«А ці будзе створаны рэсурс накшталт Tut.by?» Што прапагандысты кажуць беларусам на сустрэчах і якія пытанні ім задаюць людзі
Пасля выбараў 2020 года прапагандыстаў сталі часцей пускаць у народ. Яны праводзяць прыёмы грамадзян, сустрэчы са студэнтамі і калектывамі. Паглядзелі, што адбывалася на такіх сустрэчах у апошнія месяцы. Пытанні, якія задаюць прапагандыстам, часам даволі нечаканыя.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2023_06/lodmil9pfkl2b6ugqa10c36yw9qjqmeg-ryed6.jpg.webp)
Ксенія Лебедзева
Часцей за ўсё сустракацца з людзьмі любіць прапагандыстка Ксенія Лебедзева. Так, напрыклад, у сярэдзіне мая тэму інфармацыйнай бяспекі яна абмяркоўвала за «круглым сталом» у Віцебску.
Па словах Лебедзевай, на сустрэчы людзі расказвалі пра праблему камунікацыі з чыноўнікамі.
«Гэта калі праблему ўзнімаюць знізу, а яна ў сярэдзіне не вырашаецца, вышэй не ідзе, зваротнай сувязі таксама няма, а калі ёсць, то гэта адпіска», — напісала прапагандыстка ў сацыяльных сетках.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_06/23-qjhwj.jpg.webp)
Яшчэ адна выснова, якую зрабіла Лебедзева пасля сустрэчы: у абласных, раённых медыя не ўзнімаецца праблемная тэматыка.
Хтосьці з прысутных задаў пытанне: «А ці будзе створаны ў краіне рэсурс накшталт старога Tut.by?»
«Людзей найперш цікавіць месца, дзе можна пачытаць пра падзеі ў краіне, афішы, нейкія побытавыя моманты, інтэрв'ю з чыноўнікамі, дзе ўсё сканцэнтравана на адной пляцоўцы, — разважае Лебедзева, не згадваючы, што гэтыя незалежныя пляцоўкі знішчылі ўлады. — Галоўнае перажыванне, што гэтую нішу зойме дэструктыў, не сёння, дык заўтра».
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_06/216-xw8zp.jpg.webp)
Звярнула ўвагу прапагандыстка і на тое, што чыноўнікі ў інтэрв'ю не хочуць адказваць на вострыя пытанні.
«Гучыць: «Давайце прапусцім». Сёння прапусцім, заўтра сваю версію прапануе ўмоўны Латушка. На перспектыву думаць цяжка. Не жадаюць. А ў выніку частка электарату скажа, што ва ўсім вінаваты Бацька, як гэта было ў 2020 годзе», — робіць выснову прапагандыстка.
Таксама ў маі Лебедзева прыязджала на сустрэчу з моладдзю ў Мазырскі дзяржаўны музыкальны каледж.
Такія размовы прапагандысты ладзяць у рамках праекта «Зачетный разговор», які падаецца як інфармацыйна-асветніцкі. Ён быў створаны БРСМ.
Ксенія Лебедзева расказала навучэнцам пра сваю камандзіроўку на Данбас і пра досвед, які яна атрымала ў гэтай паездцы.
«Адчуць каштоўнасць беларускай стабільнасці можна толькі пасля шуму снарадаў над галавой. Але вучыцца лепш на досведзе іншых. Нам не патрэбны досвед Украіны. І я не хачу такога для сваёй краіны», — прыводзіць яе словы мясцовая раёнка.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_06/11u51lrfuxev5uc31muxzwp0x07gx2mw-e2bet.jpg.webp)
Пытанні, якія задавалі з залы, былі пра знешнепалітычную сітуацыю. Як рапартуе раёнка, цікавіліся ўдзельнікі, «якім чынам і якімі сродкамі вядзецца інфармацыйная вайна, якая роля сродкаў масавай інфармацыі ў сучасных рэаліях, як адрозніць дакладную навіну ад фэйкавай, што можа зрабіць моладзь для захавання міру ва ўсім свеце».
Рыгор Азаронак
У красавіку такі ж самы «Зачётный разговор» праводзіў Рыгор Азаронак ва ўніверсітэце фізкультуры для першага і другога курсаў.
Як паведамляла лукашэнкаўская газета, многія на сустрэчы згадалі фота, «дзе наш салдат унутраных войскаў паказвае на чалавека, які ляжыць, і далей ідуць каментары, што гэта сілавік-гвалтаўнік».
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_06/7pbq0chj7a4s3nkorza54cydmgf0j9fn-udvpi.jpg.webp)
«Як выявілася, ніхто з прысутных студэнтаў не бачыў поўнага відэа, пасля прагляду якога станавілася ясна, што чалавек у форме насамрэч проста дапамагаў адцягнуць п'янага з-пад аўтазака. Чаму фэйкавае фота тыражавалася, а відэа, якое выкрывала яго, няма? Спікеры патлумачылі: часткова таму, што большая частка публікі любіць смажаныя навіны і вядзецца на хайп», — піша «СБ. Беларусь сегодня». У рэчаіснасці медыя публікавалі і відэа таго моманту, а мужчына, што ляжаў на зямлі, Яўген Заічкін не мог апрытомнець пасля збіцця.
Рыгор Азаронак пытаўся ў прысутных: не крыўдна ім, што «помнікі вашым землякам, нашым продкам-героям зносяць?»
