ў канфлікт у ролі медыятара. З абодвух бакоў было жаданне палепшыць узаемадзеянне, але ў кожнага былі розныя чаканні ад супрацоўніцтва.
«Мінск не хацеў змяняць сваю палітычную сістэму і разлічваў галоўным чынам на заходнюю эканамічную дапамогу і павелічэнне эканамічных узнагарод за дыстанцыяванне ад Расіі і адмову ад маштабных рэпрэсій. Захад, у тым ліку Польшча, чакалі рынкавай і палітычнай трансфармацыі ў Беларусі, а таксама вырашэння такіх пытанняў, як, напрыклад, адмена смяротнага пакарання ці рэгістрацыя Саюза палякаў», — заўважае Вайцяхоўскі.
Праўда, досыць хутка перыяд вялікіх надзей змяніўся досыць балючай праверкай іх рэальнасцю.
Так, падкрэслівае аўтар кніжкі, у Мінска быў шанец цалкам вярнуцца ў Раду Еўропы ў абмен на пазітыўны крок у пытанні смяротнага пакарання, аднак Лукашэнка не быў у гэтым зацікаўлены.
Што тычыцца эканамічнага супрацоўніцтва, то ў Польшчы тут былі сапраўды вялікія надзеі. Ды і нямала іншых краін і канкрэтных кампаній хацелі інвеставаць у Беларусь.
«Восенню 2016 года ў Мінску адбылося пасяджэнне Міжурадавай польска-беларускай эканамічнай камісіі пад сустаршыньствам віцэ-прэм'ераў Матэвуша Маравецкага і Міхаіла Русага, а таксама буйны двухбаковы эканамічны форум, у якім узялі ўдзел больш за 600 чалавек, — згадвае аўтар кніжкі. — У форуме бралі ўдзел прадстаўнікі больш за 200 кампаній з Польшчы, у тым ліку некалькі вялікіх, стратэгічных. Гаспадары заявілі, што адкрытыя для польскіх інвестыцый і дзелавой супрацы. Пасля форуму буйныя польскія кампаніі паспрабавалі вывучыць магчымасці супрацы і ператварыць іх у пэўныя бізнэс-вынікі, але хутка ўпёрліся ў сцяну. Хоць Мінск і высылаў пазітыўныя сігналы, там у рэальнасці асцерагаліся такой супрацы, і большасць кантактаў не прынесла ніякіх вынікаў.
Буйны вытворца аўтобусаў быў зацікаўлены ў пераносе вытворчай лініі аўтобусаў пятага пакалення на Мінскі аўтамабільны завод і іх супольнай вытворчасці для рынкаў постсавецкай прасторы і Азіі. Вядомы польскі вытворца бытавой тэхнікі гатовы быў перанесці свае заводы з Кітая ў Мінск для вытворчасці халадзільнікаў і пральных машын для рынкаў Расіі і Казахстана. Вытворцы ўгнаенняў, а таксама страхавая, банкаўская і фармацэўтычная галіны былі зацікаўлены ў інвестыцыях у Беларусь. Але з гэтага нічога не выйшла.
Калі перамовы ўваходзілі ў фінальную фазу, польскія фундатары звычайна чулі: мы не будзем уступаць з вамі ў партнёрства, таму што баімся, што вашы тэхналогіі заменяць нашы, і нам давядзецца звальняць супрацоўнікаў.
Мы не прадамо вам вялікага банка, таму што тады рускія тут жа захочуць скупіць іншыя банкі. Мы не прадамо вам нашай найбуйной страхавой кампаніі, таму што не хочам губляць кантроль над рынкам. Мы не будзем уступаць у супольны бізнэс па вытворчасці ўгнаенняў, таму што Расія адключыць нам танны газ, без якога вытворчасць у гэтай галіне стане нерэнтабельнай.
Менеджары польскіх кампаній, асабліва найбуйнейшых, былі шакаваныя і з'ехалі з Беларусі, паціснуўшы плячыма: мы вам не патрэбныя, вы баіцеся рызыкі і канкурэнцыі, таму мы будзем шукаць іншыя рынкі, якія нас захочуць.
Толькі пазней я зразумеў, што мэтай беларускай эканамічнай сістэмы з'яўляецца не эфектыўнасць, прыбытак ці ўзмацненне канкурэнцыі, а забеспячэнне сацыяльнай стабільнасці».
