Пераможца Фактар.by Віталь Багданаў шчыра расказаў пра сваю гульнявую залежнасць і самы вялікі пройгрыш
«Я спрабаваў зарабляць. Ставіў няшмат, патрохі, але каб сістэматычна быць у плюсе. Нейкі час гэтая схема працавала».
Пераможца чацвёртага сезону шоу «Фактар.BY» Віталь Багданаў прызнаўся, што пэўны час рэгулярна рабіў стаўкі на спорт. У выніку яго самы вялікі пройгрыш склаў 4000 рублёў. Па словах мужчыны, для яго гэта былі істотныя грошы.
«У мяне заробак быў не дужа вялікі. Для мяне гэта былі вялікія грошы. Сорамна было перад сям'ёй, перад усімі. Неяк трэба было выкручвацца з гэтай сітуацыі», — дзеліцца Віталь у эфіры БТ. Але, як прызнаецца мужчына, праз тры гады ён зноў прайграў істотную суму.
«Хацеў грошай», — проста тлумачыць Багданаў сваю гульнявую залежнасць.
«У мяне не было такога азарту, што зараз пастаўлю, умоўна, сто рублёў і выйграю тысячу. У мяне быў халодны разлік. Я спрабаваў зарабляць. Не шмат ставячы, па трохі, але каб сістэматычна быць у плюсе. Нейкі час гэтая схема працавала. Але потым — у любым выпадку тут справа ў шанцаванні — гэта ўсё рухнула», —
расказвае мужчына і дадае, што гульня на стаўках у яго займала шмат часу, думак і перажыванняў»:
«Сістэматычна хацеў зарабляць, таму шмат часу сыходзіла на тое, каб гэта ўсё аналізаваць, ставіць, нешта, адсочваць. У нейкі момант да мяне сын падыходзіць: «Тата, пагуляй са мной». Я кажу: «Зараз, зараз» — і не магу ад мабільнага дадатку адліпнуць. І я проста разумею: нават калі я буду зарабляць грошы такім чынам, я проста выключаюся і [цалкам] там знаходжуся, яны мне шчасця не прынясуць».
Віталь звяртае ўвагу на распаўсюджанасць рэкламы букмекерскіх кантор, але рэкамендуе ўспрымаць іх не як сродак зарабіць, а хобі:
«Вось я, напрыклад, сяджу на якім-небудзь спартыўным канале ў ютубе, і там расказваюць, дапусцім, пра футбол і, вядома, рэкламуюць часам стаўкі, нейкія букмекерскія канторы. Ёсць адэкватныя блогеры, яны проста табе чорным па белым гавораць: «Памятайце, што гэта не сродак заробку, гэта проста хобі, захапленне».
Кожны чалавек выбірае сабе сам. Можна, напрыклад, узяць 20 рублёў і купіць нешта паесці. Але некаму будзе цікава проста на шанцаванне кінуць [на стаўку]. Можна за 10 рублёў купіць што смачнае ці, дапусцім, у кіно схадзіць. А нехта абярэ ў лато [згуляць]. Але калі ты шмат грошай у гэта ўкладваеш, зразумела, гэта ўжо дрэнна».
Каментары