Гісторыя1313

Ці можна лічыць войска Вітаўта рускім?

У Мінску ідзе гістарычная канферэнцыя «Старажытная Русь пасля Старажытнай Русі: дыскурс усходнеславянскага (не)адзінства».

Ігар Марзалюк (у прэзідыуме) і яго апанент Генадзь Сагановіч (на фота справа) падчас канферэнцыі.

Увогуле, гэтымі днямі ў Мінску адначасова адбываюцца дзве знакавыя гістарычныя канферэнцыі. Большая па колькасці ўдзельнікаў канферэнцыя «Вялікае Княства Літоўскае: палітыка, эканоміка, культура» у Нацыянальнай акадэміі навук і меншая па колькасці даследчыкаў, але не менш маштабная — «Старажытная Русь пасля Старажытнай Русі: дыскурс усходнеславянскага (не)адзінства», якая адкрылася 4 лістапада. Яна бліскуча арганізаваная кафедрай гістарычнай спадчыны Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы (РІВШ) у партнёрстве з Германскім гістарычным інстытутам Масквы.

Асноўныя пасяджэнні пройдуць 5-6 лістапада.

Прадметы канферэнцый перасякаюцца, але не супадаюць. Форум, арганізаваны РІВШ, прапануе па-новаму паглядзець на тэрыторыі, якія да ХІІІ стагоддзя называліся Руссю, і абмеркаваць «феномен Старажытнай Русі пасля Старажытнай Русі».

Даследчыкі з Беларусі, Германіі, Польшчы, Расіі, Украіны расстаўляюць акцэнты ў даследаваннях адпаведна сваёй нацыянальнай гістарыяграфіі. Для прасоўвання навукі важна выслухаць адно аднаго, а таксама распрацаваць праблемы, якія знаходзяцца на сутыку нацыянальных гістарыяграфій.

Дыялогу спрыяе і адсутнасць падзелу на секцыі — усе могуць чуць усіх, дыскутаваць.

Такая арганізацыя абмяжоўвае колькасць удзельнікаў, але дае магчымасць ацаніць маштабы даследаванняў і пабачыць цэласны гістарычны культурны ландшафт. Як зазначыў арганізатар і галоўны рухавік канферэнцыі Аляксей Мартынюк, часта на канферэнцыях пасля пленарнага паседжання нас разводзяць па секцыях: беларускіх гісторыкаў — у секцыю па гісторыі ВКЛ, расійскіх — у секцыю па гісторыі Масковіі, Пскова, Ноўгарада, украінскіх — у секцыю гісторыі Галіцка-Валынскага княства. «Мы бяром свае партфелі і ідзём слухаць,» — зазначыў гісторык, - «што пазбаўляе нас магчымасці бачыць адзіную, суцэльную карціну».

Даклады, у асноўным, прысвечаныя засваенню і асэнсаванню спадчыны Русі ІХ-ХІІІ стагоддзяў жыхарамі Рэчы Паспалітай і Расіі ў XIV-XVII стагоддзях, а таксама пытанню гістарычнай памяці, звязаных з Руссю гістарычных міфаў падчас выбудоўвання протанацыянальнай ідэнтычнасці жыхароў Усходняй Еўропы.

Рэктар РІВШ у вітальным слове зазначыў, што «ўсе мы ўнукі аднаго дзеда». Ніхто з удзельнікаў канферэнцыі гэты тэзіс не аспрэчваў, але кожны даклад паказваў, наколькі рознілася засваенне супольнай спадчыны ў кожнай з краін, што ўзніклі на «рускіх» землях, і як насельніцтва кожнай з іх выкарыстоўвала гістарычную памяць у сваіх мэтах.

Адно з пытанняў, узнятых на канферэнцыі, — што гісторыкам рабіць з шматсэнсоўнасцю тэрміна «рускі».