«Мясніковіч быў поўнай супрацьлегласцю Лукашэнкі»
Асобны раздзел Вайцяхоўскі прысвячае ролі Міхаіла Мясніковіча, якому ў час яго дыпмісіі даверылі займацца кантактамі з Польшчай. Аўтар кніжкі адзначае, што, дзякуючы яму, атрымалася прасунуцца, напрыклад, па пытанні Курапатаў.
«Мясніковіч быў поўнай супрацьлегласцю Лукашэнкі па характары. Хоць ён і не хаваў, што з'яўляецца савецкім чалавекам, які вырас у партыйным апараце, у яго не было гэткіх вялікіх антызаходніх забабонаў і фобій, як у Лукашэнкі.
Ён разумеў, што заходні кампанент у гісторыі Беларусі няўхільна злучаны з Польшчай і каталіцызмам, і гэта можа стаць для краіны магчымасцю. Менавіта ён выступіў з ініцыятывай запрасіць маршалка Сената Станіслава Карчэўскага ў Мінск. Мясніковіч прапанаваў, каб у час візіту Карчэўскага абедзве палаты беларускага парламента ратыфікавалі двухбаковае пагадненне пра супрацу ў галіне адукацыі, у чым была зацікаўленая Варшава.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/stock/miasnikovich1-3cnvb.jpg.webp)
Афіцыйныя перамовы былі няпростымі. Беларусы часта выказвалі прэтэнзіі да Польшчы, у тым ліку вінавацілі яе ў паланізацыі і акаталічванні на працягу стагоддзяў, але ў цэлым былі гатовыя падымаць нават самыя складаныя тэмы, уключаючы Курапаты.
Карчэўскі прыклаў нямала высілкаў, каб пераканаць Мясніковіча падчас асабістай размовы, што пытанне польскіх афіцэраў у Курапатах было не проста польскай дакучлівай ідэяй, а часткай нашай культуры памяці, спробай вызначыць лёс і ўшанаваць памяць усіх тых, хто загінуў за краіну. Апроч таго, Карчэўскі прывёў вельмі дарэчны аргумент пра тое, што ўшанаванне памяці Курапацкай справы і сталінскіх рэпрэсій у цэлым адпавядае інтарэсам беларускай дзяржавы, бо на працягу шмат якіх гадоў гэта было прадметам спрэчкі паміж Лукашэнкам і апазіцыяй. Калі гэтае пытанне закрыецца, то і прадмет спрэчкі знікае».
Пасля той размовы, згадвае тыя падзеі Вайцяхоўскі, Мясніковіч пагадзіўся заняцца пытаннем Курапатаў — неўзабаве па тэме быў арганізаваны круглы стол з удзелам кіраўніка дзяржаўнай архіўнай службы, намесніка старшыні КДБ і гісторыкаў. Але па выніку беларускі бок заявіў, што няма ніякіх доказаў, якія пацвярджаюць, што там могуць быць пахаваныя польскія афіцэры з беларускага катынскага спісу. Пры гэтым не адмаўляў, што ў Курапатах былі пахаваныя грамадзяне Польшчы і грамадзяне СССР польскай нацыянальнасці, якія загінулі ў выніку сталінскіх рэпрэсій у 1937—1941 гадах. Так ці інакш, Вайцяхоўскі лічыць, што ў тых умовах, у такім адчувальным пытанні Мясніковіч змог сапраўды зрабіць вялікую справу.
«Лукашэнка — цёплы чалавек»
Згадвае аўтар мем таго часу, які нарадзіўся ў выніку інтэрв’ю Карчэўскага польскаму СМІ па вяртанні з Мінска. На пытанне журналіста, якім ёсць Лукашэнка, ён адказаў, што ён «цёплы чалавек». Тады гэта моцна высмейвала апазіцыя. Аказалася, дарэчы, што нібыта Станіслаў Карчэўскі на аўтамаце выдаў азначэнне, падслуханае напярэдадні ў Марыяны Шчоткінай.
«Перад узлётам яна запрасіла яго на каньяк у VIP-залу, і ён ветліва пацікавіўся, які Лукашэнка чалавек. Шчоткіна доўга думала і нарэшце сказала: «Ён цёплы чалавек», — і не стала далей развіваць гэтую тэму, што цалкам вытлумачальна, бо VIP-зала ў мінскім аэрапорце, хутчэй за ўсё, праслухоўвалася. Карчэўскі, мабыць, запомніў гэтую фразу і аўтаматычна скарыстаўся на наступную раніцу, даючы інтэрв'ю», — тлумачыць былы дыпламат.
Погляд на 2020 год
Марцін Вайцяхоўскі піша, што, нягледзячы на ўсе папярэднія чырвоныя сцяжкі напярэдадні выбараў-2020, Захад спрабаваў паўплываць на ўлады ў Мінску, каб не дапусціць чагосьці, што няўхільна прывяло б да канчатковага сапсавання адносін.
«Пра гэта тагачасны кіраўнік польскага МЗС Яцэк Чапутовіч размаўляў па тэлефоне са сваім беларускім калегам за тры дні да выбараў. І пачуў запэўніванне, што ўлады зробяць усё, каб не дапусціць абвастрэння сітуацыі».
Але выйшла тое, пераказ чаго беларусам непатрэбны, бо яны былі сведкамі тых падзей нажыва — затрыманні кандыдатаў у прэзідэнты, брутальны разгон дэманстрацый, Акрэсціна, рэпрэсіі, палітвязні.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/stock/lukashenka_5103-tn7c4.jpg.webp)
Пры гэтым на Захадзе лічылі, што шанец на перамены ў Беларусі калі і быў, то 17 жніўня 2020 года, на наступны дзень пасля грандыёзнай дэманстрацыі ў нядзелю 16-га, калі на вуліцы выйшла паўмільёна людзей.
«Інфармацыя пра паўмільённую дэманстрацыю ў Мінску зрабіла ўражанне на ўсіх, — успамінае Вайцяхоўскі. — Некаторым амбасадарам пачалі наўпрост тэлефанаваць прэм’еры ці міністры, каб даведацца, якая сітуацыя на месцы і якія шанцы апазіцыі на перамогу. Амбасадару Чэхіі патэлефанаваў па адкрытай лініі тагачасны прэм’ер Андрэй Бабіш.
— Чым скончылася гэтая сустрэча на заводзе? — спытаў ён.
— Лукашэнка паехаў, — адказаў амбасадар.
— Ну то ўсё, справа закрытая. Нічога з гэтага не будзе. Рабочыя маглі яго схапіць і арыштаваць. А цяпер ужо запозна, — заявіў Бабіш.
Гэта было сказана рэзка і зусім не дыпламатычна, але вельмі трапна», — падсумоўвае Вайцяхоўскі.
За мяжою меркавалі, што рабочыя МЗКЦ маглі б Лукашэнку не проста асвістаць, а арыштаваць як узурпатара ўлады і тырана. Беларусы на той момант мыслілі зусім інакш. Не думаю, што такая думка хоць у некага з рабочых з'явілася.
Марцін дадае, што заходнія дыпламаты і далей спрабавалі пераканаць улады «па ўсіх даступных каналах, каб дамагчыся кампрамісу з апазіцыяй», аднак рэакцыі не было:
«Дыпламаты маглі пратэставаць, рабіць заявы і ў крайнім выпадку спрабаваць карыстацца знакамі, напрыклад, ускладаць кветкі да месца забойства першай ахвяры пратэстаў — Аляксандра Тарайкоўскага. Грамадскасць гэта ўспрымала з энтузіязмам, улады — вельмі негатыўна. Пэўная нязгода ў падыходзе да Беларусі назіралася і ў дыпламатычным корпусе ў Мінску», — прызнае Вайцяхоўскі.
Нават за такую падтрымку пратэстоўцаў дыпламаты неўзабаве самі трапілі ў няласку.
«На некалькіх фотаздымках з Гродна пабачылі, як людзі ў час дэманстрацыі нясуць польскія бела-чырвоныя сцягі разам з бел-чырвона-белымі. Для ўлад гэта было як чырвоная ануча для быка. Для іх гэта стала галоўным аргументам, што Варшава мае варожыя намеры ў адносінах да Мінска, а польская меншасць у Беларусі нелаяльная і хоча далучыцца да іншай краіны».
Дадатковымі камянямі ў бок адносін Польшчы і Беларусі паляцеў ад’езд Паўла Латушкі ў Польшчу. Прапаганда падала гэта так, што Латушка пакінуў радзіму ў багажніку польскага амбасадара; насамрэч ён проста прыехаў на мяжу ў дыпламатычнай машыне, але праходзіў памежны кантроль звычайным чынам. Таксама раздражняла асоба Сцяпана Пуцілы, якому пад канец жніўня прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі даў інтэрв'ю.
