Назва ад кінатэатра, выгляд ад аўтара віцебскай піраміды, на верхнім паверсе — дзеці. Што вядома пра гандлёвы цэнтр, які гарэў у Віцебску
Сёння ў Віцебску адбыўся вялікі пажар у папулярным гандлёвым цэнтры, які не маглі патушыць на працягу некалькіх гадзін. У выніку пацярпела больш за дзясятак чалавек, а некаторыя знаходзяцца ў цяжкім стане.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2024_12/content_1000001614_1-gf99p.jpg.webp)
Першапачаткова на месцы гандлёвага цэнтра размяшчаўся аднайменны кінатэатр «Беларусь». Ён быў пабудаваны ў 1972 годзе ў адным комплексе з суседнім 16-павярховым жылым домам. Пры будаўніцтве быў выкарыстаны той жа праект архітэктара Юрыя Шпіта, што і для кінатэатра «Партызан» на бульвары Талбухіна ў Мінску.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_12/kt-belarus-krd8z.jpg.webp)
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_12/belarus-iznutri-uz8c2.jpg.webp)
У той час Шпіт якраз удзельнічаў у праектаванні плошчы Перамогі, на якую выходзіць кінатэатр, і мемарыяльнага комплексу «Тры штыкі» на ёй. Зрэшты, ніводзін з кінатэатраў аўтарства Шпіта не захаваўся. У Мінску яго перабудавалі да непазнавальнасці ў «Дом кіно», у Віцебску — у гандлёвы цэнтр.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_12/dj4o18z7oze-9ujop.jpg.webp)
У свой час шырокафарматны кінатэатр «Беларусь» быў найбуйнейшым у Віцебску. Ягоная малая зала магла змясціць 145 гледачоў.
Кінатэатр спыніў сваю дзейнасць у канцы 2006 года. У 2007 годзе яго пачалі перабудоўваць у гандлёва-забаўляльны цэнтр па праекце «Творчая майстэрня члена БСА Ільінова А.У.».
Андрэй Ільіноў знакавая фігура для архітэктуры Віцебска 2000-х гадоў, менавіта яму належыць аўтарства знакамітай шкляной піраміды над гандлёвым цэнтрам «Марка-Сіці» ў гістарычным цэнтры горада.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_12/2007_god_vitebsk-dqi8o.jpg.webp)
У гандлёва-забаўляльным цэнтры «Беларусь», які быў урачыста адкрыты ў кастрычніку 2009 года, мала што засталося ад кінатэатра. Толькі на планах можна заўважыць старыя сцены глядзельнай залы. Месца ў цэнтры горада, на скрыжаванні двух гарадскіх магістраляў, вуліц Леніна і Генерала Белабародава, бойкае, таму стаўку рабілі на максімальную выгаду, а не на прыгажосць.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_12/photo_2024-12-13_22-14-30-3bbln.jpg.webp)
Вакол скрыні кінатэатра выраслі тры наземныя і адзін цокальны паверхі агульнай плошчай звыш 17 тысяч кв. метраў, запоўненыя крамамі і павільёнамі. Звонку і знутры цэнтр не ўяўляе ніякай архітэктурнай цікавасці, гэта тыпавы гандлёвік 2000-х гадоў з «армстронгам» на столях, квадратнай керамічнай пліткай на падлозе і белымі шклянымі перагародкамі паміж памяшканнямі. На фасадзе вылучаўся толькі цэнтральны ўваход, аформлены модным у той час люстраным каляровым шкленнем.
Аўтар праекта, Андрэй Ільіноў, памёр яшчэ ў 2012 годзе і не заспеў таго часу, калі ягоны праект маральна састарэў горш за любы савецкі кінатэатр.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_12/photo_2024-12-13_22-24-30-ayznb.jpg.webp)
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_12/photo_2024-12-13_22-24-33-495ei.jpg.webp)
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_12/photo_2024-12-13_22-24-31-cgpjq.jpg.webp)
Сёння гандлёвым цэнтрам «Беларусь» валодае адзін з найбагацейшых людзей горада Віктар Вялюга. Ягонай кампаніі «МегаЕўратэкс» належаць у Віцебску гандлёвыя цэнтры «Мега», «Мішэль», «Пасаж», «Еўропа», «Кантынент», культурна-забаўляльныя цэнтры «Энергія» і «Планета», турагенцтва «Планета турызму».
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_12/mchs-mega-37-b6ja7.jpg.webp)
Некаторае ўяўленне пра планіроўку «Беларусі» даюць планы гандлёвага цэнтра на Яндэкс Картах. На кожным паверсе некалькі радоў невялікіх павільёнаў, таксама прынамсі па пяць лесвіц, па якіх людзі мусілі эвакуявацца ў час пажару.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_12/2024-12-13223214-ouu2s.png.webp)
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_12/2024-12-13223203-8qco1.png.webp)
Таксама можна заўважыць, што значную частку верхняга 3-га паверха, больш за 1000 кв. м, займае дзіцячы забаўляльны цэнтр BOOM. Дзіцячы цэнтр працуе штодзённа з 10.00 да 20.00, а значыць каля 16:30, калі пачаўся пажар, яшчэ прымаў наведвальнікаў.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_12/hfjdtvso-jy-103hp.jpg.webp)
На відэа, якія паступалі ў час пажару, адкрытае полымя бачна толькі на першым паверсе, у паўднёва-заходняй частцы будынка, дзе размяшчаліся крамы з адзеннем. Дакладная крыніца ўзгарання і колькасць ачагоў невядомыя. Усе паверхі гандлёвага цэнтра зацягнула густым чорным дымам ад пажару.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_12/2024-12-13223000-afo6m.png.webp)
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_12/2024-12-13223453-yhwp3.png.webp)
Трэці паверх, як можна меркаваць, аказаўся самым складаным для эвакуацыі людзей. Менавіта адтуль праз вокны эвакуявалі некаторых людзей з некалькіх гандлёвых павільёнаў. У іх не было магчымасці схавацца ад дыму, бо перагародкі не даходзяць нават да падвеснай столі.
Звяртае на сябе ўвагу, што частка гэтых людзей знаходзіліся ў памяшканні, дзе праводзілася электраэпіляцыя. За суседняй сценкай ад іх была лесвіца, але яны не змаглі з яе скарыстацца. Ці не таму, што ніжняя частка лесвіцы, якая выводзіла на вуліцу, была пераабсталяваная пад патрэбы нейкай невялікай установы?
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_12/photo_2024-12-13_22-37-02-l66xe.jpg.webp)
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬПажар у віцебскім гандлёвым цэнтры ліквідавалі, спатрэбілася чатыры з паловай гадзіны
«Некаторыя віцябляне паводзілі сябе вельмі годна». Сведкі пажару ў гандлёвым цэнтры падзяліліся ўражаннямі
«Ачагоў, як мы бачым, некалькі». Страшна гарэў гандлёвы цэнтр у Віцебску ВІДЭА
У Віцебску загарэўся гандлёвы цэнтр. Ёсць пацярпелыя
Каментары