У метрычнай кнізе аднаго з жамойцкіх касцёлаў адшукаліся сенсацыйныя звесткі пра аўтара знакамітага паланэза.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2025_02/micha_kleafas_aginski____f_fabre_18052-s6x02.jpg.webp)
Запіс аб хрышчэнні знакамітага кампазітара і дзяржаўнага дзеяча выявіў у метрычных кнігах Саланцкага касцёла Паўлюс Ванюхінас, старшыня праўлення Інстытута генеалогіі, геральдыкі і вексілалогіі і дырэктар Акадэміі геральдыкі. Пра гэта паведамляе выданне 15min.
Усхваляваны сваёй знаходкай, Ванюхінас уначы звязаўся з дырэктарам Музея гісторыі культуры Агінскіх у Рэтаве Вітасам Руткаўскасам, а таксама даслаў копію запісу доктарцы Рамуне Шмігельскіце-Стукене, намесніцы дырэктара па культуры і навуцы Палаца вялікіх князёў у Вільні.
«Гэтая інфармацыя неверагодная, нават, сказаў бы, сенсацыйная — такая гістарычная фігура нарадзілася ў нашым краі», — адгукнуўся на знаходку Руткаўскас.
З метрыкі вынікае, што народжаны 25 верасня 1764 года ў ваколіцах Салантаў (цяпер гэта Клайпедскі павет на самым захадзе краіны) Міхал Клеафас Агінскі, быў ахрышчаны 29 верасня адною вадою ў мясцовым касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_02/original_311a_mykolas_kleopas_oginskis_1764-bg48p.jpg.webp)
Запіс зроблены на лацінскай мове (пераклад з літоўскага перакладу):
«Я, той жа [алтарыст Салантаўскага касцёла Міхал Сімановіч], ахрысціў немаўля, названае Міхалам Клеафасам, народжанае 25 верасня, сына яснавяльможнага князя з Казельска Андрэя Агінскага, мечніка вялікага літоўскага, старасты гузаўскага і платэльскага, і Паўліны Шэмбек, законных сужэнцаў.
Хроснымі бацькамі былі яснавяльможны князь Францішак Ксаверый з Казельска Агінскі, стараста перавальскі, разам з княгіняй Аленай Агінскай, кашталянавай віленскай, асістэнтамі — высакародны пан Фелікс Лубенскі (Фелікс родны брат Міхала Клеафаса па маці. — НН), стараста накельскі, і высакародная панна Марыяна Юдзіцкая, кашталянка менская».
Дагэтуль бясспрэчным лічыўся факт, што Міхал Клеафас Агінскі нарадзіўся 25 верасня 1765 года ў польскай вёсцы Гузаў прыкладна за 50 кіламетраў ад Варшавы, якой валодаў ягоны бацька. Пра гэта ў мемуарах піша і сам кампазітар.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_02/micha_kleafas_aginski____f_fabre_1805-b8j3f.jpg.webp)
Сапраўды, добра вядомы метрычны запіс пра іншае хрышчэнне Міхала Клеафаса Агінскага, які захоўваецца ў архіве парафіі Св. Станіслава ў Віскітках, горадзе недалёка ад Гузава:
«Гузаў, 26 кастрычніка, маёнтак. Я, пробашч Віскіткаў Адам Маркевіч, ахрысціў немаўля, якое атрымала імёны Клеафас, Міхал, Францішак, Фелікс, Антоні, Ігнацы, Юзаф і Тадэвуш, законных сужэнцаў найяснейшага і вяльможнага графа, мечніка вялікага літоўскага, старасты гузаўскага Андрэя Агінскага і ягонай жонкі Паўліны Шэмбек, сына. Хросныя бацькі — найяснейшы і вяльможны Юзаф Семяноўскі, кашталян раўскі, і найяснейшая і вяльможная Барбара Радаеўская з роду Гаеўскіх, кашталянава інаўрацлаўская».
Як жа так сталася, што месца нараджэння Агінскага зрушылася амаль на 500 км на поўнач?
Насамрэч, як тлумачаць спецыялісты, ніякіх супярэчанняў тут няма. Звычайнай практыкай у тыя часы было двайное хрышчэнне:
спачатку маглі пахрысціць адною вадою, як у Салантах, а пасля з большай урачыстасцю хрысцілі ўжо алеем, што, відаць, і адбылося ў Гузаве.
Варта заўважыць, што метрыка аб хрышчэнні з Гузава не змяшчае звестак пра тое, дзе і калі быў народжаны хлопчык.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_02/1725-m-salantu-baznycia-pastate-kunigaikstis-kazimieras-oginskis-ir-uzvencio-seniunas-salantu-dvarin-67a5fb47ad293-9z4yg.jpg.webp)
Князі Агінскія валодалі маёнткамі і ў Жамойці, дзед Міхала Клеафаса Агінскага набыў ад Сапегаў не вельмі далёкі ад Салантаў Рэтаў, дзе пасля быў узведзены палац, у якім сёння знаходзіцца ўжо згаданы музей Агінскіх. А па фундацыі іншага прадстаўніка роду, князя Казіміра Агінскага, у 1725 годзе пабудаваны і сам Салантаўскі касцёл.
Тое, што Агінскі не прыгадваў пра Саланты, можна патлумачыць тым, што ён проста і сам не ведаў — яго дзяцінства і маладосць прайшлі ў Гузаве, натуральна, што і сваё нараджэнне ён звязваў з гэтым месцам.
Літоўцы ўжо выправілі звесткі пра хрышчэнне кампазітара на старонках Geni.com і Літоўскай Вікіпедыі. У іншых раздзелах свабоднай энцыклапедыі гэтая інфармацыя пакуль не адлюстравана і месцам нараджэння падаецца Гузаў. Сапраўднае месца нараджэння Агінскага яшчэ належыць высветліць даследчыкам, але гэта, відавочна, будзе дзесьці недалёка ад Салантаў у Жамойці.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ«Твой і за магілаю». Знойдзеныя лісты Каліноўскага да каханай раскрываюць яго фенаменальную псіхалогію
Навукоўцы адшукалі імя аўтара Мінскага тафсіра, першага кананічнага перакладу Карана на еўрапейскую мову
«Падробка архіўнай даведкі — 4500 еўра». Як беларусы шукаюць у сябе польскія карані і як купляюць польскае паходжанне
Аказваецца, губернатары былі ў Беларусі яшчэ да прыходу Расіі: гомельскі гісторык падзяліўся цікавай знаходкай
Каментары