Следчыя Украіны падазраюць супрацоўнікаў МУС у забойстве беларуса Жызнеўскага, якое адбылося 11 гадоў таму
Беларуса Міхася Жызнеўскага забілі 22 студзеня 2014 года падчас Еўрамайдану ў Кіеве. Пазней яго прызналі Героем Украіны, а ў 2017 годзе тагачасны прэзідэнт Пятро Парашэнка перадаў Зорку Героя бацькам. Забойца дагэтуль не знойдзены, піша Радыё Свабода.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2025_01/8f3be018-dd6b-4082-8e88-7584a9ad3b0c_w1023_r1_s-tc58x.jpg.webp)
Следчыя Дзяржаўнага бюро расследаванняў (ДБР) Украіны працягваюць расследаванне гібелі першых ахвяр падчас супрацьстаяння паміж міліцыяй і пратэстоўцамі ў студзені 2014 года, калі ў Кіеве праходзілі масавыя акцыі пратэсту.
Сярод першых ахвяр, якія загінулі 22 студзеня 2014 года, — беларус Міхась Жызнеўскі і грамадзяне Украіны Сяргей Нігаян і Раман Сенік.
«Следства працягвае правяраць супрацоўнікаў МУС, якія неслі службу ў дзень забойстваў. Таксама яшчэ працягваюцца судовыя экспертызы і адпрацоўка сведак», — паведаміла дзяржаўнаму агенцтву «Укрінформ» пракурор Людміла Гаўрыш, якая ажыццяўляе працэсуальнае кіраўніцтва ў справах Майдана.
Следчая ДБР Вольга Паўлюк адзначыла, што расследаванне першых забойстваў на Майдане ўскладняецца праз адсутнасць якасных відэазапісаў моманту злачынстваў, а таксама непасрэдных сведак.
«Мы пастаянна правяраем працаўнікоў праваахоўных органаў, якія знаходзіліся ў месцах, дзе былі ўчынены забойствы, у тым ліку тых, хто меў агнястрэльную зброю — гладкаствольныя помпавыя стрэльбы мадэлі «Форт-500»», — сказала Вольга Паўлюк.
Паводле яе слоў, цяпер праводзяцца допыты асоб, якія могуць мець важную для следства інфармацыю, і працягваюцца следчыя дзеянні з іх удзелам.
«Экспертныя ўстановы праводзяць медыка-крыміналістычныя і комплексныя судова-медыцынскія экспертызы, у тым ліку экспертызы па ідэнтыфікацыі зброі, якія маглі б пацвердзіць датычнасць непасрэдных выканаўцаў да забойстваў Нігаяна, Сеніка і Жызнеўскага», — дадала следчая ДБР.
Вольга Паўлюк падкрэсліла, што працягваюцца пошукі новых абставін першых забойстваў на Майдане, якія патрабуюць дадатковай праверкі.
Раней было паведамлена аб падазрэнні арганізатарам гэтых злачынстваў — былому прэзідэнту Віктару Януковічу, экс-міністру ўнутраных спраў Віталію Захарчанку і яго намесніку, а таксама кіраўнікам Галоўнага ўпраўлення МУС у Кіеве.
Беларуса Міхася Жызнеўскага забілі 22 студзеня 2014 года падчас Еўрамайдану ў Кіеве. Пазней яго прызналі Героем Украіны, а ў 2017 годзе тагачасны прэзідэнт Пятро Парашэнка перадаў Зорку Героя бацькам. Забойца дагэтуль не знойдзены.
Каментары