«Ці гатовыя вы плаціць?» Пра што казаў Лукашэнка ў Пасланні народу — сабралі галоўнае
Лукашэнка звярнуўся да народа і Нацыянальнага схода 28 студзеня. На сход прыехалі 2,5 тысячы чалавек. Лукашэнка прамаўляў 2,5 гадзіны і потым гадзіну адказваў на пытанні. Сабралі самае галоўнае.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2022_01/000-2n7lx.jpg.webp)
Тры пытанні народу
Лукашэнка задаў тры пытанні народу. Яны былі раскіданыя па дакладзе. Але гучалі яны так:
Ці гатовыя вы плаціць за ўласныя абарону і дзяржаву?
Ці гатовыя вы плаціць за суверэнітэт і незалежнасць?
Ці гатовыя вы быць ініцыятыўнымі і працаваць на сябе?
Першыя два па сутнасці звяліся да павелічэння выдаткаў на ўзбраенне.
«Пастаўленая задача: [вырабляць] усё неабходнае для абароны нашай Айчыны, для Узброеных сіл і тэрытарыяльнай абароны (каля 300 тысяч чалавек будзе мабілізавана ў войскі тэрытарыяльнай абароны, іх трэба ўзброіць уласнай зброяй і боепрыпасамі). Больш за тое, мы замахнуліся на самае сучаснае ўзбраенне, у тым ліку ракетнае», ‒ заявіў Лукашэнка.
Ці будзе вайна?
Лукашэнка сказаў, што ў нашым грамадстве («не з падачы ўлады ці маёй падачы») існуе пытанне нумар адзін: будзе вайна ці не.
«Так, яна будзе. Але толькі ў двух выпадках», — даў адказ Лукашэнка.
Вайна магчымая, калі супраць Беларусі будзе прамая агрэсія і развязаная гарачая вайна. Другой падставай для вайны і ўдзелу ў ёй Беларусі Лукашэнка назваў магчымае нападзенне на саюзніка ‒ Расію. Тады Беларусь падключыцца да абароны Расіі ў рамках саюзных дамоўленасцяў.
«Калі на нашу краіну будзе здзейсненая агрэсія, тут будуць сотні тысяч расійскіх войскаў, якія з сотнямі тысяч беларусаў будуць бараніць гэтую святую зямлю», ‒ заявіў ён.
Аб знешняй палітыцы
«Мы былі донарам стабільнасці і міру ў рэгіёне. Але ў 2020-м з нас сталі ляпіць агрэсара. Навошта? Каму гэта трэба было тады і трэба цяпер? Захад зрабіў усё, каб Беларусь перастала быць крыніцай міру ў гэтым рэгіёне», ‒ сказаў ён.
Асобна Лукашэнка прайшоўся па суседніх краінах. Па яго словах, з Літвой трэба размаўляць жорстка і прагматычна, прымушаючы да выканання дагаворных абавязацельстваў.
«Я проста па-чалавечы хачу сказаць нашым сябрам, нашым блізкім, родным літоўцам: не дай бог, вы развяжаце вайну разам з іншымі балтыйскімі дзяржавамі, гэта будзе азначаць канец вашай і дзяржаўнасці, і вашага развіцця. Зноў жа, гэта не пагроза. Гэта папярэджанне», — сказаў ён.
Польшча, па словах Лукашэнкі, «дзейнічае безапеляцыйна і бесцырымонна. Фінансавала і забяспечвала рэсурсамі радыкальную апазіцыю, гадамі стварала каардынацыйныя цэнтры бунту, які нядаўна праваліўся. Нават у Казахстан улезлі! Ім што там трэба?»
«Беспрэцэдэнтная мілітарызацыя дзяржавы, якую праводзіць Варшава, нарошчванне ваенных рэсурсаў, планаванае двухразовае павелічэнне колькасці арміі ‒ гэта ўсё наўрад ці ў мірных мэтах», ‒ сказаў ён.
