Грамадства33

У індыйскім аэрапорце згубілі польскі гуманітарны ДНЖ беларускі. Што рабіць у такім выпадку?

Беларуска Вікторыя вярталася з Індыі ў Польшчу, дзе цяпер жыве. Але ў аэрапорце пры праверцы дакументаў у яе знік гуманітарны ДНЖ, выдадзены ў Польшчы. Дакумента дзяўчыны так і не знайшлі, таму яна вырашыла ляцець у Ізраіль, дзе ёсць у каго спыніцца, і ісці на прыём у консульства Польшчы. Але трапіць і ў гэтую бязвізавую краіну аказалася не так проста. Сваёй гісторыяй беларуска падзялілася ў інстаграме, піша Most.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Margarita Vais / vecteezy.com

«Здарылася вялікая бяда! У аэрапорце Дэлі пры праверцы дакументаў супрацоўнікі згубілі маю гуманітарную карту побыту (ДНЖ у Польшчы)», — напісала дзяўчына.

Гэта здарылася, калі пасажыры праходзілі з раздрукаванымі квіткамі (у гэтым аэрапорце, як кажа беларуска, электронных не прымаюць). На адным з этапаў праверкі супрацоўнікі не даставілі неабходны штамп.

«З-за недахопу штампа на квітках у нас канфіскавалі нашыя дакументы да высвятлення абставінаў, і пакуль не атрымаем штампа. Пакуль мы хадзілі па штамп і чакалі, пакуль сітуацыя вырашыцца, прайшло хвілін з 30», — расказала Вікторыя на сваёй старонцы.

А калі дакументы вярнулі, пасажыраў — Вікторыю і яе спадарожніка — без чаргі і ў мітусні правялі праз праверку багажу. ДНЖ дзяўчыны захоўвалася ў вокладцы пашпарта і, па яе словах, ніколі не выпадала. Спяшаючыся, беларуска не праверыла, ці дакумент на месцы. І толькі ў зоне чакання Вікторыя выявіла страту.

«Паднялі на вушы ўвесь аэрапорт»

«Мы паднялі на вушы ўвесь аэрапорт. Хадзілі ў службу падтрымкі, да памежнікаў, ахоўнікаў і начальніка нашай авіялініі, які адразу абтэлефанаваў калег і прымусіў іх таксама шукаць маю карту побыту. Там такая плынь людзей і велізарны аэрапорт, што, здавалася, гэта нібыта шукаць іголку ў стозе сена. Нічога не знайшлі», — напісала дзяўчына.

Пазней яна дадала, што ніхто ў аэрапорце Індзіры Гандзі — самым загружаным у Індыі — не здзівіўся страце дакумента, і толькі начальнік авіялініі мітусіўся ды хацеў знайсці яго, пакуль самалёт не адарваўся ад зямлі.

На самалёт Вікторыю не пусцілі, а знаходзіцца на тэрыторыі аэрапорта фармальна больш не было падстаў. Праз пяць гадзін спрэчкі з супрацоўнікамі аэрапорта дзяўчына і малады чалавек выйшлі ў горад.

У спадарожніка Вікторыі грамадзянства Ізраіля, у гэтай краіне жывуць яго сваякі, а беларусцы не патрэбна віза. Таму менавіта Ізраіль выбралі для часовага прыпынку і вырашэння пытанняў у польскім консульстве.

Сваякі дапамаглі маладым людзям купіць квіткі ў Ізраіль, але каштавалі яны (з улікам перасадкі) 2200 даляраў. Гэта пры тым, што, са слоў дзяўчыны, нават на паездку ў Індыю ёй давялося адкладаць грошы (квіткі з Індыі ў Польшчу каштавалі 300 даляраў).

На вырашэнне пытанняў — усяго месяц

Прамых рэйсаў з Дэлі ў Ізраіль было мала, таму маладым людзям прыйшлося пракласці шлях праз Бангкок. Але і ў Ізраілі не абышлося без прыгод. Там з перакладчыкам доўга разбіраліся, чаму Вікторыя ляціць з Індыі з пашпартам Беларусі і з грамадзянінам Ізраіля і ў яе няма польскай візы або ДНЖ, хоць яна жыве ў Польшчы.

