Прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху сустрэнецца з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам у Белым доме на наступным тыдні. Нетаньяху стане першым замежным госцем Трампа пасля яго вяртання на пасаду прэзідэнта, піша Бі-бі-сі.
Ізраільскія афіцыйныя асобы паведамілі, што сустрэча адбудзецца ў аўторак, 4 лютага, і стане першай замежнай паездкай Нетаньяху пасля таго, як у мінулым годзе Міжнародны крымінальны суд (МКС) выдаў ордар на яго арышт у сувязі з абвінавачваннямі ў ваенных злачынствах падчас вайны ў Газе.
Аднак ЗША, як і Ізраіль, не прызнаюць МКС, таму Вашынгтон не абавязаны дзейнічаць па яго запытах.
Нетаньяху таксама стане першым замежным госцем прэзідэнта Трампа пасля яго інаўгурацыі.
Лідары дзвюх краін абмяркуюць: пастаяннае спыненне агню ў Газе, ядзерную пагрозу з боку Ірана, перспектывы нармалізацыі адносін паміж Ізраілем і Саудаўскай Аравіяй, якая была сарваная або адкладзеная з-за вайны ў Газе.
У афіцыйным запрашэнні, накіраваным Нетаньяху ў сераду і апублікаваным у ізраільскіх СМІ, Трамп напісаў: «Я з нецярпеннем чакаю магчымасці абмеркаваць, як мы можам прынесці мір Ізраілю і яго суседзям, а таксама намаганні па супрацьдзеянні нашым агульным ворагам».
«Для мяне будзе гонарам прыняць вас у якасці першага замежнага лідара падчас майго другога тэрміну», — дадаў Трамп.
Апошнім часам прэзідэнт ЗША выклікаў абурэнне ў арабскім свеце пасля неаднаразовых заклікаў да Егіпта і Іарданіі дапамагчы «ачысціць» Газу, прыняўшы большую частку насельніцтва анклава, разбуранага вайной.
Гэта прапанова была рэзка асуджана як ХАМАСам, так і Палесцінскай аўтаноміяй. Іарданія і Егіпет таксама адкінулі гэтую ідэю.
Каментары
- яны ж там замерзнуць, - кажу
- евреи нигде не пропадут