У Міністэрстве абароны Злучаных Штатаў Амерыкі лічаць, што ва ўкраінскай арміі ёсць добрыя шанцы правесці паспяховае контрнаступленне гэтай вясной, піша УНІАН.
![Бахмут. Разрушенный город](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2023_02/ap23029343259024-kdxlg.jpg.webp)
У ходзе пасяджэння Камітэта Сената ЗША па ўзброеных сілах кіраўнік Пентагона Лойд Осцін пацвердзіў словы сенатара-рэспубліканца Роджэра Вікера, што ва Украіны цяпер перавага, але на полі бою адбываецца жорсткая барацьба. Паводле яго слоў, у апошні час назіраюцца досыць значныя баявыя дзеянні ў раёне Бахмута.
«Украінцы нанеслі расіянам значныя страты, і расіяне вычарпалі запасы браніраваных машын такім чынам, што ніхто не мог гэтага ўявіць. Таму цяпер мы бачым, што Расія бярэцца за танкі Т-54 і Т-55 у сувязі з тым узроўнем страт, які нанеслі ўкраінцы», — сказаў Осцін.
Міністр абароны ЗША патлумачыў: раскансервацыя старых савецкіх танкаў сведчыць пра тое, што патэнцыял Расіі ў вайне слабее. Таксама ў яе ўзнікаюць праблемы з недахопам артылерыйскіх боепрыпасаў і іншых сродкаў, праз што Расія вымушаная звяртацца па дапамогу ў Іран і Паўночную Карэю.
«Я думаю, што мы вясной пабачым узмацненне баявых дзеянняў як умову для паляпшэння манеўраў. З улікам таго, што мы зрабілі і працягваем рабіць, — я думаю, што ва Украіны будзе рэальна добры шанец…», — сказаў Осцін.
Сенатар Вікер удакладніў, ці верыць Осцін, што Украіна можа значна прасунуцца ў перыяд ад сёння і да зімы.
«Я веру, што ёсць шанец, і мы ўсё робім, што можам, каб забяспечыць, каб у іх былі магчымасці быць паспяховымі», — сказаў Осцін.
Каментары