Як вайна ўплывае на навакольнае асяроддзе? Пагутарылі з эколагам
Ваенныя дзеянні не толькі адбіраюць і калечаць жыцці, разбураюць інфраструктуру і эканоміку. Вайна таксама моцна ўплывае на навакольнае асяроддзе, прычым наступствы не абмяжоўваюцца лініяй фронту і не завяршаюцца адразу пасля спынення агню.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/stock/hrad5-spe6h.jpg.webp)
Вайсковыя аб'екты забруджваюць наваколле і ў мірны час
Эколаг, эксперт альянсу «Зялёная Беларусь» і «Зялёнага партала» Уладзіслаў Шумак адзначае, што нават у мірны час вайсковыя аб’екты негатыўна ўплываюць на навакольнае асяроддзе.
Пры вытворчасці вайсковай тэхнікі не пераймаюцца экалагічнасцю.
«Рухавікі вайсковай тэхнікі не праходзяць сертыфікацыю па шкодных выкідах. У беларускай арміі працягваюць выкарыстоўваць савецкую тэхніку, пры стварэнні якой наогул не глядзелі на нейкія экалагічныя фактары», — адзначае эксперт.
Цяпер жа вытворчасць ВПК павялічваецца.
Нягледзячы на тое, што на тэрыторыі нашай краіны баявыя дзеянні не вядуцца, больш частае правядзенне вучэнняў у апошнія гады негатыўна ўплывае на беларускую экалогію.
Амерыканцы падлічылі, што для ачысткі і аднаўлення аднаго квадратнага кіламетра зямлі вайсковага палігона патрабуецца $250 мільёнаў — каб вывесці шкодныя рэчывы.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_04/terabarona4_240423-ng7z0.jpg.webp)
Але той урон, які вайскоўцы наносяць прыродзе ў мірны час, нават і блізка не параўнальны з тым, што адбываецца падчас маштабных ваенных дзеянняў.
Выпаленая зямля
«Нацыянальны экалагічны цэнтр Украіны сёлета апублікаваў рапарт пад назвай «Экалагічныя наступствы вайны для супольнасцяў: вынікі пілотнай ацэнкі і рэкамендацыі».
Там адзначаецца, што падчас вайны самае магутнае шматбаковае экалагічнае ўздзеянне нясуць пажары, выгаранне лясных, сельскагаспадарчых і гарадскіх тэрыторый у выніку артылерыйскіх абстрэлаў і авіяналётаў. Маштабныя пажары прыводзяць да выкіду ў атмасферу велізарнай колькасці вуглякіслага газу і іншых небяспечных рэчываў», — канстатуе эксперт.
Вялізарны ўрон прыродзе таксама наносяць выбухі боепрыпасаў.
«У выніку выбухаў у атмасферу трапляе вялікая колькасць шкодных рэчываў. Так, па адкрытых даных расійскіх навукоўцаў за 2023 год, у вайне з Украінай толькі Расія выкарыстала каля 1,3 мільёна тон боепрыпасаў і 270 тысяч тон выбуховых рэчываў, што прывяло да трапляння ў атмасферу каля 10 мільёна тон газападобных прадуктаў выбухаў.
Гэта ў 120 разоў больш, чым зрабіў выкідаў за аналагічны перыяд Алчэўскі металургічны камбінат — адна з самых шкодных для навакольнага асяроддзя вытворчасцяў», — кажа эксперт.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_04/-bv4v3.jpg.webp)
Пажары на нафтабазах і рызыка анкалогіі
Самай вялікай праблемай эколаг называе тое, што ўсе гэтыя газападобныя прадукты выбухаў складаюцца з цэлага пакета розных шкодных сінтэтычных рэчываў з доўгатэрміновым уздзеяннем на прыроду.
«Разносяцца яны не толькі ў непасрэднай блізкасці да месца вядзення баявых дзеянняў, а па ўсім рэгіёне Усходняй Еўропы. І Беларусь тут не выключэнне», — адзначае эксперт.
Яшчэ адзін вельмі важны чыннік — пажары на нафтабазах, якія рэгулярна адбываюцца як на тэрыторыі Украіны, так і Расіі. Дым ад такіх пажараў выклікае вельмі моцнае забруджванне паветра шкоднымі арганічнымі злучэннямі, у тым ліку з канцэрагенным эфектам.
