Культ ката, інакш і не скажаш, набыў у гарадзенскім манастыры кур’ёзныя, амаль булгакаўскія, формы…
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2015_08/zanoczy-manastyr-u-horadni-cbvjt.jpg.webp)
Настаяцельніца жаночага манастыра Раства Багародзіцы матушка Гаўрыіла (Глухава) у Горадні ці не самы публічны прадстаўнік царкоўнай іерархіі. Яе часта можна ўбачыць на афіцыйных гарадскіх мерапрыемствах, нават на трыбуне падчас парадаў, а таксама на старонках «Гродзенскай праўды». У часы адыёзнага губернатара Саўчанкі казалі нават пра «клуб сяброў» матушкі з ліку дырэктараў і начальнікаў, якія заходзілі ў манастыр «на гарбату».
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2015_08/ihumiennia-hauryila-hluchava-4kupj.jpg.webp)
Пытанне пра манастырскага гадаванца ўпершыню паўстала ў гарадзенцаў у 2008 годзе пасля з’яўлення ў продажы марозіва «Пушок» з выявай белага пухнатага ката і подпісам «…по Благославению патриаршего Экзарха всея Беларуси, Высокопреосвященнейшего Митрополита Минского и Слуцкого Филарета».
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2015_08/znakamitaje-maroziva-z-blaslavienniam-1-gitew.jpg.webp)
Тады ў СМІ і пачаліся спрэчкі: чый гэта кот — дырэктара фабрыкі або нават самога мітрапаліта Філарэта?..
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2015_08/znakamitaje-maroziva-z-blaslavienniam-2-1v0q8.jpg.webp)
Усё аказалася прасцей і складаней адначасова: Пушок — любімы кот ігуменні Гаўрыілы, а паколькі матушка шчыльна сябруе з гарадскім кіраўніцтвам, у тым ліку дырэктарамі прадпрыемстваў, падобная экстравагантная прапанова з яе боку, хутчэй за ўсё, знайшла водгук у сэрцах кіраўнікоў фабрыкі «Молочный мир», якая выпусціла марозіва…
Выпадак з марозівам мог бы падацца выпадковасцю, калі б Пушок па незразумелых мірскому чалавеку прычынах не прысутнічаў у публічным жыцці манастыра ўвесь час:
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2015_08/puszok-na-manastyrskaj-pasztoucy-bd46t.jpg.webp)
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2015_08/kalektyuny-zdymak-z-manastyrskaha-vydannia---padpisanyja-tolki-nastajacielnica-i-kot-u7z99.jpg.webp)
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2015_08/nastajacielnica-i-kot-c5jsm.jpg.webp)
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2015_08/urazanni-padaroznikau-na-adnym-z-pravaslaunych-sajtau-c26n3.jpg.webp)
У 2010 годзе Горадню з гастролямі наведваў Юры Куклачоў, які …таксама не абмінуў мажлівасці сустрэцца з Пушком. Пра гэта афіцыйная газета напісала ў рубрыцы з суворым назовам «ЖЫЦЦЁ», хоць больш дарэчным, падаецца, было б апублікаваць разам са свецкай хронікай.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2015_08/jury-kuklaczou-i-puszok-aokfz.jpg.webp)
Як піша газета, дрэсіроўшчыка настаяцельніца запрасіла на «духовное общение», дадаўшы, што на такіх сустрэчах Пушок прысутнічае ледзьве не ў абавязковым парадку(!). Напрыканцы сустрэчы Куклачова, канешне ж, пачаставалі знакамітым марозівам.
«Ёсць, канешне, манастыры, дзе асабліва ставяцца да катоў, — распавядае святар а. Аляксандр Шрамко. — Напрыклад св. Міколы на Кіпры або Аляксееўская абіцель (Угліч, Расія). Але гэта іншае, там няма культа нейкага ката-генерала, наўпрост ратуюць беспрытульных жывёлінаў…»
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2015_08/aalaksandr-szramko-x6biz.jpg.webp)
«Дарэчы, калі выпускалася марозіва з подпісам пра блаславенне, я таксама звяртаўся ў епархію, бо лічу, што гэта дыскрэдытуе Царкву», — выказаў меркаванне а. Аляксандр Шрамко.
Цікава, што марозіва «Пушок» у гарадзенскіх крамах прадаецца і дагэтуль, але ўжо без усялякіх блаславенняў. Мажліва, новы мітрапаліт не аматар салодкага…
Каментары