Свет33

«Гэта бязмозгла, гэта ганебна». Байдэн рэзка абрынуўся на Трампа за яго прамовы пра нежаданне абараняць саюзнікаў па NATO

«Ніводзін іншы прэзідэнт у нашай гісторыі ніколі не схіляўся перад расійскімі дыктатарамі. Дазвольце мне цалкам выразна заявіць: я ніколі не схілюся», — сказаў прэзідэнт ЗША.

Джо Байдэн Фота: Susan Walsh / AP

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн назваў бязмозглай і ганебнай заяву яго патэнцыйнага суперніка на прэзідэнцкіх выбарах Дональда Трампа аб нежаданні абараняць саюзнікаў па NATO, піша Бі-бі-сі.

Джо Байдэн прысвяціў выказванням Трампа частку сваёй заявы для прэсы, галоўнай тэмай якой быў закон аб шматмільярднай вайсковай дапамозе Украіне і іншым саюзнікам і яго праходжанне праз Кангрэс.

Заклікаўшы спікера Палаты прадстаўнікоў, аднадумца Трампа Майка Джонсана паставіць законапраект на галасаванне і выказаўшы ўпэўненасць, што ён гэта галасаванне пройдзе, Байдэн дадаў, што апошнія выказванні Трампа дадаюць тэрміновасці і важнасці справе падтрымкі Злучанымі Штатамі саюзнікаў.

«Ніводзін іншы прэзідэнт у нашай гісторыі ніколі не схіляўся перад рускімі дыктатарамі. Дазвольце мне цалкам выразна заявіць: я ніколі не схілюся. Ды Божа мой, гэта ж бязмозгла, гэта ганебна, гэта небяспечна. Гэта не па-амерыканску», — так прэзідэнт ацаніў выказванні экс-прэзідэнта.

Дональд Трамп на мінулым тыдні на мітынгу ў Паўднёвай Караліне распавёў пра размову, якая быццам бы была ў яго з лідарам адной з краін NATO на саміце альянсу.

Як распавёў Трамп, гэты лідар пацікавіўся, ці прыйдуць ЗША на дапамогу ягонай краіне ў выпадку нападу Расеі, нават прытым, што ягоная краіна не выконвае прыняты ў NATO нарматыў вайсковых выдаткаў 2% ад ВУП.

«Я сказаў: вы не заплацілі, вы пратэрмінавалі? — нібыта адказаў Трамп кіраўніку неназванай краіны. — Не, у такім выпадку я не буду вас абараняць, больш за тое, я буду заахвочваць іх рабіць усё, што ім захочацца. Вы павінны плаціць па сваіх рахунках»»

Байдэн у аўторак заявіў, што Трамп ставіцца да NATO як да інструмента вымагальніцтва.

«Пакуль я — прэзідэнт, калі Пуцін нападзе на саюзніка па NATO, Злучаныя Штаты будуць абараняць кожную цалю тэрыторыі NATO», — запэўніў Байдэн.

Перад гэтымі фразамі, кажучы пра законапраект аб дапамозе Украіне і іншым саюзнікам, Байдэн звярнуўся да чальцоў Палаты прадстаўнікоў ад Рэспубліканскай партыі: «Вы збіраецеся падтрымліваць Украіну ці вы збіраецеся падтрымаць Пуціна? Вы за Амерыку ці за Трампа?»

Джо Байдэн — прадстаўнік Дэмакратычнай партыі, які да таго ж усё жыццё займаўся знешняй палітыкай, і ён лічыць, што ЗША, як вядучая дэмакратычная дзяржава, абавязаны актыўна ўдзельнічаць у сусветных справах і ў тым ліку ў барацьбе з аўтарытарнымі рэжымамі.

Трамп жа з яго лозунгам »Амерыка перш за ўсё« на словах заўсёды быў схільны да ізаляцыянізму і, у прыватнасці, неаднаразова заяўляў, што ЗША не павінны дапамагаць тым саюзнікам па NATO, што не хочуць выконваць нарматыў ваенных выдаткаў у 2% ВУП.

Абавязанне давесці вайсковыя выдаткі да гэтых двух адсоткаў ВУП краіны NATO ўзялі на сябе яшчэ ў 2014 годзе, пасля захопу Расеяй Крыма і развязвання вайны ў Данбасе. Пры гэтым дасягнуць гэтага арыентыру саюзнікі паабяцалі адзін аднаму вельмі няхутка — да 2030 года.

Поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну падштурхнула краіны NATO, і цяпер, паводле папярэдніх падлікаў альянсу, гэтую норму выконваюць 18 з 31 краіны блока. ЗША выдаткоўваюць на ўзброеныя сілы 3,5% свайго ВУП, і ў абсалютных лічбах іх вайсковыя выдаткі нашмат большыя, чым выдаткі ўсіх астатніх чальцоў NATO разам узятых.

Каментары3

  • Васіль
    14.02.2024
    Петрасян. А раскажы як ты ў 2014 званіў Турчынаву і ціснуў на яго, каб Украіна не супраціўлялася расейскай агрэсіі?
  • Granny
    14.02.2024
    Nie, tut stary maje racyju.
  • 14.02.2024
    Бязмозгла і ганебна было нічога не зрабіць, калі РФ забірала Крым. Байдэн тады быў першым памошнікам Абамы і непасрэдна займаўся пытаннем Крыму.

Украінцы праводзяць паспяховыя контратакі на Пакроўскім напрамку1

Украінцы праводзяць паспяховыя контратакі на Пакроўскім напрамку

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» сацсеткі расійскага журналіста Аляксандра Няўзорава8

Чарговы Усебеларускі народны сход пройдзе ў красавіку23

«Беліта-Вітэкс» згортвае бізнэс у Еўрасаюзе11

Мінус $1,3 мільярда cклала сальда замежнага гандлю ў 20241

Самы папулярны сабака ў Беларусі. Гісторыя «той самай Жужы з запраўкі»5

Што зменіцца на закрытым мосце ў цэнтры Мінска

Ланская на Занзібары, Дарафеева на Кубе, Сярога ў Швейцарыі: дзе адпачываюць зімой лукашэнкаўскія спевакі23

Эканоміку Іспаніі называюць найлепшай у свеце. Як гэта ўдалося?12

У Мінску грамадскі транспарт ідзе з адставаннем у графіку 20 хвілін

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Украінцы праводзяць паспяховыя контратакі на Пакроўскім напрамку1

Украінцы праводзяць паспяховыя контратакі на Пакроўскім напрамку

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць