«За мной Масква!» Як «алігарх мясцовага разліву» пагражаў загадчыцы кафедры БДУ
«У вас жа таксама ёсць дзеці?»»
У новым выпуску ТОКу вядомая юрыстка, колішняя загадчыца кафедры міжнароднага права факультэта міжнародных адносін БДУ Кацярына Дзяйкала згадала непрыемны выпадак, які адбыўся ў час яе працы на факультэце.
Кацярына кажа, што ніколі не ставіла незаслужаных адзнак.
«Я хацела максімальна зрабіць так, каб кожны атрыманы дыплом быў заслужаным, каб кожная адзнака, якую я стаўлю, была заслужанай (…) Мой другі момант быў — прыкладам паказваць студэнтам, што ёсць пэўныя нормы, і яны выконваюцца. Ёсць наступствы. Калі ты сплагіяціў дыплом, цябе не дапускаюць».
У такім выпадку студэнту-выпускніку трэба было праз год паўторна абараняць сваю дыпломную работу, каб атрымаць дыплом.
Кацярына згадала выпадак, які адбыўся, калі яна была яшчэ маладой выкладчыцай. Яна не дапусціла да абароны дыплом студэнткі, бацька якой быў «алігархам мясцовага разліву». Спачатку, па яе словах, бацька спрабаваў вырашыць пытанне праз дэкана, які накіраваў яго да загадчыка кафедры. Той у сваю чаргу адказаў, што не можа нічога зрабіць, бо выкладчык напісаў адмоўную рэцэнзію.
У выніку бацька студэнткі пазваніў Кацярыне.
«Ён гаворыць: як жа так, як я магу сказаць, што маё дзіця не атрымала дыплом, яна выпускаецца. Хіба што сябрам-алігархам сорамна было сказаць. (…) Ён усё гаворыць, гаворыць і не разумее, як жа я магу зараз адмовіць.
І я кажу: «Вы ведаеце, яшчэ раз паўтараю, я супраць вас нічога не маю. Я вас паважаю, я разумею вашы пачуцці як бацькі. Але». І ён мне гаворыць: «Ведаеце што? Мне ваша павага не патрэбна. За мною Масква!»
І я гавару: «Я вельмі радая за вас». А потым ён мне гаворыць: «Ну, у вас жа таксама ёсць дзеці?».
Гэтыя словы выклікалі страх у Кацярыны. Як яна тлумачыць, стыль размовы мужчыны і тон, з якім было зададзена пытанне, нагадваў «пацаноў з Паўднёвага Захаду».
«Я потым хадзіла за дзіцем у садок, і калі ехала машына за мною, трошкі падшугвалася. (…) Так, мне было страшна. Таму што размова была ў такім тоне. Я не ведаю, што ад яго ўвогуле чакаць», — прызнаецца Дзяйкала.
Але нічога дрэннага не адбылося. А студэнтка праз год абараніла дыпломную працу і атрымала дыплом.
Глядзіце цалкам:
Каментары