Меркаванні2828

Пяць фактаў пра Віктара Шэймана

Быццам бы мала памянялася: быў Віктар Шэйман памочнікам прэзідэнта па асаблівых даручэннях у структуры дзяржсакратырыята Рады Бяспекі, а стаў памочнікам прэзідэнта па асаблівых даручэннях проста. Аднак гэта таксама змена ў рангу: Шэйман стаў бліжэйшым да «цела».

1. Шлейф

Віктар Шэйман першы раз стаў памочнікам Аляксандра Лукашэнкі-прэзідэнта ў 1994 годзе, адразу пасля ягонага абрання. Пасля таго ён бываў і ў крэсле кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, і сакратара Рады Бяспекі, і генеральнага пракурора.

Памочнікам прэзідэнта па асаблівых даручэннях у структуры дзяржсакратырыята Рады Бяспекі Шэйман стаў у 2009 годзе. І з гэтай пасады курыраваў далікатныя праекты ў Венесуэле (пры гэтым сеў у турму Шаўцоў з Трастбанка і «Белзамежбуда»), але не толькі ў Венесуэле.

Пра вагу Шэймана як памочніка сведчыць той факт, што ў 2010 годзе ён выехаў з Масквы ў Менск на хуткасці 140 км/г джыпам Toyota Land Cruiser са спецсуправаджэннем міліцэйскага картэжу.

У 2010 годзе Шэйман прысутнічаў на нарадах у Аляксандра Лукашэнкі па пытаннях правядзення «прэзідэнцкіх выбараў», пасля якіх здарыліся арышты й пагром апазіцыі.

Шэймана баяцца. Злавесны шлейф цягнецца з 1999 года, калі ў бытнасць Шэймана дзяржсакратаром Рады Бяспекі (1995–2000) зніклі без слядоў генерал Захаранка, а таксама Ганчар і Красоўскі. Расследаванне гэтых гучных злачынстваў ішло ў часе генпракурорства Шэймана. На гэтую пасаду яго прызначылі ў 2000-м. Вінаватыя ў тых злачынствах дагэтуль не пакараны.

2. Зорка Карабоба

На парадным кіцелі Шэймана ордэнаў і медалёў як у Брэжнева.

У Леаніда Брэжнева было 16 савецкіх ардэноў і 22 медалі, а таксама 52 замежныя ўзнагароды. На кіцелі Шэймана можна налічыць больш за 40 медалёў і знакаў, праўда, меншага ўзроўню, чым у Брэжнева.

Апошнім, у 2012 годзе, Шэйман атрымаў венесуэльскі ордэн «Зорка Карабоба».

3. Кампрамат

Кампрамат на Віктара Шэймана публікаваў у сваім блогу палітэмігрант Алег Алкаеў.

У Алкаева быў змешчаны рапарт былога міністра ўнутраных справаў Уладзіміра Навумава да Аляксандра Лукашэнкі. У ім Навумаў паведамляе пра грамадзянскую жонку Шэймана Саўчанку, якая нібыта купіла сабе дыплом аб вышэйшай адукацыі, а таксама набыла некалькі кватэр і катэджаў у Мінску і Мінскім раёне.

Прыводзіцца расшыфроўка тэлефонных размоваў, якія, калі верыць публікацыі, вялі Шэйман з дырэктарам рынку «Ждановічы» Яўгенам Шыгалавым. Гэта было ў час, калі супраць Шыгалава распачалі крымінальную справу.

Тыя звесткі Алкаеў мог атрымаць аб беглага капітана Дудкіна, колішняга памочніка міністра Навумава.

Ці дакладныя гэтыя звесткі, няма пэўнасці. У еўрапейскай традыцыі публічнае абвінавачванне вымагае публічнага адказу. У выпадку Шэймана такога адказу не было.

Дарэчы, у свой час, а менавіта ў 1999 годзе суд задаволіў зыск Дзяржаўнага сакратара Рады Бяспекі Віктара Шэймана да газеты «Навіны» й журналіста (былога контрразведчыка) Сяргея Аніські памерам 15 млрд рублёў. Гаворка была пра багаты дом, які, напісала газета, нібыта належыць бацькам Шэймана, а на справе — не. У выніку непамернага штрафу «Навіны» перасталі выходзіць.

4. Шлях ва ўладу

Дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі Шэйман быў абраны ў 1990 годзе ў Брэсце, дзе служыў. Ён перамог у акрузе, да якой належала шмат вайсковых частак, на выбарах, што былі часткова свабоднымі. Ён перамог тэатральнага рэжысёра Рыгора Бакіевіча, кіраўніка рэгіянальнай структуры Народнага Фронту. Палітычная кар’ера Бакіевіча паспяховага працягу не мела.

