Пасля даносу Бондаравай настаўніца года з Ляхавічаў тэрмінова выехала з Беларусі
Таццяна Крапіневіч працавала ў Мінску ў бізнэс-сферы, а пасля перабралася ў Ляхавічы, каб вучыць дзяцей
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2025_01/krapinevich-hkx83.jpg.webp)
Яшчэ ў пачатку месяца Таццяна Крапіневіч была намесніцай дырэктара ляхавіцкай гімназіі. Цяпер яна апынулася ў Варшаве як палітычная эмігрантка.
У снежні 2024 года даносчыца Вольга Бондарава — якая ў сваім салідным узросце яшчэ не здолела атрымаць вышэйшую адукацыю — звярнула ўвагу на інстаграм Таццяны і заклікала ГУБАЗіК разабрацца з настаўніцай.
Таццянай зацікавіліся сілавікі, і яна вырашыла з'ехаць з краіны. Адміністрацыйны суд, прызначаны на 28 студзеня 2025 года, пройдзе без яе.
Гісторыя Крапіневіч унікальная — яна доўгі час працавала ў бізнэс-сферы ў Мінску, але вырашыла паўдзельнічаць у праграме «Настаўнік для Беларусі». Ідэя праекту была ў тым, каб высокакваліфікаваныя спецыялісты вучылі дзяцей у рэгіёнах — там, дзе ўзровень адукацыі звычайна ніжэйшы, чым у буйных гарадах. Так Таццяна апынулася ў Ляхавічах. У 2023 годзе яна стала фіналісткай конкурсу «Настаўнік года Беларусі».
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_01/2025-01-23201106-jic6e.jpg.webp)
Цяпер разам з 15-гадовай дачкой Таццяна абжываецца ў Варшаве.
Каментары