«З якім войскам Вітаўт удзельнічаў у бітве на Ворскле — з рускім, русінскім, літоўскім, літвінскім, усходнеславянскім, войскам ВКЛ, старабеларускім ці стараўкраінскім — або проста з беларускім ці ўкраінскім — знойдуцца гісторыкі, якія і так будуць казаць», — зазначыў Аляксей Мартынюк.

Гісторык прапануе выкарыстоўваць тэрмін «Рутэнія» для постстаражытнарускіх, дамадэрных рэалій на ўсходнееўрапейскіх тэрыторыях.

Праўда, ён ужываўся адно замежнымі аўтарамі, а жыхары гэтых земляў называлі сябе па-рознаму, але большасць сучаснай гістарычнай тэрміналогіі — штучна прыдуманая навукоўцамі. Магчыма, і «Рутэнія» прыжывецца ў навуцы.

Вітальнае слова на адкрыцці канферэнцыі прамаўляў Нікалаус Катцар, дырэктар Германскага гістарычнага інстытута ў Маскве, аднаго з дзесяці даследчых інстытутаў пры фондзе Макса Вэбера. Ён адзначыў невысокую цікавасць у Еўропе да краін і народаў, што развіваліся паралельна заходнееўрапейскаму Сярэднявеччу.

Сенатар Ігар Марзалюк прызнаўся, што апошнім часам часта чуе абвінавачванні ў нацыяналізме і ў разбурэнні агульнарускага адзінства.

У яго дакладзе прагучала больш пытанняў, чым адказаў. Як падлічыць, колькі сярод насельніцтва было носьбітаў той ці іншай ідэнтычнасці? Наколькі можна распаўсюджваць ідэнтычнасць аўтара адной крыніцы на розныя групы і саслоўі?

На думку гісторыка, вытокі дзяржаўнасці для продкаў сучасных беларусаў у XVI стагоддзі адназначна звязваліся з Кіеўскай Руссю, русінскую ідэнтычнасць вызначала этнічная самасвядомасць жыхароў беларускіх земляў.

Раней за ХІХ стагоддзе мы не знаходзім вызначэння ліцвінаў як продкаў жыхароў гэтай зямлі, кажа Марзалюк. «Аднак быць русінам — не значыць быць прыхільнікам рускага адзінства». Марзалюк некалькі разоў прыводзіў красамоўны прыклад: у час Лівонскай вайны магілёўскія месцічы ладзілі вылазкі на Смаленшчыну, бралі ў палон і прадавалі маскавітаў за 3-5 коп грошай літоўскіх. Пры канцы выступу гісторык зазначыў, што протанацыянальная ідэнтычнасць беларусаў упершыню праявілася ў працах віленскай прафесуры першай траціны ХІХ ст. і ў працах заходнерусістаў:

«Каяловіча мы кепска чытаем. Яго канцэпцыя генезісу ВКЛ — тая ж канцэпцыя Краўцэвіча, толькі на рускай мове».

Ён выказаў спадзяванне, што некалі з’явіцца даследаванне школьных падручнікаў беларусаў ХІХ стагоддзя — без аналізу іх зместу, лічыць Марзалюк, мы не зразумеем працэсы фарміравання беларускай нацыі.

Важны этап канферэнцыі — прэзентацыя праекта комплекснага міждысцыплінарнага навуковага даследавання працэсаў зараджэння протанацыянальных ідэнтычнасцяў ва Усходняй Еўропе. Праект прадстаўляў Андрэй Даронін — спецыяліст па праблеме германскага Рэнесансу. Ён зазначыў, што

нацыя як такая — прадукт Рэнесансу, калі ўпершыню быў уведзены падзел гісторыі на эпохі і парушылася агульная гісторыя «ад Адама». На месца адзінага хрысціянскага еўрапейскага дрэва прыйшоў цэлы сад, і кожнае дрэва ў ім пачало шукаць свае карані і знаходзіць у гісторыі і гістарычнай памяці пераемнасць.

