Камедыя ў Расіі: мэр выпадкова прайграў выбары жонцы свайго кіроўцы. Цяпер спарынг-партнёрка аспрэчвае ў судзе сваю ж перамогу
Мэр горада Бярозаўскі ў Свярдлоўскай вобласці перайграў сам сябе. Але чыноўнікі, мяркуючы з усяго, знайшлі выйсце з сітуацыі.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2025_02/1-7lf10.jpg.webp)
У горадзе Бярозаўскі ў Свярдлоўскай вобласці, дзе жыве 77 тысяч чалавек, разгортваецца сапраўдная палітычная камедыя. Абраная мэрам горада Юлія Маслакова падала ў суд і спрабуе аспрэчыць сваю ж перамогу.
З 2011 года горадам кіруе адзінарос Яўген Пісцоў. У студзені ён пайшоў на свой чацвёрты тэрмін. Па правілах, спачатку кандыдатаў у мэры адбірала конкурсная камісія з чыноўнікаў і мясцовых дэпутатаў. З дзесяці чалавек былі адабраныя двое: сам Пісцоў і Юлія Маслакова — па супадзенні, жонка асабістага кіроўцы мэра і начальніца аддзела ў яго адміністрацыі.
Канчатковы выбар павінна была зрабіць гарадская дума. Галасаванне, якое павінна было прайсці гладка, скончылася сенсацыяй. Спачатку дэпутаты, большасць з якіх прадстаўляюць пуцінскую «Адзіную Расію», рэзка раскрытыкавалі Пісцова за неэфектыўныя рашэнні.
Маслакова зразумела, што ўсё развіваецца ў не зусім правільным для яе начальніка кірунку, і паспрабавала зняцца з конкурсу. Але дума яе самаадвод не прыняла: паводле правілаў, прыбраць прозвішча з бюлетэняў ужо нельга.
У выніку мэрам выбралі Маслакову: яе падтрымалі 17 з 23 дэпутатаў. Пастфактум парламентарыі расказалі «Коммерсанту», што галасавалі не за спарынг-партнёрку, а менавіта супраць Пісцова. Дэпутаты спрабавалі дамовіцца з уладамі Свярдлоўскай вобласці, каб да выбараў дапусцілі якіх-небудзь альтэрнатыўных кандыдатаў, але там адмовілі. Дэпутатам, незадаволеным Пісцовым, нічога не заставалася, акрамя як прагаласаваць за жонку ягонага кіроўцы.
Маслакова неўзабаве пасля галасавання адмовілася ад пасады. Яна патлумачыла гэта тым, што «не хоча працаваць у атмасферы канфліктаў». А цяпер абраная мэр падала ў суд на гарадскую думу. Адвакат Андрэй Яланцаў, які таксама ўдзельнічаў у конкурсе, расказаў у сацсетках, што Маслакова вырашыла аспрэчыць сваю ж перамогу.
«Гэта першы ў Расіі выпадак, калі кандыдат, які атрымаў перамогу, аспрэчвае сваё ж абранне. У СМІ ж называюць Маслакову «тэхнічным кандыдатам», які быў патрэбны Яўгену Пісцову для стварэння ілюзіі выбару.
У наяўнасці злоўжыванне правамі ў інтарэсах дзейнага мэра. Разумеючы, што шанцаў абрацца ў яго няма зусім, людзі зусім без усялякага сораму зацягваюць працэс выбараў новага мэра любымі сродкамі, жадаючы захаваць уладу хоць бы на некалькі месяцаў», — адзначыў Яланцаў.
Сама Маслакова пазоў не каментавала. Ён праходзіць па катэгорыі «Аб абароне выбарчых правоў і права на ўдзел у рэферэндумах грамадзян РФ».
Пасля адмовы Маслаковай ад пасады ў горадзе будуць прызначаныя новыя выбары. Пакуль кіраўніком Беразоўскага застанецца Пісцоў.
Каментары