«Хутка прыйшоў час плаціць па першых «рахунках», — піша Вайцяхоўскі. — У беларускім Міністэрстве замежных спраў нам паведамілі, што амбасадар Артур Міхальскі павінен пакінуць Беларусь для кансультацый цягам двух дзён у сувязі з удзелам Польшчы ў падтрымцы дэмакратычных змен у Беларусі. Акрамя таго, ад нас патрабавалася скараціць дыпламатычны склад у Беларусі прыкладна на дзве траціны, каб колькасць польскіх дыпламатаў у Беларусі была роўная колькасці беларускіх дыпламатаў у Польшчы».
Другім аб'ектам помсты стала польская меншасць, якой і раней жылося нясоладка. «Уладам патрэбная была кампанія нянавісці і доказы (няважна, праўдзівыя ці сфабрыкаваныя), што палякі заўсёды ненавідзелі і працягваюць ненавідзець беларусаў».
Але найбольш два народы, лічыць Вайцяхоўскі, раздзяліла тое, што беларускія ўлады пачалі разбураць польскія могілкі.
«Гэта стала самым жорсткім адказам Беларусі пасля 2020 года, пакінула найбольш горычы. Беларусы не ўсведамлялі і дагэтуль не ўсведамляюць, што нішто не параніць польскай грамадскай думкі больш, чым разбурэнне магіл нашых продкаў. Гэта быў акт чыстага варварства, настолькі бессардэчны, што цяжка сабе ўявіць, каб такое мог прыдумаць псіхічна здаровы чалавек».
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_02/wojciechowski3-qjbyt.jpeg.webp)
«Беларусь вылечыла ад аптымізму»
Аўтар шчыра прызнаецца, што Беларусь вылечыла яго ад аптымізму.
«Я зразумеў, што заўсёды можа стаць горш, і няма дна».
Гэта сапраўды пацвердзілася: напрыклад, пасаджаным самалётам з Раманам Пратасевічам і мігранцкім крызісам на мяжы. Апошні таксама спрабавалі ўрэгуляваць перамовамі, але і тут было без вынікаў.
«Пад канец жніўня 2021 года адбылася польска-беларуская сустрэча, прысвечаная сітуацыі на мяжы. Падчас перамоў здавалася, што ёсць шанец дамовіцца і спыніць крызіс, аднак ужо праз некалькі дзён пасля сустрэчы колькасць мігрантаў на беларуска-польскай мяжы ўзрасла з некалькіх дзясяткаў у дзень да сотні і больш. Сітуацыя рабілася драматычнай.
Сваімі дзеяннямі Беларусь прадэманстравала, што не толькі не жадае вырашэння крызісу, але і абвастрае яго», — піша Вайцяхоўскі.
«Андрэй Пачобут сказаў, што не пойдзе ні на якія кампрамісы»
Дыпламату давялося ўдзельнічаць у выцягванні актывістаў польскай меншасці з турмаў. Ён прызнаецца, што сустрэчу з Анжалікай Борыс і Андрэем Пачобутам у будынку Следчага камітэта не зможа забыць да канца свайго жыцця. У яе арганізацыі паўдзельнічаў тады Юрый Васкрасенскі.
«Анжаліка выглядала вельмі дрэнна, яе стан здароўя быў крытычным. Яна была худой, на грані. Жудасна было бачыць на яе прыкладзе, што рэжым можа зрабіць з людзьмі ўсяго за восем месяцаў. Яна заявіла, што гатовая пакінуць краіну, калі яе вызваляць. Андрэй быў у лепшай псіхалагічнай і фізічнай форме. Ён не быў вельмі худым, захаваў цяглічную масу. Ён сказаў, што ведае — яму вынясуць суровае пакаранне і адправяць у папраўчую калонію, таму ён павінен быць моцным. Ён быў удзячны за тое, што мы праявілі да яго цікаўнасць і працавалі над яго вызваленнем, але сказаў, што не пойдзе ні на якія кампрамісы.
Я ўрэшце пайшоў на блеф: «Андрэю, праз некалькі месяцаў у рэгіёне можа пачацца вайна» (я меў на ўвазе вайну паміж Расіяй і Украінай, якая ўжо абмяркоўвалася). «Невядома, як адрэагуе Мінск у гэтай сітуацыі. Калі ён далучыцца да вайны, нам, магчыма, давядзецца закрыць [дыппрадстаўніцтва], і тады не будзе магчымасці вам дапамагчы. Падумайце пра гэта, таму што гэта можа быць апошні шанец, каб нешта зрабіць па вашай справе. Ён уважліва паглядзеў на мяне, абняў і сказаў: «Марцін, я разумею, дзякуй за спробу, але я не магу гэтага зрабіць — з думкай пра жаўнераў Арміі Краёвай, з думкай пра тых, хто загінуў тут і сядзеў у турмах».