Ці былі аналагічныя працэсы характэрныя для ўсходнеславянскіх земляў? Удзельнікі праекта імкнуцца адказаць на пытанне, ці магчыма казаць пра пачаткі мадэрнай нацыі ва ўсходніх славян у XVI— сярэдзіне XVIII стагоддзяў і пра складанне самастойных раннемадэрных нацыянальных міфалогій. А калі так, то які ў гэтым працэсе быў уплыў заходніх ідэй і мадэляў.

Апошні пленарны выступ быў прысвечаны запазычанням з Бібліі ў адзінай пісьмовай крыніцы па гісторыі Старажытнай Русі — Аповесці мінулых часоў. Дакладчык — Аляксандр Філюшкін, доктар навук з Пецярбургскага ўніверсітэта, аўтар фундаментальных даследаванняў пра жыццё Андрэя Курбскага, Івана Грознага, Лівонскую вайну і новых канцэпцый па гісторыі XVI стагоддзя.

Спадар Філюшкін зазначыў, што паколькі пісьмовасць у славян з’явілася досыць позна, а век гістарычнай памяці — не больш за 80 гадоў, летапісцы вымушаныя былі пісаць гісторыю па даступных ім узорах. Такім узорам была біблейская традыцыя.

Так, летапісец пералічваў славянскія плямёны па аналогіі з каленамі Ізраілевымі, зазначаў, што пісьмовасць славянам даў Святы Дух.

Каб стаць выбраным народам, засталося здабыць зямлю абяцаную — выгнаць і перамагчы няверных. Канцэпцыя Аповесці мінулых часоў мела рэлігійную накіраванасць, зазначыў Філюшкін. Цікава, што асновай для Аповесці паслужыў Стары Запавет: гістарычная канцэпцыя Новага Запавету адмаўляе этнічны складнік.

У XVI стагоддзі Русь у летапісах Масковіі і Вялікага Княства Літоўскага ўспрымаецца як выток і пачатак дзяржаўнай гісторыі, «рускае» мінулае запатрабаванае дынастычнай і генеалагічнай міфалогіяй, аднак ужо ў той час Масква і ВКЛ успрымаюць адно аднаго як чужакоў: «У крыніцах адзінства не зафіксавана. І ў той час братамі мы не былі, перафразоўваючы вядомы твор», — адзначыў Філюшкін.

У наступныя дні маем яшчэ магчымасць паслухаць мноства цікавых дакладаў і легендарных даследчыкаў. Канферэнцыя адбываецца па адрасе: Мінск, вул. Маскоўская, д. 15, аўд. 323. Праграма канферэнцыі тут.

Каментары13

Зяленскі заявіў, што прапануе Расіі занятую УСУ частку Куршчыны на абмен2

Зяленскі заявіў, што прапануе Расіі занятую УСУ частку Куршчыны на абмен

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску грамадскі транспарт ідзе з адставаннем у графіку 20 хвілін

Маск прапанаваў амаль $100 мільярдаў за кантроль над OpenAI2

Ці будзе Беларусь плаціць рэпарацыі Украіне? Разважае эксперт37

Яшчэ адзін банк прапанаваў здымаць грошы на касах у крамах

Трамп увёў 25-працэнтныя пошліны на ўвесь імпарт сталі і алюмінію ў ЗША

Як будуць выглядаць людзі праз 1000 гадоў — прагноз навукоўцаў13

Планы па рэканструкцыі касцёла на Кальварыйскіх могілках у Мінску памянялі не ў лепшы бок1

69-гадовы бізнэсмен нажыў дзіця з 25-гадовай каханкай, а ад аліментаў хітра ўхіліўся14

Брытанец, дзяўчына якога выкінула ў сметніцу дыск з біткойнамі на $700 мільёнаў, хоча купіць увесь сметнік4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зяленскі заявіў, што прапануе Расіі занятую УСУ частку Куршчыны на абмен2

Зяленскі заявіў, што прапануе Расіі занятую УСУ частку Куршчыны на абмен

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць