Інакш ЦАХАЛ адновіць інтэнсіўныя баявыя дзеянні, пакуль ХАМАС не будзе канчаткова разбіты.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2025_02/4734-96gp0-3xffl-x6r8b.png.webp)
Прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху заявіў, што ізраільская армія адновіць баявыя дзеянні ў сектары Газа, калі групоўка ХАМАС не верне закладнікаў, якія ўтрымліваюцца ў анклаве, да 12:00 суботы, піша Бі-бі-сі.
«Калі ХАМАС не верне нашых закладнікаў да 12:00 суботы, перамір’е скончыцца, і ЦАХАЛ адновіць інтэнсіўныя баявыя дзеянні, пакуль ХАМАС не будзе канчаткова разбіты», — гаворыцца ў заяве Нетаньяху, апублікаванай пасля сустрэчы з членамі ваеннага кабінета.
«У святле заявы ХАМАС пра ягонае рашэнне парушыць пагадненне і не вызваляць нашых закладнікаў, учора ўвечары я аддаў загад ЦАХАЛ засяродзіць сілы ўнутры і вакол сектара Газа. Гэтая аперацыя праводзіцца ў гэтыя гадзіны і будзе завершана ў самы бліжэйшы час», — дадаў Нетаньяху.
Раней прэзідэнт ЗША Дональд Трамп запатрабаваў ад ХАМАС вызваліць усіх закладнікаў да 12:00 суботы, інакш «пачнецца сапраўднае пекла».
Напярэдадні баевікі пагражалі адкласці наступны этап вызвалення ізраільскіх закладнікаў і іх абмену на палестынскіх зняволеных, заявіўшы пра невыкананне Ізраілем умоў пагаднення аб перамір’і. Ізраіль заявіў, што дзеянні ХАМАС парушаюць умовы здзелкі.
У мінулую суботу завяршыўся чарговы этап абмену: былі вызвалены трое ізраільскіх закладнікаў і 183 палестынскія зняволеныя.
З 33 ізраільцян, якіх ХАМАС абавязаўся вызваліць на першым этапе здзелкі, 16 чалавек ужо вярнуліся дадому. Ад самага пачатку было вядома, што восем чалавек з гэтых 33 — мёртвыя. Такім чынам, на першым этапе дамовы баевікі павінны вярнуць яшчэ дзевяць жывых закладнікаў.
Паводле звестак ізраільскіх уладаў, заснаваных на даных ізраільскай разведкі, на момант узгаднення першага этапу пагаднення ў Катары ў палоне ХАМАС заставаліся 94 чалавекі.
У гэтую суботу ХАМАС павінен быў вызваліць яшчэ траіх ізраільцян у абмен на чарговую партыю палестынскіх зняволеных, якія адбываюць тэрміны ў ізраільскіх турмах.
Каментары