Новы прэпарат можа вярнуць зрок і спыніць наступствы старэння мозгу
У ЗША распрацавалі перспектыўны прэпарат, які можа цалкам аднавіць зрок і палепшыць фукцыі мозгу ў пацыентаў, хворых на рассеяны склероз, альбо тых, якія пакутуюць ад натуральнага старэння ці цяжкіх траўмаў галавы.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2025_01/vecteezy_multiple-sclerosis-awareness-month-special-event_43253986-i46t6.jpg.webp)
Вучоныя з Універсітэта Каларада ў ЗША стварылі перспектыўны прэпарат, які можа аднавіць зрок у людзей з рассеяным склерозам і іншымі неўралагічнымі захворваннямі, што пашкоджваюць нейроны, піша часопіс Medical Xpress.
Прэпарат LL-341070 узмацняе здольнасць мозгу аднаўляць пашкоджаны міэлін — ахоўную абалонку вакол нервовых валокнаў галаўнога і спіннога мозгу. Пашкоджанне міэліну з'яўляецца адметнай рысай такіх хвароб, як рассеяны склероз, а таксама натуральных наступстваў старэння, якое часта прыводзіць да страты зроку, парушэння рухальных навыкаў і зніжэння кагнітыўных функцый.
Даследаванне, якое засяродзілася на зроку пацыентаў у вышэйпералічаных выпадках, паказала, што хоць мозг мае натуральную здольнасць самастойна аднаўляцца пасля пашкоджання міэліну, гэты працэс звычайна павольны і неэфектыўны. Навукоўцы заўважылі, што LL-341070 значна паскарае працэс аднаўлення і паляпшае функцыі мозгу, звязаныя са зрокам, нават пасля сур'ёзных пашкоджанняў (напрыклад, пасля цяжкіх траўмаў ці аварый).
«Гэтае даследаванне набліжае нас да свету, дзе мозг мае здольнасць самастойна і эфектыўна рэгенераваць. Скарыстаўшыся гэтай здольнасцю, мы спадзяёмся дапамагчы людзям з такімі захворваннямі, як рассеяны склероз, даючы людзям шанец аднавіць зрок і кагнітыўныя функцыі мозгу», — адзначылі навукоўцы.
Па іх словах, прэпарат ужо прадэманстраваў поспехі на мышах і паказаў, што нават частковае аднаўленне міэліну было звязана са значным паляпшэннем функцый мозгу, звязаных са зрокам. Наступны крок — тэставанне на людзях.
Даследчыкі плануюць праверыць дзеянне прэпарата ў іншых частках мозгу і ўдасканаліць лячэнне, каб зрабіць яго ў будучыні яшчэ больш плённым і даступным для пацыентаў.
Каментары