«Падобнае ўжо было ў гісторыі 80 гадоў таму, калі Польшча разам з нацысцкай Германіяй удзельнічала ў раздзеле Чэхаславакіі. Такі вопыт у іх ёсць. А сёння ўжо і на нас глядзяць праз прыцэл. Ім патрэбная «уся Беларусь!», а не толькі ўсходнія крэсы», ‒ заявіў ён.
Украіна, па версіі Лукашэнкі, «становіцца прадметам закуліснага торгу. Украінцаў штурхаюць у полымя канфлікту, ламаюць іх свядомасць, мэтанакіравана рыхтуюць да агрэсіі. Фармуюць варожае стаўленне да брацкіх народаў, у тым ліку да беларусаў».
«Мы вернем нашу Украіну ва ўлонне нашага славянства. Мы гэта абавязкова зробім», ‒ паабяцаў Лукашэнка.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_01/2-6xnpi.jpg.webp)
Аб падзеях 2020 года і «збеглых»
«У жніўні 2020-га была зробленая спроба назаўжды перапыніць эвалюцыю беларускай нацыі, перакрэсліць наша развіццё, адкінуць нас назад», ‒ сказаў Лукашэнка.
Да ўлады хацелі прыйсці, паводле Лукашэнкі, сквапныя, выключна цынічныя, беспрынцыповыя людзі, прасякнутыя пагардай да Беларусі.
Але многія «збеглыя» расчараваныя тым жыццём, у якім апынуліся.
«Многія расчараваныя тым жыццём, у якім яны апынуліся. Нават на самым версе. Грошай няма, офісы іх дзеянні фінансаваць не хочуць, патрабуюць радыкальных мер: заб'яце кагосьці, прабачце за грубасць, у Беларусі, пакажаце здымак ‒ заплацім».
Лукашэнка намякнуў на тое, што вырашае пытанне, што рабіць з уласнасцю ў Беларусі тых, хто з'ехаў.
«Што рабіць? Іх сваякі плачуць: тут у іх засталася маёмасць. Мы блізка падышлі да вырашэння гэтых пытанняў. А што вы думаеце? Тут у мяне кагосьці будуць забіваць, спальваць, а я буду глядзець на гэта скрозь пальцы?» — няўпэўнена сказаў ён.
І даў параду.
«Мая вам парада: дадому, кайцеся і станавіцеся на калені! Далей будзе горш. Таму дадому, на каленях, паўзком!»
Лукашэнка адзначыў, што дома прыйдзецца заплаціць штрафныя санкцыі за нанесеную шкоду:
«Хоць бы часткова: за тое, што вы нарабілі, не хопіць ні вашай уласнасці, ні ўсяго таго, што вы напрацуеце наперад за сваё жыццё».
Аднак некаторым з тых, хто прыпаўзе на каленях, прыйдзецца сесці.
«Мы створым грамадскую камісію і будзем арыентавацца на рашэнне гэтай камісіі. Туды ўвойдуць прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, нашы парламентарыі ‒ дэпутаты і сенатары.
Сустаршынямі могуць быць генпракурор, ну і наш «вястун» Рыгор Азаронак. І мы гатовыя вырашаць гэтую праблему.
Але прымушаць калектыўны Захад бегаць вакол Лукашэнкі і крычаць: «Палітвязні, палітвязні! Свабоду палітвязням!» ‒ ну і крычыце! Вы ўжо два гады крычыце, які вынік?»
Аб грамадзянскай супольнасці
«Канструктыўныя» грамадскія арганізацыі павінны запоўніць пустоты ў тых сферах, дзе раней гнездаваліся так званыя замежныя агенты, ‒ сказаў Лукашэнка. ‒ Бо ў чым сутнасць многіх некамерцыйных арганізацый і фондаў, што дзейнічалі доўгі час? У тым, што яны супрацьпастаўлялі сябе дзяржаве, атрымліваючы за гэта гранты замежных фондаў».
Хто будзе прызначаны «грамадзянскай супольнасцю», улады пакуль яшчэ вырашаюць.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_01/-jcpor.jpg.webp)
Дакуль?
