У Гомелі шукаюць, хто выкінуў на поле цэлую гару сапсаваных мандарынаў
Міліцыя шукае ўладальніка сотняў кілаграмаў сапсаваных мандарынаў, выяўленых на полі пад Гомелем, паведамляе тэлеграм-канал «Гомельщина официально».
Несанкцыянаванае размяшчэнне адкідаў выявілі ў пасёлку Чонкі пад Гомелем.
«Хтосьці выкінуў на поле мноства сапсаваных мандарынаў», — расказалі ў абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
У Беларусі за стварэнне несанкцыянаванага сметніка пагражае адміністрацыйная адказнасць і штрафы. Уладальніку пашкоджаных мандарынаў, калі яго знойдуць, прыйдзецца заплаціць да 30 базавых велічынь (да 1260 беларускіх рублёў), калі гэта будзе фізічная асоба, і да 100 базавых велічынь (да 4200 рублёў) — калі індывідуальны прадпрымальнік.
Акрамя таго, будзе разлічаная сума шкоды, нанесенай з-за засмечвання адкідамі навакольнага асяроддзя.
«На гэты момант высвятляецца ўладальнік цытрусавых: вызначаюць уласніка аўтамабіля, на якім прывезлі мандарыны», — паведамілі ў прэс-службе Гомельскага аблвыканкама.
Каментары