Латушка згадаў, як 20 гадоў таму Лукашэнка пабаяўся ехаць на памятнае мерапрыемства ў Аўшвіц
«Шэйман даў рэкамендацыю адмовіцца».
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2024_05/lukaenka3_ap240509-89t42.jpg.webp)
Сёлета Святлана Ціханоўская разам з сусветнымі лідарамі запрошаная ад Беларусі на цырымонію 80-годдзя з дня вызвалення канцлагера Аўшвіц (Асвенцім). Удзел ад Беларусі возьме і Павел Латушка.
Латушка, які ў 2005 годзе быў паслом Беларусі ў Польшчы, згадаў, што на цырымонію 60-годдзя з дня вызвалення канцлагера Аўшвіц афіцыйнае запрашэнне накіроўвалі ў тым ліку Аляксандру Лукашэнку.
«Прэзідэнт Польшчы Аляксандр Кваснеўскі зрабіў чарговую спробу ўсталяваць адносіны з Лукашэнкам. Ён сказаў мне пра ідэю запрасіць Лукашэнку на памятныя мерапрыемствы 60-гаддзя вызвалення Асвенціма. Гэта адбылося падчас навагодняга прыёму ў прэзідэнцкім палацы. Пазней мы атрымалі і афіцыйнае запрашэнне», — расказвае Латушка.
Па словах былога пасла, ён памятае, што пісаў адпаведную прапанову ў Мінск. Але Лукашэнка адмовіўся ад паездкі.
«Ён спалохаўся. Тады, наколькі я памятаю, дзяржаўны сакратар Рады бяспекі Віктар Шэйман даў Лукашэнку рэкамендацыю адмовіцца ад удзелу ва ўрачыстасцях, бо яны баяліся таго, што падчас урачыстасцяў, калі Лукашэнка будзе прысутнічаць, могуць быць галасы ці нават дзеянні пратэсту супраць яго прысутнасці ў гэтым настолькі важным гістарычным месцы»,
— тлумачыць Латушка.
Лукашэнка ў выніку накіраваў старшыню Савета Рэспублікі Генадзя Навіцкага. Тады была адкрыта памятная дошка аб закатаваных беларусах у Асвенціме.
Па словах Латушкі, Лукашэнка некалькі разоў адмаўляўся прыняць афіцыйнае запрашэнне заходніх прэзідэнтаў. Напрыклад, калі прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон запрашаў яго на ўрачыстасці, звязаныя са 100-годдзем завяршэння Першай сусветнай вайны ў лістападзе 2018 года. У той час Латушка быў паслом у Францыі.
«Мы нават ужо шукалі гатэль, з пратаколам працавалі па дэталях магчымага прыезду. Але Лукашэнка, як заўсёды ў апошні момант, адмовіўся і накіраваў [старшыню Савета Рэспублікі] Міхаіла Мясніковіча», — прыгадвае Латушка.
Каментары