Для адных беларусаў сала — ненавісны з дзяцінства прадукт, а для іншых — сапраўдны «суперфуд», дзеля якога варта пастаяць у чарзе. Цана на сала ў залежнасці ад яго якасці адрозніваецца, але ўжо даўно яна стала вышэйшай за практычна любую іншую мясную частку свініны. Кагосьці такі стан рэчаў не дзівіць, а кагосьці наадварот. Дык чаму сала даражэйшае мяса? Журналістка Telegraf.news спыталася пра гэта ў фермераў.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2025_02/5283196725319821300-vuzby.jpg.webp)
Кожны беларус, жадаючы парадаваць сябе кавалачкам свежага сала, не можа не заўважыць, наколькі ягоны кошт адрозніваецца ад цаны на мяса. Так, калі паглядзець інфармацыю сэрвісу Еdostavka, то свежае мяса можна купіць па цане 12,99 рубля за кг, а свіная буйнакавалкавая выразка «Фермерская» без костак каштуе 24,19 рубля за кг.
Тым часам адшукаць свежае сала ў звычайных крамах цяпер не так і проста. Часцей за ўсё да прылаўкаў яно даходзіць ва ўжо засоленым выглядзе, і пры гэтым многіх шакіруе сваёй цаной. Напрыклад, сала з хрыбтовай часткі абыйдзецца на Edostavka ў 25,99 рубля, і гэта добрая цана (паводле даных на 10 лютага, без уліку зніжкі сала каштуе 31,97 рубля).
Дзівяцца цане на салёнае сала беларусы і ў тыктоку. Так, нядаўна адна з карыстальніц паскардзілася на высокую цану сала ў адной з крамаў у Брэсце. Там яна заўважыла 2 кавалачкі, якія каштавалі без малога 24 рублі і 30 рублёў за кілаграм.
Некаторыя беларусы адзначаюць, што нават шанаванае многімі сала з мясной праслойкай каштуе танней за чыстае сала.
Колькі каштуе свежае сала?
Што тычыцца свежага несалёнага сала, то адшукаць яго на прылаўках звычайных крам не заўсёды атрымліваецца. У гэтым журналістка Telegraf.news пераканалася, зазірнуўшы ў мясны аддзел 5 крам у сваім раёне ў Мазыры. Часцей за ўсё можна знайсці грудзінку — сала з мясной праслойкай, і каштуе яна ў сярэднім больш за 20 рублёў за кілаграм.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_02/5283196725319821299-hy4lo.jpg.webp)
Хоць цэны на свежую свініну вагаюцца ў межах ад 9 да 18 рублёў (у залежнасці ад тыпу).
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_02/5283196725319821301-4ey2s.jpg.webp)
Сапраўдныя прыхільнікі гэтага далікатэсу звяртаюцца да фермераў. Прадукт шукаюць у тым ліку і па аб'явах у сеціве. Але і тут за свежае сала прыйдзецца выкласці нямала. Напрыклад, на «Куфры» актуальныя аб'явы аб продажы свежага сала ў сярэднім вагаюцца ў цэнавым дыяпазоне ад 16 да 20 рублёў за кілаграм.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_02/image-2-lgk9u.jpg.webp)
У той час як свежае мяса там жа гатовыя прадаць па цане ў сярэднім 11 рублёў за кіло.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_02/photomix-image-52-1-y5l9s.jpeg.webp)
Чаму ж так адбываецца і адкуль «растуць ногі» ў цаны на сала? Журналістка Telegraf.news спытала пра гэта ў двух беларускіх фермераў.
Чаму ў Беларусі сала даражэйшае за мяса?
Сяргей Капарыха займаецца продажам свініны са сваёй асабістай падсобнай гаспадаркі на 50 галоў у Слуцку і не лічыць, што сала даражэйшае.
«Сала — гэта ўжо гатовы да ўжывання прадукт, варта толькі пасаліць. Купіў кілаграм сала і з'еў кілаграм сала. У мяне кілаграм сала каштуе 19 рублёў, а свежае мяса — 14. Але ж мяса яшчэ трэба смажыць, а пасля смажання там ужо будзе далёка не кілаграм», — выказаўся Сяргей.
Ён звярнуў увагу, што гатовая да ўжывання прадукцыя з мяса каштуе не танней за сала. Напрыклад, сыравяленыя каўбаса і паляндвіца каштуюць 24 і 29 рублёў за кілаграм адпаведна.
Крыху інакш на гэтае пытанне адказаў уладальнік фермерскай гаспадаркі «Ілюшкіна» Ілля Ермаковіч з Івацэвічаў.
«У свінагадоўлі эканамічна не выгадна вырошчваць свіней звыш пэўнай вагі, бо ідзе перарасход корму, а штодзённыя прывагі ўсё памяншаюцца. Адпаведна, расход корму значна расце. Адсюль і расце кошт», — патлумачыў сваё бачанне цаны на сала фермер.
На яго думку, прычынай узрослай цаны стаў і той факт, што добрае, смачнае і маладое сала цяпер «рэдкасць». А ўсё таму, што само па сабе сала — універсальны прадукт, які разыходзіцца для многіх патрэб, хай гэта будзе саленне, вэнджанне, гатаванне фаршу, каўбас і да т. п. Так і выходзіць, што да прылаўкаў яно даходзіць, як правіла, у невялікіх аб'ёмах, і кошт на яго ўжо «кусаецца».
Сала — сапраўдны суперфуд. У чым карысць гэтага прадукту і колькі ён цяпер каштуе
Халадзец, паляндвіца, сала… Беларускія «суперфуды», з якімі лягчэй і здаравей перажыць халодную зіму
«Шампуры паступова сыходзяць у мінулае». Як правільна выбраць мяса на шашлык?
«Пакаштуйце і далей глядзіце». У чым цымус мінскага фермерскага рынку «Усё сваё»?
«Гэта, натуральна, не суперфуд». Чым карысная і шкодная бульба і як часта яе есці?
Каментары