Жыхарка Магілёва даказала бацькоўства памерлага партнёра праз ДНК-экспертызу
Дзяўчына нарадзіла сына па-за шлюбам. Афіцыйна факт бацькоўства падчас адносін пара так і не ўстанавіла.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2025_02/1ervugykeuyvruyerger-aix1c.jpg.webp)
Праз некаторы час мужчына памёр, а магіляўчанцы спатрэбілася пацвердзіць яго бацькоўства. У Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз распавялі, як удалося правесці ДНК-даследаванне.
Вядома, што мужчына прызнаваў нараджэнне дзіцяці, глядзеў яго і купляў неабходныя рэчы. Аднак афіцыйнага пацверджання бацькоўства не было.
Праз восем гадоў ён памёр, і маці дзіцяці вырашыла аформіць пенсію па страце карміцеля — для гэтага спатрэбілася юрыдычнае пацвярджэнне роднаснай сувязі.
Жанчына звярнулася ў суд, дзе было прызначана судова-медыцынскае генетычнае даследаванне.
«З улікам таго, што меркаваны бацька памёр, але ў яго заставаўся родны брат, а дзіця — хлопчык, суд прыняў рашэнне аб правядзенні экспертызы па біялагічных узорах роднага брата памерлага, бо Y-храмасомная ДНК перадаецца па мужчынскай лініі (ад бацькі да сына)», — паведамілі ў ДКСЭ.
Вынікі даследавання паказалі, што меркаваны дзядзька і дзіця з верагоднасцю 99,98% з’яўляюцца біялагічнымі сваякамі па мужчынскай лініі. Такім чынам, экспертыза пацвердзіла, што сын магіляўчанкі з’яўляецца родным дзіцем памерлага.
Каментары