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_02/poczobut-3uea3.jpg.webp)
«Пасля смерці Макея Мінск стаў яшчэ больш тужлівы»
Па працы Вайцяхоўскі перасякаўся з былым міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем. Ён лічыць, што той пакутаваў праз тое, што Беларусь пасля 2020-га губляла свае магчымасці і не развівалася так, як магла б.
«Макей падкрэсліваў, што заўсёды быў прыхільнікам эвалюцыйнага развіцця, і такое развіццё было б найболей прыдатным для яго краіны. Макею, хоць ён і не страціў сваю пасаду пасля 2020-га, прылятала ўсё больш зняваг ад Лукашэнкі, а перавага аддавалася людзям, звязаным з сілавікамі, і якія мелі недвухсэнсоўныя прарасійскія сімпатыі. Па нейкай прычыне пік зневажання прыпаў на другую палову 2022 года. Папаўзлі чуткі, што Макей не паляцеў на прэзідэнцкім самалёце ў складзе афіцыйнай дэлегацыі, таму што Лукашэнка не хацеў яго бачыць на борце.
Яму было ўсё складаней дагрукацца да прэзідэнта, яго ідэі не даходзілі да яго. Магчыма, адстаўкі Макея дамагаліся рускія, а Лукашэнка не адправіў яго ў адстаўку толькі праз сваю прыроджаную схільнасць рабіць усё насуперак. Мяркуючы па ўсім, да Макея дайшла інфармацыя, што яму шукаюць замену. Мабыць, гэта быў для яго балючы ўдар».
Смерць Уладзіміра Макея стала шокам для ўсіх, піша Вайцяхоўскі. «Пасля яго смерці Мінск стаў яшчэ больш тужлівы».
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_02/wojciechowski2-3d962.jpg.webp)
Еўрапейскі выбар Беларусі — страчаны шанец ці не?
Дык да якога ж адказу на галоўнае, пастаўленай сабой жа пытанне, прыходзіць дыпламат: еўрапейскі выбар Беларусі — страчаны шанец ці не? На яго думку, суўдзел у вайне, канечне, забетанаваў краіну яшчэ больш.
«На сёння, здаецца, наканавана так, што Беларусь цалкам перайшла ў зону ўплыву Расіі. Раней яна спрабавала балансаваць, захаваць рэшткі аўтаноміі, але пасля 2020 года і асабліва пасля 2022-га гэта адбылося. Сімвалічным пацвярджэннем гэтага факта з'яўляецца інфармацыя пра размяшчэнне ў Беларусі расійскай тактычнай ядзернай зброі. Гэта адбылося не выпадкова, а дзякуючы паслядоўным дзеянням, распачатым цягам 30 гадоў кіравання Лукашэнкі. Тры дзесяцігоддзі русіфікацыі, удоўблівання, што рускія і беларусы — гэта тое самае, разбурэнне і без таго слабой нацыянальнай ідэнтычнасці, аслабленне культуры, мовы, гонару за сваё паходжанне зрабілі сваю справу. Ніхто не пытаў думкі нацыі і, прынамсі, цяпер яна аказалася заслабая, каб гэтаму супрацьстаяць», — разважае аўтар.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/stock/lukashenka15072024-vke73.jpg.webp)
Але разам з тым пасля свайго знаёмства з беларусамі ён упэўнены, што еўрапейскі патэнцыял у беларускіх розумах нікуды не дзенецца, бо гэта ў нашым ДНК і ў нашай гісторыі. І задача Захаду ў гэтым беларусам дапамагаць.
«Найперш мы мусім падтрымліваць тых, хто хоча перамен, як на радзіме, гэтак і за мяжой. Для таго, каб яны не згубілі надзею і веру ў будучыню. Гэта праграма на шмат гадоў наперад. Сітуацыя ў рэгіёне і свеце не выклікае аптымізму. Але палякі перажылі 123 гады падзелаў і дажылі да чаканай свабоды. Беларусам хочацца пажадаць, каб іх шлях быў карацейшы і не такі цярністы», — падсумоўвае Вайцяхоўскі.
Каментары