Жонка Бяляцкага: «Алесь варты Беларусі». У Вільні прэзентавалі кнігі пра яго
У Польшчы і Літве працягваюцца тыдні салідарнасці з Алесем Бяляцкім. Адно з прымеркаваных мерапрыемстваў — прэзентацыя кніг пра нобелеўскага лаўрэата, што адбылася 28 сакавіка ў віленскім Цэнтры беларускай культуры і супольнасці.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2023_03/001_20230328_zam_6873_belacki-ozcg4.jpg.webp)
Прэзентавалі, перш за ўсё, кнігу выбраных тэкстаў Алеся Бяляцкага, сабраную намаганнямі Беларускага ПЭНа, а таксама кнігу «Алесь Бяляцкі на Свабодзе», выпушчаную «Радыё Свабода», у якой сабраны выказванні, інтэрв’ю і ацэнкі вясноўца.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_03/009_20230328_img_8545_belacki-mkrl4.jpg.webp)
Імпрэзу наведалі жонка Бяляцкага Наталля Пінчук, а таксама Таццяна Нядбай, адна са складальніц першай з кніг і кіраўніца Беларускага ПЭНа, сябры і калегі Алеся. Прагучаў голас і самога Бяляцкага, праўда, у відэазапісе, зробленым за некалькі месяцаў да арышту. Вось некалькі слоў з той прамовы:
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_03/002_20230328_img_8568_belacki-pupan.jpg.webp)
«І мы не чакалі таго маштабу рэпрэсій, які абрынуўся на беларускую грамадзянскую супольнасць у жніўні 2020 года і працягваецца да сёння. Забойствы, сотні параненых, тысячы людзей, якія прайшлі праз катаванні і здзекі. Лукашэнка і яго атачэнне праігнаравалі справядлівае патрабаванне мільёнаў беларусаў аб правядзенні сумленных выбараў, пакаранні вінаватых у злачынствах супраць чалавечнасці і аб вызваленні палітычных зняволеных. У краіне прававы дэфолт і фактычна неабвешчанае ваеннае становішча».
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_03/003_20230328_img_8632_belacki-n6tql.jpg.webp)
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_03/011_20230328_zam_6947_belacki-3ue4k.jpg.webp)
Наталля Пінчук адказала на некалькі пытанняў з залы. Бадай, самае важнае з іх гучала так: «Ці дастойная Беларусь Алеся Бяляцкага? Такое адчуванне, што ёсць невялічкая група тых, каму трэба, а ёсць усе астатнія, каму пляваць». Вось што адказала Наталля:
«Мабыць, варта гэта ўсё памяняць месцамі. Думаю, Алесь варты Беларусі, бо Беларусь — тое, за што варта змагацца ўсімі сіламі, усімі сродкамі і хто як можа. І толькі вось гэтымі дзеяннямі мы можам нешта зрабіць.
Давайце пры ўсім пры тым старацца больш са спагадай ставіцца да іншых, на наш погляд, можа, не зусім такіх важных і лёсавызначальных падзей ці мерапрыемстваў, якія арганізуюцца. Усе мы людзі, і кожны ўсё робіць як умее, і ўмеюць людзі вельмі па-рознаму. Галоўнае, каб мы працавалі і каб мы ішлі ў адным кірунку».
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_03/004_20230328_img_8646_belacki-l9mx2.jpg.webp)
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_03/005_20230328_img_8641_belacki-u51a8.jpg.webp)
Мовазнаўца Вінцук Вячорка згадаў адну гісторыю пра Бяляцкага. Паводле Вячоркі, у Мірскім замку каля правай франтальнай вежы закапана прысяга, якую даў Алесь Бяляцкі сорак гадоў таму:
«Ён прысягнуў усё жыццё змагацца за незалежнасць Беларусі супраць савецкай імперыі і барацьбу гэтую перадаць дзецям і ўнукам. Нягледзячы на ўсе рэстаўрацыйныя працы ў Мірскім замку і раскопкі, якія там былі, бутэлька тая з прысягай засталася на сваім месцы. Упэўнены, што яна такім ірацыянальным чынам таксама дапамагае яму выстаяць».
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_03/010_20230328_img_8726_belacki-y10bf.jpg.webp)
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_03/006_20230328_zam_6892_belacki-txq2m.jpg.webp)
Гаварылі і пра тое, ці не зможа Алесь стаць першым прэзідэнтам новай Беларусі, бо чалавек ён сумленны і аўтарытэтны. Відаць, разам з таямнічай прысягай гэтае сумленне і маральны стрыжань — якраз тыя рэчы, што дапамагаюць беларускаму нобелеўцу захаваць сябе ў вязніцы. І тыя, што зрабілі яго легендай.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_03/007_20230328_zam_6931_belacki-s15nc.jpg.webp)
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_03/012_20230328_img_8731_belacki-hcxsx.jpg.webp)
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары