Лукашэнка загадаў усе дзяржорганы і арганізацыі перасадзіць на «Джылі». Не абышлося без выключэнняў
Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, які загадвае дзяржаўным органам і арганізацыям закупляць у якасці службовых і спецыяльных легкавых аўтамабіляў машыны вытворчасці СЗАТ «Белджы». Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, піша «Люстэрка».
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2023_06/geely_emgrand_7_tuning_2019_34-xnrjb.jpg.webp)
Хто і ў каго павінен купляць аўтамабілі вытворчасці СЗАТ «Белджы»?
«Дзяржаўнымі юрыдычнымі асобамі, гаспадарчымі таварыствамі, банкамі, сельскагаспадарчымі арганізацыямі, а таксама ўнітарнымі прадпрыемствамі, заснавальнікамі якіх выступаюць арганізацыі з доляй дзяржавы больш за 50 працэнтаў для выкарыстання ў якасці службовых і спецыяльных легкавых аўтамабіляў, якія не патрабуюць дааснашчэння шляхам мантажу спецыяльным тэхналагічным абсталяваннем, ажыццяўляецца закупка легкавых аўтамабіляў айчыннага вытворцы ў сумеснага закрытага акцыянернага таварыства «Белджы» або афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў з прымяненнем працэдуры закупкі з адной крыніцы, калі іншае не ўстаноўлена часткай другой сапраўднага падпункта», — гаворыцца ў пастанове.
Якому чыноўніку які аўтамабіль?
Указ таксама ўстанаўлівае максімальны памер кошту службовых аўтамабіляў у залежнасці ад пасад асоб, для выкарыстання якімі прызначаны машыны:
- для кіраўнікоў дзяржаўных органаў — 3430 базавых велічынь (126 190 рублёў);
- для намеснікаў кіраўнікоў (уключаючы намеснікаў губернатараў), кіраўніка Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, памочнікаў Лукашэнкі, кіраўнікоў райвыканкамаў і гэтак далей — 2200 базавых велічынь (81 400 рублёў);
- для намеснікаў кіраўнікоў райвыканкамаў, мясцовых адміністрацый раёнаў у гарадах, кіраўнікоў камунальных унітарных прадпрыемстваў, кіраўнікоў бюджэтных арганізацый, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні дзяржаўных органаў, і гэтак далей — 1800 базавых велічынь (66 600 рублёў);
- для кіраўнікоў пасялковых і сельскіх выканаўчых камітэтаў, структурных падраздзяленняў раённых выканаўчых камітэтаў, намеснікаў кіраўнікоў камунальных унітарных прадпрыемстваў — 1465 базавых велічынь (54 205 рублёў).
Але не ўсе чыноўнікі сядуць на «Джылі». Выключэнні зробленыя для губернатараў, кіраўнікоў дзяржаўных арганізацый — падсправаздачных Аляксандру Лукашэнку, кіраўнікоў банкаў і некаторых іншых арганізацый, транспартнае забеспячэнне якіх ажыццяўляецца АДУ «Белтрансспецаўта».
Ліміты ёсць не толькі на цану
Для бюджэтных арганізацый і арганізацый, якія атрымліваюць субсідыі з бюджэту, ліміт прабегу службовых і спецыяльных легкавых аўтамабіляў павінен складаць не больш за 1,7 тысячы кіламетраў у месяц. Нявыкарыстаны на працягу месяца ліміт прабегу можа быць зрасходаваны ў бягучым годзе.
Выключэнні зробленыя для аўтамабіляў медыцынскай і хуткай дапамогі, газавай службы, інкасацыі, навучальных аўтамабіляў і некаторых іншых катэгорый.
А каму дазволілі купляць іншамаркі?
«З улікам спецыфікі дзейнасці і асаблівасцяў задач, што выконваюцца, для выкарыстання ў якасці службовых і спецыяльных легкавых аўтамабіляў дапускаецца набыццё легкавых аўтамабіляў замежнай вытворчасці»:
- Службай бяспекі Лукашэнкі;
- дзяржаўнымі органамі сістэмы нацыянальнай бяспекі;
- органамі фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю;
- Дзяржаўнай фельд'егерскай службай пры Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі;
- аўтатранспартнай дзяржаўнай установай «Белтрансспецаўта» Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі («Белтрансспецаўта»);
- сельскагаспадарчымі арганізацыямі, дзяржаўнымі вытворчымі лесагаспадарчымі аб'яднаннямі, дзяржаўнымі лесагаспадарчымі ўстановамі;
- а таксама па рашэнні Лукашэнкі — іншымі дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі.
Аднак купіць аўтамабіль замежнай вытворчасці вышэй пералічаныя арганізацыі змогуць па ўзгадненні з Дзяржаўным сакратарыятам Рады бяспекі.
Усе апісаныя палажэнні ўказа ўступаюць у сілу праз тры месяцы пасля яго апублікавання.
Каментары
самы просты