Восем нямецкіх атамных станцый могуць вярнуцца ў энергетычную сетку краіны. Гэты крок падтрымліваецца насельніцтвам і прынясе эканамічную выгаду. Аднак палітыкі супраць.
![Производство электроэнергии в Германии Electricity production in Germany Вытворчасць электраэнергіі ў Германіі](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2023_07/2-n5jj8.jpg.webp)
15 красавіка гэтага года Германія закрыла свае апошнія тры атамныя электрастанцыі. З тых часоў цэны на энерганосьбіты сталі вышэйшыя, чым да энергетычнага крызісу. Краіна стала нета-імпарцёрам электраэнергіі, пацярпела нямецкая прамысловасць. Цяпер многія заводы пераносяцца ў ЗША і іншыя краіны.
Як піша Bild.de, даследчыкі амерыканскай кансалтынгавай кампаніі Radiant Energy Group вывучылі пытанне магчымасці перазапуску ядзерных рэактараў Германіі. У ходзе даследавання было праведзена апытанне сяброў праўлення, супрацоўнікаў і экспертаў энергетычных кампаній і былых аператараў атамных станцый.
Навукоўцы адзначаюць, што ўдзельнікі далі падрабязную інфармацыю аб праблемах, звязаных з перазапускам згаданых атамных электрастанцый, пры ўмове, што яны застануцца ананімнымі.
Даследчыкі выявілі, што 67 % немцаў выступаюць за выкарыстанне ядзернай энергіі. Гэты крок спыніў бы спад прамысловай вытворчасці Германіі. Навукоўцы пішуць, што для гэтага няма непераадольных перашкод. Але патрэбныя «прагматызм» і «актыўнасць».
У даследаванні адзначаецца, што вяртанне да атамнай энергетыкі падтрымліваецца грамадскасцю, яно эканамічна выгаднае і здзяйсняльнае. Да таго ж яно можа дапамагчы ў дасягненні мэтаў ЕС па абароне клімату.
![Nuclear Power Plant Grohnde (Lower Saxony, Germany) Атамная электрастанцыя каля Грандэ ў Ніжняй Саксоніі атомная электростанция недалеко от Гранде в Нижней Саксонии](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_07/-ug6lo.jpg.webp)
Паводле слоў аўтараў, калі б Германія скасавала паэтапную адмову ад атамнай энергетыкі, эканоміка краіны магла б выйграць ад цэн на электраэнергію, якія былі б нават ніжэйшыя за амерыканскія.
Навукоўцы малююць змрочную карціну актуальнай эканамічнай сітуацыі:
«У маі 2023 года эканамічныя даныя паказваюць падзенне прамысловай вытворчасці з-за няўстойлівых цэнаў на энергію». І прагназуюць: «Перазапуск васьмі нямецкіх АЭС забяспечыць больш за 85 тэрават-гадзін электраэнергіі на год пры затратах на выпрацоўку 25 еўра».
Як адзначае Bild.de, такая колькасць электраэнергіі складае 40% прамысловых патрэб Германіі. Гэта адпавядае энергаспажыванню хімічнай, нафтахімічнай, машынабудаўнічай і прыборабудаўнічай галін, якія ўносяць каля 250 мільярдаў еўра за год у валавы ўнутраны прадукт.
Такім чынам, ядзерная энергетыка магла б істотна аблегчыць жыццё Германіі як прамысловаму цэнтру, які ў цяперашні час знаходзіцца пад вялікім ціскам з-за высокіх цэнаў на энерганосьбіты.
Колькі часу можа спатрэбіцца на перазапуск выведзеных з эксплуатацыі АЭС? Аўтары даследавання адзначаюць, што ў найлепшым выпадку спатрэбіцца дзевяць месяцаў, каб вярнуць у строй большасць станцый. Больш рэалістычна, што шэсць АЭС могуць быць зноў запушчаныя на працягу дзевяці-дванаццаці месяцаў, у той час як дзвюм іншым можа спатрэбіцца ад двух да трох гадоў, перш чым яны зноў змогуць пастаўляць электраэнергію.
Самая вялікая перашкода на гэтым шляху не тэхнічная, а палітычная. Неабходны перагляд Закона аб атамнай энергіі. Як адзначае Bild.de, федэральны міністр эканомікі і сябра партыі зялёных Роберт Хабек (Robert Habeck) прытрымліваецца адмовы ад атамнай энергетыкі, аддаючы перавагу ў цяперашні час большаму выкарыстанню вугальнай энергіі.
Аўтары адзначаюць, што акрамя гэтага вялікай праблемай для большасці АЭС з'яўляецца падрыхтоўка новага тэхнічнага персаналу для эксплуатацыі станцый. Акрамя таго, у двух выпадках на рамонт, рэканструкцыю і атрыманне новых дазволаў на эксплуатацыю спатрэбіцца некалькі гадоў.
Навукоўцы адзначаюць, што калі б планы былі рэалізаваныя, то выкіды CO2, якія выдзяляюцца пры вытворчасці электраэнергіі ў Германіі, маглі б скараціцца да 80 мільёнаў тон на год за кошт замены вугальных электрастанцый перазапушчанымі атамнымі.
Чытайце яшчэ:
Германія пераводзіць жытло на цэнтралізаванае цеплазабеспячэнне
Каментары