Кіраўнік СК пра выпадак з даішнікам у Магілёве: Такая карціна была першапачаткова, што мы аслупянелі
Кіраўнік Следчага камітэта Іван Наскевіч распавёў пра ход расследавання смерці магілёўскага супрацоўніка ДАІ. Бацькі хлопца не згодныя з афіцыйнай версіяй пра самагубства і казалі журналістам, што ў «справе шмат дзіўнага» і яны будуць настойваць на эксгумацыі, піша Tut.by
— Да нас бацькі з просьбай аб эксгумацыі не звярталіся, — заявіў Іван Наскевіч. — На жаль, у нас ужо былі выпадкі нагнятання абстаноўкі, калі «падбівалі» блізкіх. Зразумела, што бацькам цяжка змірыцца з тым, што іх дзіця скончыла жыццё самагубствам.
Па словах кіраўніка СК, версія самагубства застаецца прыярытэтнай.
— Акрамя таго, у апошнія дні атрыманы заключэнні шэрагу экспертыз, якія ўмацоўваюць нас у нашай пазіцыі, што менавіта так і адбылося, — заявіў Іван Наскевіч.
Па словах старшыні Следчага камітэта, пры гэтым адпрацоўваецца некалькі версій здарэння.
— Бо ў першы дзень пра самагубства гаворкі наогул не ішло. Такая карціна была першапачаткова, што мы аслупянелі. Даўно не было такіх здарэнняў, каб супрацоўніка міліцыі забівалі пры такіх абставінах, — адзначыў кіраўнік ведамства.
Ён дадаў, што была створана вялікая аператыўная група, з цэнтральнага апарата найлепшыя супрацоўнікі СК былі накіраваныя ў Магілёў. Спярша яны расследавалі «наўмыснае забойства», але затым прыярытэтная версія стала іншай. У СК плануюць на працягу двух месяцаў расследаваць крымінальную справу. Калі версія самагубства пацвердзіцца, справа будзе закрытая.
Нагадаем, увечары 16 мая з'явілася паведамленне аб тым, што ў Магілёве выкрадзены супрацоўнік міліцыі. Увесь асабовы склад міліцыі Магілёўскай вобласці паднялі па трывозе, на дарогах усёй краіны выставілі блокпасты. Першапачаткова шукалі чорную «Волгу» з расійскім рэгістрацыйным нумарам. Паводле першапачатковай версіі, супрацоўніка ДАІ ў чорную «Волгу» заштурхалі трое невядомых асобаў цыганскай або каўказскай знешнасці ў мікрараёне Чапаеўка і вывезлі ў невядомым кірунку. Праз некалькі гадзін стала вядома, што цела зніклага лейтэнанта Яўгена Патаповіча знайшлі ў лесе. Афіцыйна паведамлялася аб агнястрэльнай ране галавы.
20 мая СК паведаміў, што асноўная версія гібелі супрацоўніка ДАІ ў Магілёве - суіцыд.
Пазней пра гэту версію як адзіную прыярытэтную заявіў і кіраўнік МУС Ігар Шуневіч.
Каментары