Пасля апытання на мяжы дзяўчыну адправілі на дадатковае інтэрв'ю. Там у дэталях распыталі, як беларуска плануе вярнуцца ў Польшчу. Але ў выніку Вікторыі ўдалося прайсці інтэрв'ю.

У выніку праз 39 гадзін дарогі, інтэрв'ю і стрэсу дзяўчына апынулася ў хатняй атмасферы. На тое, каб разабрацца з польскімі дакументамі і пакінуць Ізраіль, у яе ёсць месяц.

«Я буду спрабаваць атрымаць візу ў Польшчу ў Ізраілі і аднавіць карту побыту, але, наколькі ведаю, часу на спробу аднаўлення мала, і вельмі перажываю. Прашу пра дапамогу, калі хтосьці нешта ведае пра гэта», — напісала Вікторыя.

Што яшчэ можна зрабіць, калі за мяжой страчаныя дакументы Польшчы

У каментарах карыстальнік пад нікам lyudmila_legal_pl, якая аказвае дапамогу ў пераездзе і легалізацыі ў Польшчы, напісала, што ў падобных сітуацыях варта звярнуцца ў паліцыю краіны, дзе згубленыя дакументы.

«Звычайна ў такіх выпадках, пры страце дакументаў, ідуць у мясцовую паліцыю. Тлумачыце, што ў вас здарылася, калі не ведаеце мовы, на пальцах або праз перакладчыка. Вам выдаюць даведку. Выдалі даведку, робіце копію даведкі. Адну паказваеце ў пасольстве, другую — калі будзеце ў сябе ў краіне, дзе вы будзеце аднаўляць згублены дакумент.

Затым з гэтай даведкай ідзяце ў амбасаду (амбасада Польшчы ёсць у Індыі), там вядзецца прыём па запісе, але ў гэтым выпадку можна без запісу, аднак у парадку чаргі. Пасольства выдае даведку на вяртанне».

Каментары3

  • ром
    31.01.2024
    а як гэта яны с гуманитарным ДНЖ па Индиям шляюцца??
    гуманитарныя дакументы павинны выдавацца бедным и няшчасным людям яки скрылися ад бяды и преследований
  • змагар
    31.01.2024
    Якую копію? У натарыўса ці як яе зрабіць?
  • Максим Дизайнер
    01.02.2024
    ром

    С языка сняли. Бедные и голодные беларусики дауншифтят по океанам с польскими филькиными грамотами. Если не ошибаюсь, там есть какие-то ограничения по выезду из Польше, или нахождения вне страны.

«Вы павінны сказаць, які дрэнны Саннікаў». Шарэнда-Панасюк — пра тое, як прапагандысты з БТ запісвалі фільм пра яе11

«Вы павінны сказаць, які дрэнны Саннікаў». Шарэнда-Панасюк — пра тое, як прапагандысты з БТ запісвалі фільм пра яе

Усе навіны →
Усе навіны

Попыт на нафту і вугаль дасягне піку ў 2030-м і пачне спадаць3

Святлана Ціханоўская ўпершыню выступіць на галоўнай сцэне Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы11

Набліжаны да сілавікоў канал расказаў, што ўначы ўзарвалася над Гомелем1

«Мяне проста вывезлі на мяжу». Прарасійскага блогера амаль на месяц закрылі ў ізалятар, а пасля выкінулі з Беларусі6

У Хойніках адкрылі памятны знак у гонар Івана Мележа. На рускай мове10

«Горш за Мюнхен». Рэакцыя еўрапейскіх палітыкаў на заявы Трампа аб перамовах з Пуціным71

Не рэстаўрацыя, а пасмешышча. У Ружанах «зарэстаўравалі» рэзідэнцыю Сапегаў13

Сядзенні ў самалётах стануць двухпавярховымі? Airbus стварае інавацыйны дызайн13

Штосьці ўзарвалася над Гомелем. Магчыма, чарговы расійскі шахед збіўся з дарогі7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Вы павінны сказаць, які дрэнны Саннікаў». Шарэнда-Панасюк — пра тое, як прапагандысты з БТ запісвалі фільм пра яе11

«Вы павінны сказаць, які дрэнны Саннікаў». Шарэнда-Панасюк — пра тое, як прапагандысты з БТ запісвалі фільм пра яе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць