Як Беларусі выйсці з застою і дасягнуць эканамічнага росту? Тлумачыць Данейка
Госцем новага выпуску праграмы «Перетрём с Халезіным» стаў эканаміст і аналітык Павел Данейка. Ён падзяліўся сваім бачаннем шляху беларускай эканомікі да росту.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/stock/maz_minsk_automobile_plant_0515-88uf7.jpg.webp)
Новыя выклікі
Па словах Данейкі, пераход да інфармацыйнага грамадства, які цяпер адбываецца ва ўсім свеце, прыводзіць да значнай змены сістэмы каштоўнасцей і галоўных дзеючых асоб.
«Мы пераходзім цяпер у іншы свет, дзе індывідуальныя каштоўнасці і твая здольнасць фарміраваць сваю сацыяльную будучыню, твая асабістая адказнасць становіцца больш значнай. І тады ўсе сацыялістычныя штукі пра роўнасць, пра абарону меншасцяў губляюць той сэнс, які быў.
Чаму? Таму што ўсе гэтыя элементы «мы супрацьстаім капіталізму», «абаронім тых няшчасных, якіх гэты капітал…». А тут вы ўсе роўныя ў новым свеце. Гэта ваша задача — вырашаць усё. (…) Супрацьстаянне капітал-пралетарыят знікла».
«Мы ідзём у свет, дзе сацыяльная адаптацыя будзе значна больш высокай», —
заўважае Данейка і звяртае ўвагу, што ў ЗША доля фрылансераў складае 40%. Таму чалавек павінен быць гатовы мяняць сваю прафесію, асвойваць новыя навыкі і адаптавацца да змены ўмоў працы.
Эканаміст даводзіць, што ў будучым паспяховымі будуць тыя людзі і грамадствы, якія змогуць хутка рэагаваць на змены, перавучвацца, асвойваць новыя тэхналогіі і браць на сябе адказнасць за сваю будучыню.
Трэба будзе навучыцца дэмакратыі
У той жа час поспех залежыць і ад палітычнай сістэмы. «Як гісторыя паказвае, рэдка-рэдка аўтарытарныя лідары схопліваюць нешта новае. Звычайна яны наадварот закансервуюць», — заўважае Данейка.
Аднак і пры дэмакратыі неабходны час, каб грамадства зразумела неабходнасць перамен. Для Беларусь сам пераход да дэмакратыі — доўгі працэс.
«Трэба будзе навучыцца дэмакратыі», — гаворыць эканаміст і заўважае, што, на яго погляд, на гэта спатрэбіцца каля 25 гадоў.
Ён прыводзіць у прыклад Польшчу, якая прадэманстравала, што эканамічныя пераўтварэнні могуць быць паспяховымі, калі абапірацца на малы і сярэдні бізнэс і ўстойлівую палітычную сістэму.
![Павел Данейка Павел Данейко Pavel Daneiko](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_01/-9ppix.jpg.webp)
«Гэта краіна, у якой 70% ВУП згенераваныя малым і сярэднім бізнэсам. У Германіі — 45% (…) Чым вышэйшы узровень прадпрымальніцтва ў краіне, тым вышэйшы адаптацыйны патэнцыял», —
тлумачыць аналітык і заўважае, што на шляху да дэмакратыі беларусам неабходна развіваць міжгрупавую дынаміку.
«У мяне заўсёды выклікае пытанне няздольнасць беларусаў да міжгрупавой дынамікі, да дыялогу. Мы адзіная краіна — можа, нешта змянілася — у Цэнтральна-Усходняй Еўропе, дзе не ўзнікла ніводнай закупачнай асацыяцыі (на ўзроўні краіны — НН). (…) Таму ў бліжэйшыя 10 гадоў будзе нармальны працэс пабудовы навыку групавой дынамікі і дыялогу».
Данейка запэўнівае, што калі ў Беларусі будзе адкрытае грамадства, то рэформы прывядуць да аднаўлення дынамікі эканомікі, якая прыкладна з 2012 года спынілася ў росце. Хаця ў краіне ёсць добры патэнцыял.
Патэнцыял Беларусі
На ацэнках Данейкі 60% ВУП краіны прыпадае на прыватны сектар пры тым, што ў краіне так і не была праведзена прыватызацыя.
«Беларусы на 15-м месцы ў свеце па сваіх эканамічных каштоўнасцях — любоў да прыватнага бізнэсу, гатоўнасць займацца прадпрымальніцтвам і гэтак далей.
Узровень даверу [бізнэсу] у нас недзе 45%. (…) У скандынаваў — 60-70%, у немцаў — 40%. То-бок мы маем сярэднееўрапейскі ўзровень, а вакол нас краіны са значна ніжэйшым узроўнем. (…) У нас яшчэ і з мазгамі нармальна. Мы, напрыклад, па рэйтынгу IQ (…) знаходзімся ў 20-цы.
А потым ёсць яшчэ цікавыя статыстычныя даныя. Калі мы бяром узровень тэхналагічнага прадпрымальніцтва, інтэнсіўнасць, мы 20-я ў свеце, а перад намі ЗША, Сінгапур — гэта значыць, толькі развітыя краіны», — даводзіць аналітык і выказвае ўпэўненасць, што сакрэт такіх добрых паказчыкаў крыецца ў менталітэце беларусаў:
«Гэта беларуская ментальнасць. Я часта гавару, што беларусы вельмі падобныя да яўрэяў. Чаму? Таму што ўвесь час жылі пад чужым прэсам і навучыліся адаптавацца».
Каментары