За ўдзел у пратэстах будуць судзіць зорную фітнэс-інструктарку Наталлю Наважылаву
17 лютага ў судзе Маскоўскага раёну Мінска будуць разглядаць справу ў дачыненні да Наталлі Мікалаеўны Наважылавай. Ініцыялы жанчыны цалкам супадаюць з ініцыяламі фітнэс-інструктаркі міжнароднага класа катэгорыі «Elite» Наталлі Наважылавай, заўважыла «Вясна».
Наважылавай інкрымінаваны «народны» артыкул 342 КК (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у такіх дзеяннях). Суддзя — Кацярына Мурашка.
Наталля Наважылава — старшыня міжнароднага грамадскага аб'яднання «Федэрацыя фітнэсу», майстарка спорту па спартыўнай гімнастыцы, чэмпіёнка СССР, стваральніца Нацыянальнай школы фітнэс-трэнераў.
Яна таксама праводзіць Усебеларускія канферэнцыі па праграме «За здаровы лад жыцця». Узнагароджана Ганаровай граматай Лукашэнкі «За значны ўклад у прапаганду здаровага ладу жыцця».
Каментары