Пасол Беларусі ў Расіі назваў сённяшні таварыскі матч паміж зборнымі галоўнай гульнёй года
Пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Круты ў размове са «Спорт-Экспрессом» адказаў на пытанне аб стаўленні да таварыскага матчу паміж зборнымі дзвюх краін.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/stock/_nn_bun_2019-6054-w4fg3.jpg.webp)
«Таварыская гульня Расіі і Беларусі? Гэта галоўны матч года. У нас да яго такое стаўленне», — сказаў Круты «СЭ» ў кулуарах ПМЭФ-2024.
Матч паміж Расіяй і Беларуссю пройдзе на стадыёне «Дынама» ў Мінску сёння, 7 чэрвеня. Пачатак а 20.00 па мінскім часе.
Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў лютым 2022 года на беларускіх і расійскіх футбалістаў наклалі санкцыі. Расійскі футбол — зборныя і клубы наогул адхілены ад міжнародных спаборніцтваў: еўракубкаў і адборачных турніраў зборных. Зборная Расіі праводзіла таварыскія паядынкі з далёка не моцнымі дружынамі з Азіі і Афрыкі. Толькі ў сакавіку нашы ўсходнія суседзі правялі таварыскі матч з еўрапейскай зборнай Сербіі.
Беларусь абышлася малой крывёй, нас у міжнародных спаборніцтвах пакінулі, але хатнія паядынкі зборныя і клубы вымушаныя праводзіць на нейтральным полі. Таму гульня супраць Расіі — першая на сваім полі з восені 2021 года.
Каментары