«Польшча тоне». Масква арганізавала новую аперацыю па дэзынфармацыі, беларускія сілавікі на падхваце
Каналы сілавых ведамстваў Беларусі зноў паслухмяна распаўсюдзілі дэзынфармацыю па камандзе Масквы.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2024_09/wroclaw_getty240920-pr7lg.jpg.webp)
«Польшчы забракавала грошай на будаўніцтва інфраструктуры для барацьбы з паводкай, бо Варшава патраціла значныя сродкі на ўзбраенне Украіны», — напісала ТАСС на мінулым тыдні.
У сваім паведамленні агенцтва спаслалася на польскага публіцыста Аркадыюша Мікса (Arkadiusz Miksa). Гэты журналіст апублікаваў сваю аўтарскую калонку ў выданні Myśl Polska, матэрыялы якога вызначаюцца прарасійскім і антыўкраінскім зместам. На яго старонках друкуюць таксама опусы крамлёўскага ідэолага Аляксандра Дугіна.
У гэтым выданні працавала і Агнешка Півар — польская журналістка, якую з вялікай пашанай прымалі мясцовыя ўлады, а польская Gazeta Wyborcza аднесла да ліку «пуцінскіх агентаў хаосу», якія «атручваюць інфармацыйную прастору Польшчы».
У хуткім часе паведамленне ТАСС цалкам перадрукавала «Беларусь сегодня». Не засталіся збоку і тэлеграм-каналы.
«Польшча тоне. На дамбы грошай няма — усё патрацілі на Украіну» — піша тэлеграм-канал заходняга аператыўнага камандавання Узброеных сілаў Беларусі «На западном рубеже».
Насамрэч, Польшча даволі добра дала рады стыхіі. Паводкі ў перадгорных раёнах краіны здараюцца перыядычна. Гэтая стала наймацнейшай з 1997 года, аднак не выклікала значных разбурэнняў. Супрацьпаводкавыя збудаванні ў цэлым вытрымалі ўдар, а Еўрасаюз дапамагае Польшчы, як дапамагаў бы і любой краіне звязу ў экстрэмальнай сітуацыі.
Аднак Масква выкарыстоўвае любую нагоду, каб настроіць еўрапейскія грамадствы супраць салідарнасці з украінскім народам. І беларускія сілавікі рупяцца дзеля таго ж.
«Ужо больш за два гады краіна траціць вялізныя грошы на падтрыманне ўкраінскага канфлікту, у выніку чаго сама засталася з пустымі кішэнямі. Грошай на вадасховішчы і дамбы ў казне няма, аднак яны знайшліся на «дапамогу» УСУ», — пішуць у канале заходняга аператыўнага камандавання.
Некаторыя каналы пайшлі ў сваіх фантазіях далей. Так, «Белорусский фронт», які вядуць, імаверна, ідэолагі беларускіх сілаў спецаперацый, спасылаючыся на неназваныя «мясцовыя тэлеграм-чаты», напісаў, што польскія «вайскоўцы скардзяцца на недахоп тэхнікі, якая была раней перададзена Украіне», а «дзеянні польскага ўрада выклікаюць усё большую незадаволенасць сярод насельніцтва».
У іншым матэрыяле той жа тэлеграм-канал паведамляе аб тым, што «ЕС «кінуў» Польшчу дзеля Украіны». Чаму? Бо збіраецца выдзеліць краіне на дапамогу ў барацьбе з наступствамі паводкі 5 мільярдаў еўра. У той жа час Украіна атрымае 35 мільярдаў.
На кампанію дэзынфармацыі Расіі на фоне наваднення ў Еўропе звярнулі ўвагу польскія вайскоўцы.
Uważaj na dezinformację!
W związku z występującą na terenie południowo-zachodniej Polski sytuacją powodziową, mamy do czynienia z operacją informacyjno-psychologiczną atrybuowaną do Federacji Rosyjskiej. Aparat wpływu stosuje w cyberprzestrzeni technikę selektywnego… pic.twitter.com/r8gqJWMl3B
«У сувязі з сітуацыяй з паводкай, якая адбылася на паўднёвым захадзе Польшчы, мы маем справу з інфармацыйна-псіхалагічнай аперацыяй, якую прыпісваюць Расійскай Федэрацыі. Апарат уздзеяння выкарыстоўвае тэхніку селектыўнага адбору інфармацыі ў віртуальнай прасторы і імкнецца выклікаць у яе атрымальнікаў эмоцыі страху і бездапаможнасці. Адным з элементаў аперацыі з'яўляецца спроба падрыву даверу да органаў дзяржбяспекі», — папярэдзілі ў сваім канале ў Х (Twitter) спецыяльнае падраздзяленне — «Войскі аховы кіберпрасторы».
Каналы беларускіх сілавікоў таксама сталі інструментам расійскай ІПСА.
«Няма ніякай надзеі, што дождж спыніцца». Цэнтральная Еўропа пайшла пад ваду
«Людзі рынуліся ў крамы па ваду, у выніку быў часовы яе дэфіцыт». Беларусы расказваюць пра тое, як польскія ўлады змагаюцца з паводкай
Хто такая польская журналістка Агнешка Півар, перад якой выбачаецца кіраўніца «Белсата» і якой шле паштоўкі Лукашэнка
Рэсурсы Мінабароны РБ распаўсюдзілі новы брудны фэйк пра Украіну
Каментары