Сотні людзей у Маладзечне прыйшлі развітацца з Мікітам Крыўцовым. Труну з панявечаным целам накрылі нацыянальным сцягам
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2020_08/photo_2020-08-25_13-23-41-chbpf.jpg.webp)
Пахаванне ўдзельніка акцый пратэсту, якога не маглі знайсці дзесяць дзён, адбываецца ў Маладзечне, піша Радыё Свабода.
Разьвітаньне зь Мікітам Крыўцовым пачалося ў 12.30 у рытуальнай залі Маладэчна на вуліцы Янкі Купалы, 50. Людзі пачалі там зьбірацца за гадзіну да пачатку разьвітаньня. Акрамя знаёмых загінулага, на разьвітаньне зь Мікітам прыйшлі ўдзельнікі фанацкага руху з Маладэчна, а таксама зь іншых гарадоў, у тым ліку зь Берасьця, Барысава і Менску. Да 12.30 каля рытуальнай залі сабралася некалькі соцень чалавек.
«Мы ня верым у тое, што Мікіта зрабіў гэта сам, — сказаў журналістам адзін з удзельнікаў фанацкага руху Маладэчна. — Не магло яго цела столькі часу знаходзіцца ў пятлі ў парку Менску».
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2020_08/66ce0faa-138c-47d3-b22f-b76ad3a136b5_w650_r0_s-37nat.jpg.webp)
Знаёмыя загінулага расказваюць, што бачылі яго 10 жніўня на месцы акцый пратэсту ў Менску.
Раней бацька Мікіты Крыўцова ў прысутнасьці незалежнага судова-мэдычнага экспэрта і адваката агледзеў цела сына ў моргу.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2020_08/0e2533ae-fb73-4e8b-a06a-cd78de858b98_w650_r0_s-3fj3f.jpg.webp)
«Паводле нашага экспэрта, трэба дачакацца вынікаў дасьледаваньняў, найперш гісталягічных, — паведаміў Радыё Свабода адвакат Крыўцовых Віктар Мацкевіч. — Цела за гэты час моцна зьмянілася. Бацьку вельмі цяжка было на гэта глядзець».
Паводле экспэрта, як перадае адвакат, «адбыліся выразныя гніласныя зьмены мяккіх тканак цела, паказаліся косьці».
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2020_08/de3191aa-96cc-430f-8200-0bf0de895a7f_cx0_cy10_cw0_w1023_r1_s-30t7j.jpg.webp)
Жыхар Маладэчна Мікіта Крыўцоў зьнік 11 жніўня 2020 году. 12 жніўня жонка заявіла пра ягонае зьнікненьне. Перад зьнікненьнем ён хадзіў на акцыі пратэсту.
22 жніўня цела Мікіты Крыўцова знайшлі ў лесапарку ў раёне Парніковай вуліцы ў Менску. Паводле інфармацыі СК, ягоная сьмерць ня носіць крымінальнага характару. Сям’я Мікіты Крыўцова не пагадзілася з вэрсіяй «самагубства» і падала заяву ў Сьледчы камітэт.
Пахаваюць Мікіту Крыўцова на старых могілках Маладэчна. Труну зь целам ад рытуальнай залі нясуць на руках. Яна накрытая бел-чырвона-белым сьцягам.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2020_08/malazieczna4_200825-uklpb.jpg.webp)
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2020_08/malazieczna5_200825-pwlo2.jpg.webp)
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2020_08/malazieczna5_200825-pwlo2.jpg.webp)
Каментары