У пачатку 2000-х узровень разводаў у Паўднёвай Карэі быў адным з самых высокіх у свеце. А цяпер удвая ніжэйшы, чым у Беларусі.
Як піша The Wall Street Journal, дваццаць гадоў таму ўзровень разводаў у Паўднёвай Карэі быў адным з самых высокіх у свеце. Гэтая тэндэнцыя ўзнікла пасля Азіяцкага фінансавага крызісу ў канцы 1990-х і прыняцця важнага заканадаўчага рашэння, якое ўпершыню дазволіла хатнім гаспадыням атрымліваць частку пенсіі мужа пры разводзе. Прыкладна ў той жа час з’явілася першае шоу, прысвечанае разводам, — «Каханне і вайна», дзе гледачы вырашалі, ці павінна пара расстацца.
Сёння сітуацыя змянілася: ужо пяць гадоў запар узровень разводаў у Карэі зніжаецца і цяпер складае 1,8 на 1000 чалавек. Для параўнання: у Беларусі гэты каэфіцыент удвая вышэйшы — 3,7.
Спецыялісты звяртаюць увагу на вялікую папулярнасць кантэнту пра разводы ў краіне, дзе сацыяльныя нормы і грамадскі ціск часта стрымліваюць людзей ад прыняцця рашэння разысціся. Паколькі гэтая тэма ўсё яшчэ не стала цалкам адкрытай для дыскусій, менавіта праз медыя людзі могуць даведацца, як іншыя спраўляюцца з падобнымі праблемамі.
Сярод папулярных шоу — «Лагер роздумаў аб разводзе: Абнаўленне», дзе пары, чые адносіны знаходзяцца пад пагрозай, спрабуюць пераасэнсаваць і аднавіць свой шлюб, і «Як ваш шлюб?» — дыскусійнае ток-шоу, прысвечанае праблемным адносінам. А шоу знаёмстваў «Каханне пасля разводу» прыцягвае гледачоў слоганам: «Зноў адзінокія, зноў гатовыя да новых знаёмстваў».
Гледачы такіх шоу атрымліваюць практычныя парады па вырашэнні сямейных праблем, а таксама магчымасць наладзіць больш цесную сувязь з блізкімі.
Аднак нягледзячы на папулярнасць у медыя, тэма разводаў у Паўднёвай Карэі дагэтуль застаецца сацыяльна стыгматызаванай. Для таго, каб паказаць, што людзі, якія перажываюць сямейны крызіс, не адзінокія, юрыстка Чхве Юна (Choi Yuna) у 2018 годзе стварыла «комікс пра развод». Яе ініцыятыва прывяла да стварэння папулярнага серыяла «Добры партнёр» на Netflix, які стаў адным з лідараў праглядаў у краіне.
Цяпер у Паўднёвай Карэі тэма разводаў ахоплівае не толькі традыцыйныя тэлешоу, але і новыя фарматы. Напрыклад, на платформе кароткаметражных відэа выйшаў серыял «Усё або нічога» пра выдуманую знакамітасць, якая разводзіцца.
Праз тэлешоу, блогі і дыскусіі ў сацсетках многія пачынаюць усведамляць, што шлюб патрабуе працы, кампрамісаў і эмацыянальнай гнуткасці. Гэты інфармацыйны ўплыў, магчыма, і стаў адной з прычын змяншэння колькасці разводаў у Паўднёвай Карэі: пары, замест таго каб расставацца, спрабуюць знайсці рашэнні сваіх праблем, натхнёныя вопытам іншых.
Адкрытыя размовы не падштурхоўваюць да разрыву, а наадварот, дапамагаюць умацоўваць адносіны і шукаць шляхі да паразумення.
Развод бацькоў аказвае працяглы негатыўны эфект на ўзровень жыцця дзяцей — навукоўцы
Як развесціся з партнёрам і не нашкодзіць дзіцяці і ці варта захоўваць шлюб дзеля малога?
«Дзецям трэба чытаць і пра развод, і пра страхі»: гутарка з Надзеяй Кандрусевіч, якая вывела беларускія дзіцячыя кнігі на новы ўзровень
Каментары
жэрлі ягоныя хімозныя цукеркі ?