Курган Славы пад Мінскам, які лічыцца адным з сімвалаў «Вялікай Айчыннай вайны», паднятай на сцягі ідэалогіяй рэжыму Лукашэнкі як самага галоўнага моманту ва ўсёй беларускай гісторыі, ізноў прыйшоў у заняпад.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2023_06/-j8com.jpg.webp)
Курган заклалі ў верасні 1966 года ў памяць аб гераізме савецкіх салдат і афіцэраў, а таксама ў гонар перамогі ў вайне. Тысячы людзей прыносілі купкі зямлі з розных рэгіёнаў краіны. Мемарыял адкрылі ў 1969 годзе, ягоныя аўтары былі ўдастоеныя Дзяржаўнай прэміі БССР.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_06/mount_of_glory_-_world_war_two_memorial_-_near_minsk_-_belarus_-_02_26972016044-2po8u.jpg.webp)
На вяршыні 35-метровага кургана былі ўсталяваныя чатыры штыкі-абеліскі такой жа вышыні, якія сімвалізуюць 1-ы, 2-і, 3-і Беларускія і 1-ы Балтыйскі франты, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі ад нацыстаў. Аснову штыкоў акружае шырокае кола, унутры якога мазаічны надпіс «Арміі Савецкай, Арміі-вызваліцельніцы — слава!», а звонку барэльефныя выявы воінаў усіх родаў войскаў і партызанаў з залацістай смальты. Да агляднай пляцоўкі на вяршыні вядуць дзве бетанаваныя лесвіцы, кожная з якіх складаецца з 241 прыступкі.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_06/000022_453db136a98c88ef4325870300204cdc_666796-2-sqkde.jpg.webp)
Акурат гэтыя лесвіцы, якія дзвюма стужкамі апярэзваюць штучны ўзгорак, цяпер месцамі ператварыліся ў сапраўдныя пандусы. Жалезабетонныя прыступкі расхісталіся і праселі набок. Праблема ў тым, што кожная з прыступак кансольна заціснутая ў целе самога кургана і на іх трываласць уплываюць прасадкі грунту, выкліканыя як натуральнымі прычынамі, так і рухам наведвальнікаў.
Як адзначаў скульптар Анатоль Арцімовіч, адзін са стваральнікаў мемарыяла,
«была прапанова зрабіць парэнчы на лесвіцы, але я катэгарычна адмовіўся. Калі чалавек пачынае падымацца, узнікае драматызм: чым ён вышэй, тым больш небяспечна яму пачуваецца. Ён пачынае да гэтага кургана прыціскацца, каб не паваліцца».
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_06/-dmxui.jpeg.webp)
Цяпер жа «драматызм» дасягнуў свайго апагею, бо, каб утрымацца на бетонных горках, утвораных вывернутымі на бок прыступкамі, трэба прыкласці нямала высілкаў.
Любое збудаванне, вядома, прыходзіць у неналежны стан, калі яго не даглядаць. Але гэта не тычыцца Кургана Славы, які за апошнія 20 год аднаўлялі ўжо двойчы. Першы раз яшчэ ў 2004 годзе, і ўжо тады рамантавалі прыступкі.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_06/5d89ac93b034ffb09140f75529408688-7v3an.jpg.webp)
Наступная маштабная рэканструкцыя Кургана Славы скончылася ў 2015 годзе. Тады на сродкі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі адрэстаўравалі мазаікі і аглядальную пляцоўку, ізноў адрамантавалі і часткова замянілі прыступкі, да іх бакавых граняў прымайстравалі святлодыёдныя лямпы.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_06/000023_49402f539eaf3c9b432586d00068396a_216635-ncihs.jpg.webp)
Цяпер двойчы рамантаваная лесвіца зноў пайшла «гуляць». Атрымліваецца, што грошы змарнавалі ўпустую? Праекціроўшчыкі дакладна маглі ўлічыць тыя працэсы, якія будуць адбывацца з кансольнымі прыступкамі, каб трывала, на дзесяцігоддзі замацаваць іх. Замест гэтага кожныя дзесяць гадоў ужо традыцыйна лесвіца мае патрэбу ў неадкладным рамонце.
Надзвычайная безгаспадарнасць і безадказнасць. Але ці варта чакаць іншага, калі ўся будаўнічая сфера цудоўна разумее, што на значныя ідэалагічныя аб’екты грошы ў вялікіх аб’ёмах будуць знаходзіцца нават у самыя складаныя часы?
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
былі там некалькі год таму. некаторыя прыступкі сапраўды хісталіся, але гэта падалося нават забаўным - нібы па клавішах ідзеш.. зараз канечне, мяркуючы па фота, стан куды пагоршаў. касметычны рамонт тут пэўна не дапаможа, роўна, як і агароджа - навошта яна, калі прыступкі правальваюцца? каб не скаціліся з гары? дык там не такі вялікі ўхіл, каб скаціцца..
агароджа сапсуе толькі канцэпцыю, якая ў мемарыяльных комплексах ці не галоўная..
ну але.. а можа так і трэба?
Хатынь жа амаль спаганілі ўжо.. Музей ВАВ яшчэ раней пераўтварылі ў салют