У тэатры працягваецца вымушаная замена спектакляў: у афішы на гэты месяц амаль палова раней запланаваных пастановак замененая на іншыя.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2024_10/karnej-22-d7ui7.jpg.webp)
Па інфармацыі крыніцы «Нашай Нівы», трох акцёраў з асноўнага складу РТБД асудзілі на суткі па артыкуле 19.1 КаАП (дробнае хуліганства) — іх затрымлівалі амаль адначасова ў розных месцах.
Таксама, па інфармацыі нашага суразмоўцы, затрымалі адну з былых кіраўніц тэатра. Яшчэ адну актрысу затрымлівалі, але адпусцілі да дзіцяці.
Сёння стала вядома пра чарговыя ракіроўкі ў раскладзе: запланаваны на 29 кастрычніка спектакль «Пачупкі» замяняюць на «Хатыня». А замест спектакля «Калека з вострава Інішман» 30 кастрычніка пакажуць «Вось я і прыйшла!».
Абазнаныя людзі выказваюць здагадку, што рэпрэсіі ў тэатры могуць быць звязаныя з новай дырэктаркай: месца звольненай летам Святланы Карукінай сёння займае Святлана Навуменка.
«Наколькі ведаю, не асабліва новая дырэктарка хоча пакінуць старыя спектаклі», — падзяліўся адзін з суразмоўцаў.
Пры гэтым сярод адмененых спектакляў — адны з самых касавых і папулярных, на некаторыя з іх квіткі лавіліся месяцамі. Таму некаторыя гледачы былі незадаволеныя зменамі ў афішы і ў выніку ці здавалі, ці перапрадавалі свае квіткі на доўгачаканыя імпрэзы.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_10/screenshot2024-10-23at171427-s024q.png.webp)
Пасля 2020 года РТБД страціў частку вядомых акцёраў — так, Андрэй Новік і Мікалай Стонька звольніліся ў знак пратэсту. Ілля Ясінскі быў вымушаны з'ехаць з краіны пасля таго, як яго затрымалі на адным з маршаў і зламалі пазванкі. Таксама ў канцы 2021 года з тэатра быў звольнены мастацкі кіраўнік Аляксандр Гарцуеў, які ўзначальваў РТБД з 2012 года.
Каментары