У каментары «Голасу Амерыкі» прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі прафесіянальных эколагаў Людміла Цыганок (Украіна) адзначала, што адзін пажар на нафтабазе забруджвае атмасферу прыкладна гэтак жа, як увесь транспарт Кіева за месяц.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_08/belgorod700-p37ff.jpg.webp)
«Сярод забруджвальнікаў ёсць вуглевадароды, дыяксід азоту, куча разнастайных рэчываў — серавадарод, фармальдэгід, сажа. Карацей кажучы, гэта рэцэпт надзейнага анкакактэйля», — казала ўкраінская экспертка.
У выніку ваенных дзеянняў забруджваецца не толькі паветра, але і глеба.
«Для тэрыторыі Украіны характэрны вялізарныя плошчы ўгоддзяў з чарназёмам. Дзякуючы гэтаму Украіна доўгі час была адным з сусветных лідараў па аб’ёме вытворчасці сельгаскультур, перш за ўсё збожжа і сланечніка.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/stock/helicopter_ukraine-9toml.jpg.webp)
У глебу ад выбухаў трапляюць цяжкія металы — марганец, хром, нікель, цынк, свінец, кадмій. Гэта прыводзіць да рэзкага пагаршэння якасці глебы, што, у сваю чаргу, уплывае на бяспечнасць сельгаспрадукцыі», — адзначае Уладзіслаў Шумак.
Усё ў Чорнае мора
Праз вымыванне небяспечных рэчываў з глебы забруджваюцца рэкі, вадаёмы і падземныя воды. Больш за ўсё наступствы ад вайны, на думку эколага, адчуе на сабе экасістэма Чорнага мора, у якую сцякаюць украінскія рэкі.
«Разбурэнне плаціны Кахоўскай ГЭС прывяло да таго, што глей, які ўтрымліваў у сабе вялікую колькасць цяжкіх металаў і радыёнуклідаў, трапіў у мора. Таму экасістэмныя наступствы могуць быць вельмі жудаснымі і іх адчуюць жыхары не толькі Украіны, але і іншых краін чарнаморскага рэгіёну.
Мяркую, што статыстыка ў гэтых краінах праз некалькі гадоў пакажа вельмі моцны рост па анкалагічных і імунных захворваннях», — лічыць эколаг.
Накапленне цяжкіх металаў, па яго словах, адбываецца ва ўсіх месцах, дзе выкарыстоўваецца вайсковая тэхніка, у тым ліку ў глебе на вайсковых палігонах і побач з імі.
Выхлапныя газы і выкарыстанне вугалю
Варта ўлічыць і выкарыстанне вайсковай тэхнікі.
Так, напрыклад, расход паліва ў БТР складае ад 40 літраў на 100 кіламетраў пры руху па шашы, да 140 літраў — пры перасоўванні ў складаных умовах. Ваенны грузавік «Урал» спажывае ад 25 да 40 літраў дызельнага паліва на 100 кіламетраў.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/stock/ap23289404072654-2b3d5.jpg.webp)
Танкі спажываюць каля 150-200 літраў дызпаліва за гадзіну.
Гэта ўсё тэхніка, пры стварэнні рухавікоў якой экалагічны складнік заставаўся без увагі.
Праз вайну намаганні апошніх гадоў скараціць аб’ёмы шкодных выкідаў у атмасферу ад аўтамабільнага транспарту, прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці сыдуць на не.
Некаторыя краіны Еўропы ў жаданні скараціць аб’ёмы закупак газу ў Расіі, вяртаюцца да выкарыстання вугалю, што запавольвае працэсы вугляроднай энергетычнай трансфармацыі эканомікі гэтых краін і не спрыяе дасягненню міжнародных дамоўленасцяў аб зніжэнні выкідаў парніковых газаў.
Як хутка вайна паўплывае на клімат?
«Навука паказвае, што цяперашнія змены клімату — гэта вынік уплыву дзеянняў чалавека, зробленых 15-20 гадоў таму. То-бок многія наступствы гэтай вайны мы ўбачым не адразу, а толькі праз 10-15 гадоў, калі казаць пра клімат, — заўважае Уладзіслаў Шумак. —
А вось на надвор’і наступствы вайны мы можам адчуваць і цяпер. У выніку выбухаў у паветра трапляе шмат часцінак пылу, якія могуць быць своеасаблівымі ядрамі кандэнсацыі ў атмасферы, што выклікае стварэнне магутных дажджавых аблокаў. І гэта прыводзіць да лакальнага масіраванага выпадзення дажджавых ападкаў ліўневага тыпу».
Каментары