Шарэнда-Панасюк: Патрэбная жорсткая эканамічная блакада рэжыму Лукашэнкі. Толькі ціск і санкцыі
Былая палітзняволеная мяркуе, што калі адмяніць санкцыі, то рэжым зразумее, што трэба браць закладнікаў, каб пасля імі гандляваць.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/stock/20250210-zam-sharenda-panasuk-004-bbcs2.jpg.webp)
«Калі я чую пра перамовы з Лукашэнкам, то мне становіцца смешна. Лукашенка — не самастойная фігура ў Беларусі, гэта расійская марыянетка. Яму дазваляецца ў пэўных межах нешта крычаць, варушыць сваімі бровамі. Але я ўпэўненая, што ў пытаннях беларускага нацыянальнага руху, да якога я сябе адношу, гэта ўжо прэрагатыва Расіі. Калі са мной здымалі прапагандысцкае інтэрв'ю, разам з беларускімі прапагандыстамі прыязджаў расеец, ён іх курыраваў.
Тое, што я выйшла, гэта не вынік перамоваў, а менавіта тое, што даціснулі да пэўнай кропкі. Санкцыі дзейнічаюць, я гэта разумею па размовах з тымі людзьмі, якія раз'юшаныя гэтымі санкцыямі. Яны для іх вельмі балючыя. Калі мы зноў адмовімся ад санкцый, не даціснем рэжым, то гэта значыць, што будуць з'яўляцца ўсё новыя і новыя палітвязні: 10 выпусцілі, а 20 узялі за краты.
Калі адмяняем санкцыі, рэжым зразумее, што гэта тактыка: трэба браць закладнікаў, а пасля імі гандляваць. Палітвязні стануць таварам.
Лічу, што патрэбная жорсткая эканамічная блакада рэжыму. Чаму дагэтуль ідзе гандаль, транзіт праз Беларусь? Гэта, канечне, ганьба цывілізаванаму свету. Я з жахам даведалася, што да гэтага часу няма санкцый менавіта за палітвязняў. Гэтую справу трэба дарабіць»,
— заявіла Шарэнда-Панасюк на прэс-канферэнцыі ў Вільні.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_02/zam_3992-wh51v.jpg.webp)
Брэсцкая актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк знаходзілася за кратамі са студзеня 2021 года. Першасна ёй прысудзілі два гады зняволення.
Жанчына павінна была выйсці на волю ў 2022 годзе, але ёй тройчы дадавалі па году калоніі за «непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі». Яна была першай палітзняволенай жанчынай, каго асудзілі па гэтым артыкуле.
Паліну перавялі ў калонію для рэцыдывістак, катавалі пастаянным знаходжаннем у ШІЗА і памяшканні камернага тыпу. За час зняволення ў Паліны пагоршыўся стан здароўя, з'явіўся хранічны панкрэатыт.
Агулам яна правяла за кратамі больш за 4 гады. Агулам 270 сутак Паліна правяла ў карцарах і ШЫЗА.
1 лютага 2025 года Паліна Шарэнда-Панасюк выйшла на волю. Яна выехала з Беларусі ў Літву, дзе чакалі муж і двое дзяцей.
Каментары