А нарадзіўся Віктар Шэйман ў вёсцы Салтанішкі Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Гэта самы-самы паўночны захад краіны, гістарычная Віленшчына. Воранаўскі раён — раён з найбольшым у краіне працэнтам этнічных палякаў. Гэта таксама зона (Шчучын, Воранава, Іўе, Ліда, Смаргонь), якая ў 1994 годзе галасавала за Пазняка, а не за Лукашэнку.

Назва вёскі паказвае, што засноўвалі яе татары, але суфікс «-ішк-" балцкі.

А вось прозвішча Шэйман ніякае не габрэйскае. Яно даволі частае ў тых краях. Быў такі мовазнавец Чэкман, ёсць гандбаліст Ацьман, гісторык Радаман, філосаф Дзермант. На Навагрудчыне ёсць вядомы татарскі род Бляхманаў.

5. Голас

Менавіта голас Віктара Шэймана пазітыўна вырашыў пытанне аб зацвярджэнні бел-чырвона-белага сцяга і «Пагоні» ў 1991 годзе.

«Каб унесці адпаведныя змены ў канстытуцыю трэ было дзве траціны, 230 галасоў, — расказаў «Нашай Ніве» дэпутат Лявон Баршчэўскі. — Вяртанне да нацыянальных сімвалаў горача падтрымалі некалькі постацяў, якія не належалі да Народнага Фронту. Сярод іх народны паэт Ніл Гілевіч, а таксама прэзідэнт Акадэміі навук матэматык Уладзімер Платонаў і былы сябар Бюро ЦК КПБ Георгій Таразевіч. І ўсё ж пры першых галасаваннях аднаго-двух галасоў бракавала. Было то 228, то 229 галасоў (з 347). І толькі калі Станіслаў Шушкевіч паставіў на галасаванне яшчэ раз, неабходная колькасьць галасоў была сабраная.

Група артадаксальных камуністаў, якая супраціўлялася ўвядзенню нацыянальных сімвалаў, назаўтра паспрабавала аспрэчыць рашэнне.

Было заяўлена, што дэпутат Віктар Шэйман на месцы адсутнічаў, а ў раздрукаваных выніках насупраць яго прозвішча стаяла «за». Тады сп. Шэйман устаў і заявіў, што сапраўды ён галасаваў «за». Такім чынам адпаведны закон уступіў у сілу».

Вядома, што Шэйман любіць беларускую мову, хоць ніколі пры Лукашэнку не дазволіў сабе выступіць на ёй публічна.

Шэйман уваходзіў у нацыянальнае Згуртаванне беларускіх вайскоўцаў, якое ўзначальваў Статкевіч. Аднак у 1994 годзе ён стаў рухавіком кампаніі Аляксандра Лукашэнкі і верна яму служыў усе гады ягонага прэзідэнцтва.

Аляксандр Фядута ў свой час напісаў, што Шэйман мяняе пасады, але не мяняе ўплыву. На якую б пасаду ён ні прыйшоў, яна становіцца ўплывовай. Бо ягоны кантакт з Лукашэнкам на любой пасадзе застаецца вельмі цесным. Самы верны паплечнік.

Каментары28

Палітвязня, які заплаціў уладам 31 біткоін кампенсацыі і зняўся ў фільме БТ, асудзілі яшчэ на 9 гадоў10

Палітвязня, які заплаціў уладам 31 біткоін кампенсацыі і зняўся ў фільме БТ, асудзілі яшчэ на 9 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

«Лукашэнка нічога не атрымаў за гэты абмен». Па палітвязняў у Мінск прыязджаў супрацоўнік Дзярждэпа Крыс Сміт22

Вызвалены ў Беларусі амерыканец — не адвакат Юрась Зянковіч5

Расія не можа з-за санкцый прадаць мільёны барэляў нафты і рыхтуецца скарачаць здабычу12

Трамп і Зяленскі расказалі, пра што сёння размаўлялі паміж сабой па тэлефоне3

Сабачка Жужа больш не жыве на запраўцы — яе забралі ў дом7

Дарадца Ціханоўскай расказаў, як ён разам з Вячоркам сустракаў вызваленую Алену Маўшук11

У абмен на Марка Фогеля амерыканцы перададуць Расіі Аляксандра Вінніка

«Пракурор сказаў, што мне трэба пакінуць Беларусь». Былая палітзняволеная Алена Маўшук расказала пра ўмовы свайго вызвалення6

Пры спрыянні ЗША вызвалілі шматдзетную Алену Маўшук — санітарку бальніцы, якая на пратэстах у Пінску ўдарыла калом па сілавіках6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Палітвязня, які заплаціў уладам 31 біткоін кампенсацыі і зняўся ў фільме БТ, асудзілі яшчэ на 9 гадоў10

Палітвязня, які заплаціў уладам 31 біткоін кампенсацыі і зняўся ў фільме БТ, асудзілі яшчэ на 9 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць