Новая ўстаноўка расійскай прапаганды: мужчын завабліваюць на фронт, абяцаючы зрабіць «новай элітай». І ўсё падмацоўваецца Дастаеўскім
Тэкст, які прагназуе «сур'ёзныя змены ў сацыяльна-палітычным ландшафце Расіі», быў апублікаваны ў тым раздзеле сайта афіцыйнага расійскага агенцтва РІА «Новості», дзе змяшчаюцца ўстановачныя матэрыялы.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2023_02/rassiansolders-2zwd5.jpg.webp)
На думку расійскага прапагандыста, указ прэзідэнта Расіі аб ільготах сем'ям пацярпелых ці загінуўшых удзельнікаў так званай спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне, можа прывесці да сур'ёзных зменаў у сацыяльна-палітычным ландшафце Расіі.
Указ увёў «спецыяльную квоту прыёму» на навучанне ў ВНУ ў памеры 10% па кожным накірунку ці спецыяльнасці. Без экзаменаў (за выключэннем дадатковых іспытаў творчай і (ці) прафесійнай накіраванасці) будуць прымацца дзеці загінулых, параненых ці атрымаўшых захворванні падчас баявых дзеянняў. Дзеці, чые бацькі (маці ці бацька) ваююць ці адваявалі і засталіся жывымі і здаровымі, будуць ісці па асобным ільготным конкурсе.
Гэтая льгота — адна з шэрагу разнастайных мер падтрымкі ўдзельнікаў баявых дзеянняў і іх сем'яў. Сярод іх значныя грашовыя выплаты, падатковыя ільготы, санаторнае абслугоўванне, выдзяленне зямельных надзелаў. Кожны рэгіён Расіі мае свае пералікі такіх мер.
А цяпер прасочым, як прапагандыст спрабуе з гэтай меры вывесці шматабяцальныя перспектывы для ўдзельнікаў вайны.
З гэтай мэтай ён праводзіць паралелі з Рымскай імперыяй. Тым больш, што на думку Стрэльнікава, пакрокавая інструкцыя для Расіі на найбліжэйшыя гады заключаецца ў даўно вядомым выказванні «Масква — трэці Рым, а чацвёртаму не быць».
Падтрымка грамадзян-воінаў была ўсласцівая Старажытнаму Рыму. Менавіта яны мелі права голасу і маглі прызначаць імператара, атрымлівалі значныя грашовыя выплаты, пенсію і шматлікія ільготы. Сем'і легіянераў таксама карысталіся ільготамі.
Служба ў войску Рыма была самай кароткай дарогай для неграмадзян з далёкіх правінцый да атрымання грамадзянства, статусу і багацця.
Аўтар падкрэслівае, што займаць дзяржаўныя пасады ў Рыме маглі толькі тыя, хто служыў у войску ці прымаў удзел у войнах. Ён жа акцэнтуе ўвагу на тым, што ўхіленне ад выканання воінскага доўгу каралася аж да продажу ў рабства.
Такім чынам, гэтая палітыка ў Старажытным Рыме прывяла да таго, што легіянеры ператварыліся ў багатую і прывілеяваную сацыяльную групу. Яна аказвала сур'ёзнае ўздзеянне на палітыку дзяржавы. А сам Рым ператварыўся ў самую магутную дзяржаву свайго часу, якая абараняла народы і пашырала ўплыў па ўсім свеце.
А гэта так супадае з сфармуляванай прапагандыстам гістарычнай усяленскай і сусветнай місіяй і лёсам Расіі — быць вызваліцелем і абаронцам прыгнечаных і ваеннай сілай падтрымліваць на зямлі мір і справядлівасць.
Свае думкі Стрэльнікаў падмацоўвае цытатамі з Фёдара Дастаеўскага аб тым, што рускі народ хоча росквіту не праз падаўленне асобы і чужых нацыянальнасцей, а імкнецца да яго праз брацкае ўсеяднанне. Прызначэнне рускага чалавека ўсясветнае. Расія жыве не дзеля сябе, а дзеля ідэі. Наш лёс гэта — і лёс свету.
Не забываецца ён і прывесці словы філосафа Мікалая Бярдзяева пра Расію як вызваліцельніцу іншых народаў, адзіны аплот сапраўднага хрысціянства, месіянскую краіну.
У тым жа раздзеле сайта, дзе апублікаваны артыкул пра «новую эліту», 26 лютага мінулага года расійскае дзяржаўнае агенцтва апублікавала артыкул, у якім трыумфальна паведамляла пра «надыход новага свету».
«Новый мир рождается на наших глазах. Военная операция России на Украине открыла новую эпоху — причем сразу в трех измерениях. Россия восстанавливает свое единство — трагедия 1991 года, этой страшной катастрофы нашей истории, ее противоестественный вывих, преодолены. Да, большой ценой, но Украины как анти-России больше не будет. Россия восстанавливает свою историческую полноту, собирая русский мир, русский народ вместе — во всей его совокупности великороссов, белорусов и малороссов», — пафасна гаварылася ў артыкуле.
«Украина вернулась к России. Это не значит, что будет ликвидирована ее государственность, но она будет переустроена, переучреждена и возвращена в свое естественное состояние части русского мира. В любом случае — завершается период раскола русского народа», — сцвярджалася ў артыкуле, які быў падрыхтаваны, імаверна, з разлікам, што Украіна капітулюе.
Праз два дні пасля таго гэты артыкул быў выдалены, бо стала ясна, што план Пуціна і Лукашэнкі праваліўся. Але яго копія засталася ў вэб-архіве, можаце атрымаць асалоду.
Каментары