Эканоміка11

Ад электракараў да мікрааўтобусаў. Якія «айчынныя» аўтамабілі ўжо выпускалі ў Беларусі

Учора Лукашэнка наведаў у Мінску завод «Мотавела», дзе раскрытыкаваў працу прадпрыемства і яго кіраўніцтва за праваленыя даручэнні па лакалізацыі вытворчасці. На заводзе палітыку паказалі «беларускі» матацыкл. Як высветлілася, пад выглядам айчыннага быў французскі Mash X-Ride, які збіраецца ў Кітаі. «Наша Ніва» паглядзела, якую іншую тэхніку ўлады выдавалі за «беларускую». 

Паўднёваафрыканскі беларус

Для мінскага мотавелазавода гэта ўжо другі фэйл, у які яны трапляюць толькі цягам гэтага лета. У чэрвені прадпрыемства выпусціла электракар, дакладней, электрычны квадрыцыкл. Тады пад выглядам «беларускага» публіцы прэзентавалі электрычны аўтамабіль кітайска-афрыканскага паходжання Eleksa CityBug.

Электрамабіль M1NSK. Фота: abw.by

Экзэмпляр, які падавалі як «беларускі», адрозніваўся ад арыгінала толькі рашоткай паміж фарамі, дзе быў размешчаны лагатып M1NSK. Пры гэтым, на стырне і капоце электракара, вырабленага на Мотавелазаводзе, працягваў красавацца лагатып паўднёваафрыканскага брэнда.

Паўдневаафрыкаскі Eleksa CityBug. Фота: topauto.co.za

Усе гэтыя недарэчнасці адбываюцца на фоне перыядычных заяў пра тое, што Беларусь хутка выпусціць уласны электрамабіль. Гэтай ідэяй загарэліся пасля таго як у 2017-м Лукашэнка пратэставаў Tesla. Тады ён даручыў айчынным распрацоўшчыкам імкнуцца да гэтага ўзроўню. 

У 2018 годзе старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў абяцаў журналістам прадэманстраваць такую распрацоўку да канца 2018-га. Але трэба разумець, што гэтак званы беларускі аўтамабіль у любым выпадку вельмі ўмоўна можна было называць беларускім, паколькі рабілі яго не з нуля, а ўжо з існуючага кітайскага Geely.

Тым не менш, старшыня Прэзідыума НАН чатыры гады таму распавядаў менавіта пра распрацоўку ўласнага электракара:

«Зараз актыўна працуем ужо над цалкам беларускім узорам электрамабіля. Гэта вельмі складаны механізм для вырабу, адпрацоўваем розныя сістэмы. Мы плануем стварэнне электрамабіля не толькі нейкага аднаго тыпу — але і прадстаўнічага класа, і сярэдняга класа, і даступны для шырокіх слаёў насельніцтва», — адзначаў ён.

Праз два з паловай года, у студзені 2021-га, ён зноў заяўляў пра гатоўнасць Беларусі выпускаць поўнасцю свой электрамабіль. Але, як бачым, сваёй «Тэслы» ў нас так і не з'явілася.

Акадэмія навук пазней прадставіла толькі электрычны пікап уласнай зборкі. 

Фота: Tut.by

Галоўнае — замяніць шыльду

Называць кітайскую тэхніку «беларускай» стала ўжо нечым звычайным. Нешта падобнае можна назіраць і ў выпадку з мікрааўтобусамі МАЗ, якія збіраюць на Брэсцкім машынабудаўнічым заводзе. З беларускага там толькі зборка і шыльда. Мікрааўтобусы проста збіраюць з машынакамплектаў кітайскага вытворцы JAC. 

Мікрааўтобус МАЗ. Фота: abw.by

Ці можа Беларусь выпускаць уласныя аўто?

Аднак, нягледзячы на ўсе папярэднія няўдачы, Лукашэнка не губляе надзеі зрабіць свой аўтамабіль. Днямі ў эфіры СТБ міністр прамысловасці Пётр Пархомчык заявіў, што ёсць даручэнні Лукашэнкі стварыць цалкам беларускі аўтамабіль. Гэтая заява стала рэакцыяй на тое, што праз санкцыі завод БелДЖЫ за 2022 год выпусціць у тры разы менш машын, чым у 2021 годзе.

Складанасці з выпускам Geely ў Беларусі звязаны з тым, што праз санкцыі еўрапейскія вытворцы прыпынілі пастаўкі камплектуючых у Беларусь. Такія навіны сведчаць пра тое, што нават у кітайскіх аўтамабілях ёсць пэўная доля еўрапейскага імпарту, без якого немагчыма выпускаць машыны. 

Фота: скрыншот з відэа БелТА

Аднак калі глядзець на рэчы цвяроза, у Беларусі няма шанцаў распрацаваць і запусціць у серыю аўтамабіль уласнай маркі. Дзеля справядлівасці адзначым, што наша краіна далёка не адзіная ў свеце, хто не можа сабе гэта дазволіць. 

Больш за тое, за апошнія дзесяцігоддзі мы бачылі шмат прыкладаў, калі невялікія мясцовыя брэнды сыходзілі з рынку або ўваходзілі ў склад вялікіх канцэрнаў, бо не вытрымлівалі канкурэнцыю. З яскравых прыкладаў — чэшская Skoda і іспанскі SEAT, якія сталі часткай канцэрна VAG.

Аднак усе гэтыя працэсы не перашкаджаюць таму, што ў розных краінах, якія развіваюцца, з'яўляюцца заводы, дзе вялікія аўтаканцэрны з тым ці іншым узроўнем лакалізацыі вырабляюць аўтамабілі пад уласнымі маркамі. Шмат такіх прыкладаў мы маглі назіраць у тым ліку ў Расіі, дзе да вайны працавалі заводы такіх гігантаў, як Renault, BMW, VW і іншыя.

Нават Лада больш, чым на 50% зроблена з імпартных кампанентаў

І нават калі браць да ўвагі аўтамабілі расійскай маркі LADA, то і яна, як высветлілася, з большага выраблялася з замежных кампанентаў. Нават LADA Niva, якую пачалі выпускаць яшчэ ў часы СССР, больш, чым на 50 адсоткаў складалася з замежных складнікаў. Менавіта з-за гэтага атрымалася, што пасля ўвядзення санкцый у Расіі амаль спынілася вытворчасць не толькі аўто замежных марак, але і мясцовай. 

Каб хоць нейкім чынам працягваць збіраць машыны, расіяне былі вымушаныя прымаць змены ў заканадаўстве, дазваляць рэгістраваць аўто, якія адказваюць экалагічнаму класу еўра-2. Таксама яны былі вымушаныя пачаць выпускаць машыны без якіх-небудзь дадатковых опцый у выглядзе ABS, падушак бяспекі і г.д.

Таму калі ўлады ў чарговы раз будуць размаўляць пра выпуск аўласных аўто, можна чакаць, што ў лепшым выпадку яны зноў пакажуць кітайскую распрацоўку пад выглядам «беларускай», як гэта было ў выпадку з матацыклам M1NSK.

Каментары1

  • Праўруб
    16.08.2022
    Днямі ў эфіры СТБ міністр прамысловасці Пётр Пархомчык заявіў, што ёсць даручэнні Лукашэнкі стварыць цалкам беларускі аўтамабіль — ахахха, як яны сабе гэта ўяўляюць? Ім самім не смешна агучваць гэтую ахінею?

У Мінску знік вядомы прарасійскі блогер і госць лукашэнкаўскай прапаганды2

У Мінску знік вядомы прарасійскі блогер і госць лукашэнкаўскай прапаганды

Усе навіны →
Усе навіны

У Сірыі калону расійскіх вайскоўцаў не пусцілі на базу ў Тартусе3

Аплікацыя «Новая Беларусь» змяніла назву. Цяпер гэта платформа Svae4

Пры пераводах грошай у калоніі на пошце сталі патрабаваць пашпарт

Беларуска аформіла на сябе крэдыт для сяброўкі, а тая адмовілася даваць грошы. Што адказалі ў судзе?1

У польскім лесе зафіксавалі на ВІДЭА незвычайных ваўкоў1

Украіна экстрадуе нямецкага добраахвотніка па падазрэнні ў трох згвалтаваннях4

Самую дарагую кватэру ў Мінску ў студзені прадалі ў Доме Чыжа1

Трамп дазволіў подкуп замежных чыноўнікаў для выгод амерыканскага бізнэсу9

На новую вытворчасць на МАЗе патрабуецца 1500 работнікаў — Мінгарвыканкам3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Мінску знік вядомы прарасійскі блогер і госць лукашэнкаўскай прапаганды2

У Мінску знік вядомы прарасійскі блогер і госць лукашэнкаўскай прапаганды

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць