Распачаўся найбуйнейшы фотаконкурс. Удзельнічаць можа кожны, а здымкі пабачаць па ўсім свеце
З 1 верасня праходзіць адкрыты фотаконкурс «Вікі любіць помнікі» (Wiki Loves Monuments), які прысвечаны аб'ектам гісторыка-культурнай спадчыны. Здымкі пасля могуць выкарыстоўвацца ў артыкулах «Вікіпедыі», якая сёння існуе на 334 мовах свету.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2023_09/malmhus_slott_2022-2-dr001.jpg.webp)
Конкурс будзе цягнуцца да 30 верасня (у некаторых краінах — з 1 па 31 кастрычніка). Ягоная мэта — прыцягненне ўвагі да культурнай спадчыны краін-удзельніц. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Беларуская Вікіпедыя».
Упершыню конкурс пад названай «Нацыянальныя манументы» (Rijksmonuments) быў праведзены ў 2010 годзе ў Нідэрландах. Тады ўдзельнікі загрузілі больш за 12 500 фотаздымкаў. Ашаламляльны поспех прыцягнуў увагу іншых еўрапейскіх краін. У наступным 2011 годзе пры падтрымцы арганізацыі «Дні еўрапейскай спадчыны» конкурс «Вікі любіць помнікі» стаў міжнародным, у ім удзельнічала 18 краін. 5000 удзельнікаў загрузілі 168 208 здымкаў, што зрабіла конкурс найбуйнейшым у свеце, ён быў унесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_09/cerkiew_ikony_matki_boej_wszystkich_strapionych_rado_w_koterce_ty-fcifl.jpg.webp)
Але ўжо на наступны год рэкорд быў пабіты, калі ўдзельнікі загрузілі ў «Вікіпедыю» ў два разы больш здымкаў — 353 768! 2012 год быў адзіным, калі ў конкурсе брала ўдзел і Беларусь. Беларусы загрузілі больш за 7 400 фота, што да гэтага стварае асноўны масіў здымкаў, якімі ілюструюцца артыкулы пра айчынныя славутасці і гарады. Аўтары найлепшых фотаздымкаў былі ўзнагароджаныя.
Далей, як тлумачыцца ў допісе, Беларусь не ўдзельнічала праз нізкі ўзровень развіцця грамадзянскай супольнасці, моўную раз'яднанасць (беларусы напаўняюць адразу тры «Вікіпедыі»: дзве беларускія і рускую), адсутнасць арганізатараў і спонсараў.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_09/2560px-____-91soy.jpg.webp)
Сёлета наша краіна па тых жа прычынах зноў не бярэ ўдзелу ў конкурсе, але вікіпедысты заклікаюць беларусаў удзельнічаць за іншыя краіны, у якіх яны былі ў адпачынку ці цяпер стала жывуць. Сярод суседзяў гэта Польшча, Украіна (тут конкурс пройдзе ў кастрычніку) і Расія, а таксама Германія, Вялікабрытанія, Аўстрыя, Італія, Іспанія, Партугалія, Сербія, Харватыя, Грэцыя, ЗША ды іншыя краіны свету.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_09/_8-q7i76.jpg.webp)
Адзначаецца, што ўзяць удзел надзвычай проста: дастаткова зарэгістравацца ў «Вікіпедыі», знайсці сярод краін-удзельніц тую, у якой вы былі і здымалі нейкія культурныя каштоўнасці, а пасля ў прыкладзеных спісах помнікаў адшукаць канкрэтны помнік і загрузіць для яго свой фотаздымак. Конкурс праходзіць у два этапы, спачатку адбіраюцца пераможцы на нацыянальным узроўні мясцовым журы, а пасля з нацыянальных пераможцаў выбіраюцца выніковыя. Але на абодвух этапах пераможцаў чакаюць узнагароды, гэта могуць быць як грашовыя прызы, так і, напрыклад, аплачаны адпачынак у нейкай краіне.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_09/__p1900569-io9gd.jpg.webp)
Аўтары допісу развейваюць сумненні людзей, якія лічаць, што іх здымкі, зробленыя на тэлефон у вандроўках, нікому на такім конкурсе не патрэбныя. Па-першае, якасць здымкі сённяшніх смартфонаў вельмі высокая і яе цалкам дастаткова для патрэб вікі-праектаў. Па-другое, сутнасць конкурсу не столькі ў перамозе, колькі ў дапамозе з ілюстрацыямі да артыкулаў і візуальнай фіксацыі помнікаў.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_09/lielstraupes_pils_viena_no_viduslaiku_pilm_latvij-78hkj.jpg.webp)
І хоць Беларусь ізноў не бярэ ўдзелу, беларускія вікіпедысты заклікаюць усё роўна загружаць свае фотаздымкі краіны. А патрэбна, здаецца, абсалютна ўсё: ад будынкаў райвыканкамаў да вёсак, ад вуліц да музейных артэфактаў, ад рэк і пагоркаў да партрэтаў беларускіх дзеячаў.
Таксама здымкі можна ахвяраваць праз адмысловы дазвол або пазначыць свае архіўныя альбомы ліцэнзіяй CC-BY-SA 3.0 і даць вікі-рэдактарам да іх доступ, калі самім няма часу і магчымасці гэтым займацца.
На сёння ў Вікісховішчы захоўваецца звыш 96 млн медыяфайлаў рознай тэматыкі. Папаўненне яго фотаздымкамі Беларусі мае важнае значэнне для пашырэння беларушчыны і прэзентацыі краіны ў свеце — любы артыкул чытаецца лепш, калі ён добра і якасна ілюстраваны. Гэтымі здымкамі і тэкстамі карыстаюцца і школьнікі, і дактары навук, і медыя, і навучальныя ўстановы.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары