Выдаленне зуба — 10 хвілін і 5 мл антысептыку. Мінздароўя скарэктавала нормы па часе і матэрыялах у стаматалогіі
Улады працягваюць уплываць на цэны на платныя паслугі ў стаматалогіі.
![Ілюстрацыйнае фота](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2024_05/f8f8357c-57bb-4bac-bdf8-b5db05177a5c_w1023_r1_s-atzpi.jpg.webp)
З 1 ліпеня зменяцца нормы па часе і матэрыялах. Гэтыя захады павінны зрабіць паслугі зубных лекараў таннейшымі за сённяшнія расцэнкі. На адпаведная пастанову Міністэрства аховы здароўя звярнула ўвагу Радыё Свабода.
Пастанова аптымізавала 169 паслуг у стаматалогіі і актуалізавала нормы расходу матэрыялаў па 37 пазіцыях. Калі раней на агляд пацыента пры першасным звароце адводзілася 20 хвілін, то зараз будзе толькі 15. Час агляду пры паўторным звароце не змяніўся: на гэта па-ранейшаму закладваюць 10 хвілін.
Норму кансультацыі стаматолага з вучоным званнем скарацілі ўдвая: з 40 хвілін да 20.
Дакумент дакладна прапісвае, колькі матэрыялаў па норме належыць выкарыстоўваць і згодна з якім лекарскім рашэннем. Напрыклад, пры накладанні часовай пломбы мяркуецца, што медыкам спатрэбіцца два грамы ваты або два цэлюлозныя валікі і 0,3 грама пламбавальнага матэрыялу.
Мяркуецца, што на выдаленне аднакарэневага зуба абцугамі стаматолаг-хірург і медсястра трацяць 10 хвілін і 5 мл антысептыку.
Летась урад прыняў пастанову, якая тычылася артапедычных, зубатэхнічных, тэрапеўтычных, хірургічных і артадантычных паслуг у краіне. Планавалася, што выдаленне малочнага зуба ў сярэднім патаннее на 33%, а лячэнне сярэдняга карыесу — на 47%.
Каментары