У сіцылійскім аэрапорце чатырох беларусаў затрымалі за кантрабанду цыгарэт
У міжнародным аэрапорце Катаніі Фантанароса, які знаходзіцца на італьянскім востраве Сіцылія, затрымалі чатырох беларусаў, якія падазраюцца ў кантрабандзе цыгарэт. Пра гэта гаворыцца ў сумесным прэс-рэлізе Агенцтва па мытні і манаполіях і Фінансавай гвардыі Італіі, піша сайт «Беларусь і свет».
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2024_07/sigarety-1wtuv.jpg.webp)
Выпадкі незаконнага ўвозу тытунёвых вырабаў выявілі ў перыяд з красавіка па ліпень падчас праверак, якія праводзяцца на рэйсах з Грэцыі.
У прыватнасці, двое нашых суайчыннікаў прыбылі з Салонік з транзітам праз Штутгарт і Афіны, а двое іншых — з Афін непасрэдна ў Катанію.
У багажы гэтых пасажыраў былі выяўленыя цыгарэты замежнай вытворчасці без італьянскіх акцызных марак агульнай вагой 215,5 кг. У выніку трое беларусаў былі арыштаваныя, а чацвёрты пакінуты на волі.
Тлумачыцца, што за ўчыненыя правапарушэнні кантрабандыстам можа пагражаць турэмны тэрмін ад двух да пяці гадоў. Акрамя таго, на іх будзе накладзены штраф у памеры 5,16 еўра за кожны ўмоўны грам тытуню, які перавозіцца.
Каментары