Лукашэнка распавёў, як доўга мае намер заставацца ва ўладзе.
«Усё будзе залежаць ад сітуацыі. Калі яны нам навяжуць вайнушку ‒ якія выбары, куды я падзенуся? Я вазьму кулямёт і пайду наперадзе, калі гэта будзе трэба, хоць гэта будзе няправільна. Прэзідэнту вызначанае месца як галоўнакамандуючаму. І я буду дзейнічаць», ‒ сказаў ён.
І дапоўніў: «Калі ж усё будзе ціха, добра, калі наш народ будзе спакойна жыць і развівацца ‒ у любы момант. Я буду на запасным шляху: паклічаце, скажаце ў чымсьці дапамагчы ‒ я дапамагу. Вось мае падыходы: шчыра і сумленна, публічна на ўсю краіну, на ўвесь свет».
Наступны прэзідэнт, паводле думкі Лукашэнкі, будзе старэйшы за 50 гадоў:
«Запомніце, што ў 38 гадоў вы больш прэзідэнта не выбераце. Гэта будзе чалавек за 50. Таму калі ён да 70 яшчэ папрацуе, гэта будзе нармальна. Вось такая сітуацыя», ‒ сказаў ён.
Пра ПВТ і прадпрымальнікаў
Лукашэнка цяпер разважае над пытаннем, прыносіць ПВТ больш карысці ці шкоды.
«Айцішнікі, іпэшнікі… Я пакуль не ведаю, як паступіць з імі. Як так магчыма? Я ўласнымі рукамі ствараў і гэтых айцішнікаў перш за ўсё, і падтрымаў развіццё індывідуальнага прадпрымальніцтва. І чаму яны вывалілі на вуліцы?»
Лукашэнка распавёў пра Парк высокіх тэхналогій: «Гэта Парк, які я ствараў і ўдасканальваў, прызначаючы туды сваіх памочнікаў. У нас сёння гэты ПВТ стварае прадукт, з'яўляючыся філіялам буйных прадпрыемстваў ЗША і іншых. Там гэтыя «Гугл», «Майкрасофты» і іншыя. А тут іх філіялы».
Ён заявіў, што такім чынам уплыў на работнікаў ПВТ мелі замежныя спецслужбы, яны фінансавалі пратэсты і давалі каманды «звяргаць, ламаць, разбураць».
Лукашэнка падкрэсліў, што пакуль не прыняў рашэння, чаго больш прыносіць Парк ‒ шкоды або карысці.
Але ён разлічвае, што ўдасца дамовіцца аб больш важкім укладзе ПВТ у плане карысці для народа і дзяржавы.
Пра сігналы з Захаду
Лукашэнка заявіў, што яму паступае шмат сігналаў аб аднаўленні адносін з Літвой, Польшчай і ЗША. Але яго просяць даць Захаду магчымасць «захаваць твар».
«Я кажу прама: мы дапаможам вам захаваць твар. Калі вы хочаце з намі супрацоўнічаць па-сапраўднаму, дэмакратычна, не парушаючы наш суверэнітэт, незалежнасць, не выстаўляючы нам пытанне: вы з Расіяй ці супраць яе? Заўсёды з Расіяй!» ‒ дадаў ён.
Падрабязнасцяў пра сігналы і як ён дазволіць Захаду захаваць твар, Лукашэнка не раскрыў.
Пра санкцыі
«Наша ацэнка такіх дзеянняў катэгарычная. Санкцыі ‒ гэта інквізіцыя нашага часу, непрыкрытае парушэнне норм міжнароднага права. Адпаведная пазіцыя замацаваная ў рашэнні беларускага Канстытуцыйнага суда, і мы будзем з гэтага зыходзіць.
А тыя так званыя суайчыннікі, якія заклікаюць да санкцый, учыняюць злачынства супраць дзяржавы і ўласнага народа. І яны за гэта адкажуць згодна з законам, дзе б ні знаходзіліся», ‒ заявіў Лукашэнка.
Каментары