Сапраўдныя меламаны пазналі мелодыю з некалькіх нот.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2024_08/youtube_thumbnail-23-tjckj.png.webp)
Даследчыкі папрасілі ў фэйсбуку дапамогі з расшыфроўкай і апазнаннем мелодыі, чые ноты выгравіраваныя на надмагіллі Валянціны Сямашкі на Вайсковых могілках. На масіўным помніку з чорнага лабрадарыту быў нанесены ўсяго адзін нотны радок, але і яго аказалася дастаткова для знаўцаў.
Валянціна Сямашка — важная постаць для беларускай музыкі. Валянціна, якая ў дзявоцтве насіла прозвішча Ісаева, нарадзілася ў 1868 годзе ў Слуцку. Разам з будучымі выдатнымі музыкантамі і кампазітарамі свайго часу, Сяргеем Рахманінавым і Аляксандрам Скрабіным, яна вучылася ў піяніста Васіля Сафронава ў Маскоўскай кансерваторыі. Пасля ў якасці піяністкі выступала разам з мужам Марыянам Сямашкам, віяланчэлістам Вялікага тэатра і блізкім сябрам пісьменніка Антона Чэхава. Частым госцем у доме Сямашкаў быў і Пётр Чайкоўскі.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_08/__-2amsg.jpg.webp)
Пасля рэвалюцыі яе запрасілі выкладаць у новаствораны Менскі музычны тэхнікум. Яе знаёмства з творчай элітай першых шэрагаў стварала для вучняў вакол яе прыцягальны паэтычны арэол. З моманту заснавання Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі ў 1932 годзе Сямашка выкладала ў ёй. Яе вучнямі стала цэлая плеяда выдатных беларускіх піяністаў. У Менску яна таксама арганізавала хатнія музычныя вечары для мясцовых настаўнікаў.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_08/454040796_3223232671143153_6227378852861717556_n-hws8f.jpg.webp)
Старая музыкантка памерла ў 1938 годзе. Праўда, тут энцыклапедычныя даныя разыходзяцца з той датай, якая нанесена на самім помніку — 1937. Гэтак сама невядома дзе і пры якіх абставінах памёр ейны муж.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_08/454317033_3223232634476490_9187019880555926423_n-qamls.jpg.webp)
Але ўдалося хаця б разгадаць мелодыю, нанесеную на помнік. Як падказалі аматары музыкі, гэта пачатак прэлюдыі № 8 мі-бемоль мінор (унікальны нумар BWV 853) з першага тома зборніка клавірных п'ес «Добра тэмпераваны клавір» Ёгана Себасцьяна Баха, які быў скончаны ў 1722 годзе. Некаторыя даследчыкі інтэрпрэтуюць усе творы са зборніка праз асацыяцыі з біблейскімі сюжэтамі.
Ці супадзенне, што твор, чые радкі нанесеныя на надмагілле, асацыюецца са Зняццем з крыжа цела Хрыста, які памёр у пакутах? Магчыма, так маглі зашыфраваць рэлігійную адсылку мовай, якая зразумелая толькі сваім, і незразумелая тым, хто змагаўся з рэлігіяй у савецкія часы.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬУваход у метро ў глушы. Гісторыя аднаго з самых незвычайных здымкаў Мінска
Як выглядала і хто стварыў надмагілле для дачкі Вайніловіча
У Полацку імкліва разбураюцца руіны касцёла. Абвалілася яшчэ частка мура
Беларускі Стоўнхэндж ці сярэднявечныя могілкі? Адметны комплекс валуноў у Бялыніцкім раёне дагэтуль тоіць загадкі
Каментары