«Гэты трэк зразумеюць толькі беларусы». Дыджэй ператварыў усім знаёмую мелодыю з прагнозу надвор’я ў тэхна
Атрымаўся сапраўды настальгічны хіт для тусовак.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2024_08/2024-08-26005959-8dq0b.png.webp)
Запіс з тэхна-рэйва ў начным клубе Modul Art Platform, які знаходзіцца ў будынку па Кастрычніцкай вуліцы, 16, выклалі ў тыктоку. Знаёмую ўсім беларусам інструментальную мелодыю з прагнозу надвор'я на ТБ малады дыджэй Даня ператварыў у трэк, які гайдае натоўп.
Трэк выклікаў усеагульнае захапленне: «Наш беларускі вайб!» Як заўважылі знаўцы, ягоная прыгажосць у прастаце — на мелодыю з прагнозу надвор’я ідэальна лягла прамая бочка.
Відаць, вялікую ролю ва ўспрыманні трэка адыграла настальгія. Многія падзяліліся сваімі ўспамінамі, як пад гэтую мелодыю збіраліся ў дзяцінстве ў школу. «Не думала, што пад яе так каўбасіць можа», — даюцца дзіву беларусы.
У каментарах запатрабавалі апублікаваць гэты шэдэўр цалкам на якой-небудзь платформе. Што і было зроблена. Трэк NPD — Belorusski Utrennik ужо даступны для праслухоўвання на платформе SoundCloud.
Арыгінальная мелодыя была напісаная беларусам Ігарам Сацэвічам, музыкантам з джаз-бэнда Apple Tea. За тое, што яе выкарысталі як тэму папулярнай тэлеперадачы на канале АНТ, аўтар не атрымаў ніякіх аўтарскіх адлічэнняў. Пасля ягоную мелодыю прысвоіў і расійскі Першы канал.
Каментары