«Так цяжка шлях нам церабіць да Беларусі». Канферэнцыя «Новая Беларусь 2023» нагадала словы з вядомага верша
У Варшаве 6 жніўня прайшла канферэнцыя «Новая Беларусь 2023», зладжаная да ўгодкаў прэзідэнцкіх выбараў трохгадовай даўніны. Супрацьстаянне з рэжымам Лукашэнкі не толькі ўвесь гэты час не спыняецца, але робіцца ўсё больш бязлітасным і суровым. Да таго ж ледзь не кожны дзень падкідае Беларусі новыя выклікі. Удзельнікі канферэнцыі абмяркоўвалі, як ім даваць рады, а за працэсам увесь час сачыў прадстаўнік «Нашай Нівы».
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2023_08/2023-08-07001316-yh40l.jpg.webp)
«Кіберпартызаны»: Зладзім марафон падтрымкі Палка Каліноўскага! Полк Каліноўскага: Абыдземся без вас!
Мерапрыемства пачыналася на ўздыме, хаця і са спазненнем на 15 хвілін.
Удзельнікі пачалі збірацца яшчэ задоўга да прызначанага часу, і адчувалася, што людзі — а гэта былі пераважна тыя, хто апынуўся ў выгнанні — шчыра радаваліся сустрэчам з даўнімі знаёмымі.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_08/0026-2ihj2.jpg.webp)
Зала, дзе праходзіла пасяджэнне, была запоўненая цалкам. Прысутных прывіталі кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская і старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.
І тут жа было абвешчана, што паліцыя Польшчы атрымала паведамленне пра небяспеку для Святланы Ціханоўскай. Яна пакінула залу, але пасля праверкі памяшканняў выйшла ў фае да журналістаў і ўдзельнікаў ужо пасля завяршэння першай панэльнай дыскусіі.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_08/0014-384w1.jpg.webp)
Першая панэль была прысвечаная развагам пра тое, што ўжо зрабілі і што збіраюцца яшчэ зрабіць дэмакратычныя сілы для пераходу да дэмакратыі ў Беларусі. Прысутныя чакалі ад выступоўцаў справаздачы ці хаця б пераліку зробленага, але шмат хто застаўся незадаволеным. Падчас кава-паўзы можна было пачуць як пазітыўныя водгукі, так і скаргі пра тое, што «шмат вады» і «адны агульныя фразы».
Падвышаная ўвага залы адчувалася не да прамоў вядомых апазіцыйных палітыкаў, а да выступаў менш публічных асобаў — прадстаўніцы «Кіберпартызанаў» Юльяны Шаметавец і прадстаўніка Палка Каліноўскага Паўла Кухты.
Юльяна Шаметавец заклікала не замоўчваць памылкі і настойвала на тым, што публічныя палітыкі абавязаныя агучваць свае мэты і трымаць справаздачу перад грамадствам. Прапанавала кіраўнікам палітычных і грамадскіх структур завязаць супрацоўніцтва з Палком Каліноўскага і ладзіць марафоны падтрымкі.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_08/0015-38qyf.jpg.webp)
Для многіх стала нечаканасцю, што ад такой падтрымкі для Палка Каліноўскага адмовіўся яго прадстаўнік Павел Кухта. Ён запэўніў, што ў выпадку неабходнасці вайскоўцы самі арганізуюць марафон ці нешта падобнае.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_08/0016-7yzih.jpg.webp)
Што да дзейнасці на карысці будучыні Беларусі, то, як ён абвясціў, Полк Каліноўскага рыхтуе адмысловую канферэнцыю, каб абмеркаваць новую стратэгію супольнай працы вайсковага і палітычнага блокаў. Імпрэза запланаваная ў Кіеве гэтай восенню.
Шмат выступаў, мала дыскусій
Такую думку можна было пачуць у кулуарах канферэнцыі. Ці не таму пасля першай кава-паўзы людзей у зале заўважна паменшала: хто-ніхто вырашыў прапусціць другую дыскусію дзеля таго, каб у гэты час проста пакамунікаваць з даўнімі знаёмымі.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_08/0047-qlexi.jpg.webp)
Між тым другая панэль праходзіла ў іншым фармаце. Калі Зміцер Лукашук, мадэратар першай часткі канферэнцыі, дазваляў выступоўцам выказвацца, яўна перавышаючы агавораны ліміт часу, то другі мадэратар, Зміцер Міцкевіч, наладзіў запрошаным спікерам бліц-турнір.
Усе яны мусілі адказаць адразу на 4 пытанні, што тычыліся ўзаемадачыненняў Беларусі і Расіі, перспектыў інтэграцыі Беларусі ў Еўропу і будучыні ўзаемаадносін Беларусі і Украіны.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_08/0034-eb0yz.jpg.webp)
Выступоўцы чакана выказаліся за аддаленне Беларусі ад Расіі і набліжэнне да Еўропы. Многія крытычна заўважалі, што Беларусь найперш мае падумаць, чым яна можа быць карыснай Еўрасаюзу. Што да стасункаў з Украінай, то на цяперашні момант яны перадусім мусяць заключацца ў падтрымцы украінскага народа, з якім ваюе Расія.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_08/0055-k2m2y.jpg.webp)
Удзельнікам канферэнцыі, а таксама тым, хто не змог далучыцца, было прапанавана падтрымаць тры дэкларацыі, напярэдадні распрацаваныя ўдзельнікамі Круглага стала палітычных лідараў. У тым ліку «Дэкларацыю аб сяброўстве Беларусі ў Еўрапейскім Саюзе» і «Дэкларацыю дэмакратычных сілаў Беларусі аб салідарнасці з народам Украіны».
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_08/0105-mgg26.jpg.webp)
Яшчэ адна, «Палітычная дэкларацыя дэмакратычных сілаў Беларусі», абвяшчала пра стварэнне руху «Новая Беларусь», але пра яго мэты і задачы падчас канферэнцыі гаварылася мала.
Увазе ўдзельнікаў канферэнцыі была прапанаваная і заява дэмакратычных сілаў Беларусі «Выбары 2024 — гэта падман і імітацыя». Паводле гэтага дакумента, дэмакратычныя сілы Беларусі лічаць наступныя парламенцкія і мясцовыя выбары нелегітымнымі, бо цяпер у краіне няма ўмоваў для сапраўды народнага волевыяўлення.
Новыя нацыянальныя пашпарты і іншыя мары пра будучыню
Непасрэдна перад трэцім панэльным абмеркаваннем прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета па міжнародных справах Валер Кавалеўскі выступіў з відэапрэзентацыяй новага дакумента, распрацаванага Кабінетам найперш для беларусаў-эмігрантаў.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_08/0076-5kspy.jpg.webp)
Трэцяя частка канферэнцыі тычылася абмеркавання тэмы «Новая Беларусь: якую краіну мы хочам пабудаваць?» Спікеры сышліся на думцы, што новая Беларусь — гэта не проста «Беларусь без Лукашэнкі». І што, будуючы новую дзяржаву, трэба сур'ёзна думаць пра палітычны, эканамічны, сацыяльны, культурны складнікі яе існавання.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_08/0017-dcffh.jpg.webp)
Мадэратарка Кацярына Ваданосава прапаноўвала паразважаць пра гэта з розных бакоў: пра ролю беларускай мовы ў дзяржаўным жыцці, пра гендарны аспект, пра сучасныя падыходы да экалогіі, пра эканамічнае развіццё з улікам перспектыў еўрапейскай інтэграцыі. Зала актыўна ўцягнулася ў дыскусію, але час, адведзены на канферэнцыю, падыходзіў да канца.
Урачыстым і кранальным момантам стала пасмяротнае ўшанаванне медалём «Гонар і годнасць» палітзняволенага Вітольда Ашурка, які загінуў у Шклоўскай калоніі ў маі 2021 года. Медаль быў уручаны ягонаму брату Андрэю, а ўдзельнікі канферэнцыі падняліся на знак пашаны і апладзіравалі стоячы.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_08/0109-xex7n.jpg.webp)
Шлях да новай Беларусі — цяжкі і поўны стратаў
З заключнымі словамі да прысутных звярнулася Святлана Ціханоўская. Яна паведаміла пра адстаўку Аляксандра Азарава з пасады прадстаўніка Кабінета па аднаўленні законнасці і правапарадку, але выказала жаданне, каб ён працягнуў працу пры Кабінеце па плане «Перамога» і каардынаваў супрацоўніцтва з беларускім падполлем.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_08/0086-s78gr.jpg.webp)
Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета заўважыла, што шлях да новай Беларусі — цяжкі і поўны стратаў. Святлана Ціханоўская прыгадала беларускіх вайскоўцаў, што загінулі за свабоду Украіны, і ахвяраў цяперашняга рэжыму — у прыватнасці, мастака Алеся Пушкіна, які памёр падчас зняволення і якому якраз 6 жніўня было б 58 гадоў.
Але «дайсці да Беларусі», як напісаў калісьці Ніл Гілевіч, — гэта адзіная магчымасць захавацца як нацыі. Дайсці да Новай Беларусі, каб не страціць суверэнітэт і не стаць былой самастойнай дзяржавай — гэта галоўная задача, пра якую разважалі сёння ўдзельнікі канферэнцыі. І гэта было, бадай, адзінае, на чым усе сыходзіліся, незалежна ад рознагалоссяў па іншых пытаннях.
«Той, хто змагаўся дзесяцігоддзямі, разумее, што гэта было». Беластоцкія беларусы адзначылі трэцюю гадавіну жніўня 2020-га
У Беларускім доме Варшавы адкрылі мурал «Няскораных беларусаў»
«Наша задача — каб пад удар не патрапілі невінаватыя і не звязаныя з рэжымам людзі». Ціханоўская пракаментавала рашэнні аб небяспечных для Літвы беларусах
Каментары