«Апаганьваюць памяць пра людзей, якія ачысцілі Еўропу ад фашысцкай чумы? А там не вельмі змагаліся. Францыя, адна з апор дэмакратыі, месяца не пратрымалася», — казаў ён, перакручваючы гісторыю. Нягледзячы на тое, што ўрад Францыі пайшоў на перамовы з немцамі, частка французаў на чале з генералам Шарлем дэ Голем арганізавала рух супраціву.
У адказ — цішыня.
Тады Азаронак пацікавіўся ў прысутных хлопцаў, хто гатовы ісці добраахвотнікам абараняць радзіму, «калі раптам на нас нападуць з боку Польшчы ці Украіны».
У адказ падняў руку адзін хлопец.
«Планаў шмат — працаваць, стварыць сям'ю, — кажа іншы студэнт. — Урэшце жыць хочацца».
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_06/2a69zl1ex7ru24p6c8wm6cak7wxgbxvc-s2w24.jpg.webp)
Андрэй Мукавозчык
Сёлета ў маі Мукавозчык сустрэўся з навучэнцамі Беларускага каледжа прамысловасці і будматэрыялаў.
«Зачётный разговор» не моцна адрозніваўся ад іншых сустрэч вышэй: з тэмамі для «дыскусій» прапагандысты не замарочваюцца.
Мукавозчык расказваў моладзі пра нацыянальную бяспеку, размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі, праблему наркаманіі, сацыяльную падтрымку сем'яў, тое, як адрозніць праўду ад фэйкаў і як інфармацыя сёння змяняе свет.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_06/image2023-06-18100059-5rhhw.jpg.webp)
«Гэтыя ўсе Telegram-каналы кажуць, што Беларусь дрэнная, што там усё разрабавана — бамбасховішча. Гэта ўсё фэйкі, я ў гэтым не сумняваюся. Наогул наша канферэнцыя прайшла паспяхова, мне ўсё спадабалася», — зрабіў выснову пасля сустрэчы навучэнец каледжа Антон Чарапан.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_06/image2023-06-18103836-3jmpz.jpg.webp)
Разам з галоўным рэдактарам лукашэнкаўскай «СБ. Беларусь сегодня» Дзмітрыем Жуком Мукавозчык сустракаўся з «актывам» у Лагойску.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_06/zhukmuka-1-5xj1i.jpg.webp)
Там яны прапанавалі абмеркаваць тыя пытанні, якія хвалююць сёння жыхароў краіны, і падзяліліся сваімі думкамі пра падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі і вакол яе, як піша мясцовая раёнка.
Удзельнікаў размовы цікавіла, «які цяперашні статус такой асобы, як Кастусь Каліноўскі».
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_06/b81c9b_zhuk-muka-3-7gyd5.jpg.webp)
Але тут адказ Андрэя Мукавозчыка раёнка не прыводзіць, толькі Дзмітрыя Жука.
«Я лічу, што не трэба кідацца з боку ў бок, — кажа ён. — Робячы кагосьці спачатку героем, а потым ворагам ці наадварот. Мяркую, правільна проста ўспрымаць яго існаванне як гістарычны факт.
А галоўны ўрок у тым, каб задумацца, што і чым мы хочам замяніць. Мірнае жыццё на рэвалюцыйныя перавароты? Сацыяльныя заваёвы на законы дзікага рынку? Сямейныя каштоўнасці на абязлічаныя стасункі? Гэты пералік можна працягваць. Пытанне ў тым, ці трэба нам усё гэта. Думаю, адказ разважнага чалавека прадказальны».
Ігар Тур
З прапагандыстам ладзілі «дыялогавую пляцоўку» ў Крупскім лясгасе.
Мясцовая раёнка суха паведамляе, што з прысутнымі Ігар Тур абмяркоўваў грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_06/v-801-zawru.jpg.webp)
У гэтым кантэксце гаворка ішла пра «методыку працы экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў, правакаванні карыстальнікаў на лайкі і каментары, вырыванне сэнсаў з кантэксту».
Таксама размаўлялі пра эканоміку. Ігар Тур пераконваў прысутных, каб яны не давяралі аналітыкам, якія выступаюць у незалежных медыя.
«Гэта не таму, што яны дрэнныя аналітыкі, а таму, што ў іх недастаткова вычарпальнай інфармацыі. Для таго, каб зрабіць якасны аналіз, неабходна прапрацаваць увесь масіў інфармацыі, а такой магчымасці ў іх няма. У выніку атрымліваецца не аналітыка, а фантастыка», — кажа ён.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_06/v-800-sju19.jpg.webp)
Хтосьці з залы задаў пытанне пра сучасную моладзь. Вось толькі складана зразумець, на якое канкрэтнае пытанне адказваў Тур, бо мясцовая раёнка яго не прыводзіць.
«Патрыятызм — гэта адэкватнае разуменне і гонар за перавагі сваёй краіны. Пераваг, безумоўна, шмат. Але нельга ствараць ілюзорную карціну, трэба абмяркоўваць праблемы і шукаць шляхі іх вырашэння. Мы цудоўныя, але не беспамылкова ідэальныя», — кажа ён.
Чытайце таксама:
Што беларусы думаюць пра размяшчэнне ў краіне ядзернай зброі?
Каментары
так он же уже есть
точка.бай
че им еще надо ?
раб должен читать только орко новости про очередную сотню поверженных хаймарсов/ патриотов и 10 000 солдат НАТО за предыдущие 26 минут